Не зусім батлейка

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі адкрылася выстаўка партатыўных лялечных тэатраў “Міракль аб Уршулі”

З больш чым сямідзесяці віфлеемак, створаных тэатрам-студыяй “Мірская батлейка”, у Мінск было прывезена толькі пяць, але якіх! Лялечны тэатр “Крэдэнс” распавядае гледачам пра гісторыю з жыцця Ганны Катажыны Радзівіл. Батлейка “Нясвіжская ратуша” — пра тое, што адчуваў вялікі італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні, калі прыехаў, здавалася, у зусім невялічкі па еўрапейскіх мерках Нясвіж. Цэнтральны экспанат выстаўкі — лялечны тэатр “Радзівілаўскі” — нібы пераносіць гледачоў у той час, калі Францішка Уршуля Радзівіл падарыла мужу на дзень нараджэння спектакль “Дасціпнае каханне”… Таксама наведвальнікі музея могуць пабачыць лялькі знакамітых асоб беларускага Сярэднявечча, цыкл карцін “Мірскія міражы”, сярод якіх выява братоў Сілкоў (беларускіх батлеечнікаў 1930-х гадоў), і многае іншае…

/i/content/pi/cult/389/7759/14-3.jpeg

— Гэта не першая выстаўка, якую мы зладзілі, — зазначыла “К” мастак-рэстаўратар Ганна Выгонная. — Яшчэ ўзімку ў Нясвіжы ставілася “Зорка Віфлеема”, а раней мы ездзілі са сваімі батлейкамі ў Літву. Але тое, што мы робім, — гэта не зусім батлейка. Ад яе мы ўзялі ідэю сінтэзу розных відаў мастацтва. Мы пераасэнсоўваем гістарычныя падзеі, якія з’яўляюцца асноўнай тэмай нашых п’ес. У некаторых нашых спектаклях нароўні з лялькамі іграюць акцёры — у звычайных батлейках такога не было.

Дарэчы, адна з батлеек “Міракля аб Уршулі” была створана для самой Ганны Альбертаўны яе сябрамі.

Дзіяна ФІЛІМОНАВА