Бугурт да апошняга!

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Дзівосная машына часу перанесла Мсціслаў, яго жыхароў і гасцей у эпоху Сярэднявечча. Паветра поўнілі звон рыцарскай зброі і даспехаў, грукат конскіх капытоў, гукі дуды і барабанны бой, а рыцары і паненкі ў старадаўніх строях літаральна запаланілі горад… Такія пераўтварэнні адбываюцца тут штогод, ужо пяты раз запар, і завуцца яны святам сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.

Сёлета мерапрыемства стала абласным і праходзіла 28 — 29 ліпеня. Дарэчы, вітала гасцей не толькі з Беларусі, а і з Расіі, Украіны, Эстоніі. Сярод іх былі ўдзельнікі 44 клубаў, якія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй Сярэднявечча. Адкрыццю свята папярэднічала навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная гісторыі Мсціслава, які заснаваны амаль 9 стагоддзяў таму, а таксама памяці навукоўца Міхася Ткачова — ураджэнца Мсціслава — гісторыка, археолага, пісьменніка.

/i/content/pi/cult/389/7760/14-5.jpeg

Адкрыццё фестывалю праходзіла на цэнтральнай плошчы горада. Прысутных віталі вялікі князь Расціслаў Мсціслаўскі, княгіня Анастасія Слуцкая, славянскі першадрукар Пётр Мсціславец. Яны ўручылі прадстаўнікам рыцарскіх клубаў ахоўныя граматы, якія дазвалялі на час свята знаходзіцца на тэрыторыі горада. Прайшло традыцыйнае шэсце і прадстаўленне рыцарскіх клубаў, парад вершнікаў конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”.

У Мсціславе ладзіліся выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, баявой тэхнікі і ўзбраення, кніжнай прадукцыі, праходзілі выступленні калектываў самадзейнасці, экскурсіі па гістарычных месцах, працавалі тэматычныя падворкі і “Горад майстроў”, адбывалася дэгустацыя мясцовай прадукцыі і традыцыйных страў, ладзіліся праграмы для дзяцей…

На Замкавай гары традыцыйна размясціўся рыцарскі лагер. Захапляльным відовішчам сталі рыцарскія двубоі: прадстаўнікі клубаў змагаліся пешшу на мячах, вершнікі біліся на мячах і коп’ях, спаборнічалі лучнікі. “Вострасюжэтнымі” для гледачоў і досыць небяспечнымі для саміх рыцараў былі групавыя баі — бугурты: штурм моста і цытадэлі, захоп караля, а таксама бугурт да апошняга рыцара, які стаіць на нагах.

/i/content/pi/cult/389/7760/14-4.jpeg

Нават 30-градусная спякота не стала перашкодай для высакародных рыцараў — яны трымаліся шляхетна і годна, абараняючы гонар сваіх клубаў. Не адставалі ад іх і прыгожыя паненкі, якія ва ўсім спрыялі сваім абаронцам і натхнялі пад час бітвы.

А які ж фэст без музыкі і танцаў? Выступалі фальклорныя калектывы, якія гралі на старажытных інструментах сярэднявечную музыку, выконвалі сярэднявечныя танцы і праводзілі па іх майстар-класы. Сёлета ў Мсціслаў са сваімі творчымі праграмамі завіталі “Шальмоўскі Тэатр ДыГрыза”, фолк-гурты “Стары Ольса”, “Тутэйшыя” і “Хорціца”, танцавальныя калектывы “Яварына”, “Фламея”, група “Маоры”, якая паказала шыкоўнае фаер-шоу. Таксама былі госці “заморскія” — калектывы “Антрэ”, “Drums of the World”, удзельнікі маладзёжнага цэнтра “Вулей” з эстонскага горада Сіламяэ.

Лепшым ваяром-мечнікам стаў Таўцівіл з мінскага клуба “Белы тур”, а лепшым рыцарам-коннікам — пан Павал са сталіцы. Пераможцам турніру лучнікаў стаў кіраўнік мінскага стралковага клуба лучнікаў “Bow’s Сlub” Аляксандр Кражаў. Дарэчы, удзельнікі гэтага клуба заваявалі ўсе прызавыя месцы ў спаборніцтве лучнікаў. Спецыяльным дыпломам за прапаганду духоўнасці было ўзнагароджана ваенна-спартыўнае аб’яднанне “Варта” Дарагобужскага раёна Смаленскай вобласці. Завяршыўся фэст канцэртам калектыву сярэднявечных танцаў “Яварына” і масавай баталіяй — штурмам цытадэлі.

Рыцарскі фэст у Мсціславе стаў сапраўды народным, і ён абавязкова павінен і будзе мець працяг. Так лічаць кіраўніцтва горада, арганізатары фестывалю. Калі першы раз свята сабрала 1,5 — 2 тысячы ўдзельнікаў, то цяпер гэтая лічба відавочна вырасла. У планах на наступны год — прысвяціць фэст 130-годдзю Максіма Гарэцкага, славутага сына Мсціслаўшчыны.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

На здымках: у час турніраў.