Форвард Селяшчук

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Геніяльнае чуццё знакамітага мастака: пра сябра ўспамінае Уладзімір Савіч

/i/content/pi/cult/389/7757/13-1.jpeg4 жніўня, 65 гадоў таму, у вёсцы Вялікарыта Маларыцкага раёна Брэстчыны нарадзіўся славуты мастак Мікола Селяшчук. Гартаючы альбом творцы, выдадзены ў 2008-м нашай рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва”, старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір САВІЧ не толькі  падзяліўся з “К” успамінамі пра знакамітага майстра, свайго добрага сябра, але распавёў і пра  гісторыю стварэння шэрагу карцін Селешчука.

Феномен Селешчука

— У чым, на мой погляд, феномен Селешчука? У тым, што ён вельмі любіў мастацтва ва ўсіх праявах. У ягоных творах іншым разам была такая творчая фантазія, якая яго яскрава характарызавала. Ён яе ўскладняў, рабіў з яе нейкую гіпербалу — і ў тым Мікола адрозніваўся ад іншых мастакоў. А яшчэ Селяшчук заўсёды выяўляў у карцінах сваю душу, ніколі не хлусіў у творах. У яго было геніяльнае чуццё на культуру, на пластыку, колер таго ці іншага твора. Гэта было яму дадзена Богам. І, у дадатак, Мікола вылучаўся неверагоднай працаздольнасцю. Калі Селяшчук пісаў карціну, то даводзіў яе да канца, не распачынаючы ніякіх іншых твораў. Не ўсе так могуць рабіць, у тым ліку — і я. А Мікола мог. Ён і мяне прывучыў да працаздольнасці. Мог прыйсці ў майстэрню гадзін у дзесяць раніцы і да восьмай,, а то і да дзясятай вечара без перапынку працаваць.

Вучоба і творчасць

— Мы з Міколам любілі вывучаць творчасць іншых мастакоў. Прагуляць у інстытуце не маглі, таму з’язджалі на выхадныя на цягніку ў Вільнюс, Рыгу і Талін, каб паглядзець новыя выстаўкі і альбомы мастакоў. Ноч у цягніку — і ты ўжо, напрыклад, у Вільнюсе. Паходзіш цэлы дзень па выстаўках, а пасля — назад. І нам гэта вельмі падабалася. Для нас тая паездка — бы глыток свежага паветра. Ніколі не забуду, як першы раз Мікола павёз мяне ў Вільнюс, вадзіў па крамах. Тады, у тую паездку, мы набылі альбом літоўскага мастака Францішака Будрыса.

Госці і праца

— Мікола любіў добра апранацца, любіў прыгожых жанчын, найлепшыя аўтамабілі, у яго заўсёды было шмат гасцей. На ягоным твары зазвычай панавала ўсмешка, усе да яго цягнуліся, ды і сам ён любіў людзей. Людзі ішлі да яго, каб наталіцца яго творчай энергетыкай. А ён, у сваю чаргу, быў вельмі кампанейскі чалавек. Але ўсё адно, на першым месцы ў Селешчука стаяла праца, Мастацтва. Ён шчыра жыў, “балдзеў” ад жыцця — і гэтак жа “кайфаваў” на сваіх палотнах.

/i/content/pi/cult/389/7757/13-2.jpeg

Толькі форвард

— Любіў Селяшчук гуляць у футбол. Прычым, гуляў добра, быў, як цяпер сказалі б, заўзяты гулец. І не любіў прайграваць. Заўсёды быў на пярэднім краі, з’яўляўся форвардам, "бадаўся" і змагаўся за мяч, як той бык. А яшчэ Мікола любіў глядзець на гульню іншых: неаднойчы мы былі з ім на матчах мінскага “Дынама”. Гулялі ж у футбол у Ратамцы. У яго і карціна ёсць пад назвай “Пасёлак Ратамка”.

Без твару

— А вось карціна “Метро”, 1977 год. Добрая праца, але вось бачыце: на пярэднім плане чалавек без твару. І да яго з-за гэтага прычапіліся: чаму ты так намаляваў? Усе людзі на карціне з тварамі, а гэтая жаночая постаць — не. А я тут якраз быў побач і патлумачыў, як разумею: ёсць людзі характарныя, а ёсць — бесхарактарныя, безаблічныя. І Мікола пагадзіўся з маёй ацэнкай.

Навошта сава?

/i/content/pi/cult/389/7757/13-3.jpeg

— Увогуле, як цяпер успомніць, дык да яго вельмі чапляліся за творы, “білі” за тое, што ён рабіў. Вось, напрыклад, карціна “Уцёкі”. Пейзаж рэальны, як быццам. А на першым плане — нейкія незразумелыя істоты. Чаму? Ці вось — “Хроніка аднаго вечара”. Вельмі яго цкавалі за позу жанчыны на гэтым палатне, а яшчэ — за саву з чалавечымі нагамі. Усе здзіўляліся: чаму сава? Навошта яна тут? Карціна “Лета”. Як яго тады туркалі за тое, што ён намаляваў жанчыну з фіялетавымі вуснамі! Гэта ўспрымалася ў 1970 — 1980-я гады як правакацыя. Цяпер, можа, на гэта не звярнулі б асаблівай увагі, але раней падобныя рэчы стваралі рэзананс. А Міколу тое і патрэбна было. Ён захапляўся і калі яго хвалілі, і калі ганілі. Казаў: “Мне, Валодзя, усё адно, добра ці блага, абы пра мяне гаварылі!” І ён дабіўся: гаварылі пра ягоныя карціны пастаянна!

Жончын партрэт

— Вось, напрыклад, карціна “Канец сезона туманаў”. Гэта партрэт ягонай жонкі Тамары. Памятаю, мы былі ў паездцы па Венгрыі, і ён купіў жонцы прыгожую сукенку, якая вельмі падобная на тую, што намалявана на карціне. Гэтая сукенка сама — нібы твор. Таму і постаць, і гэтая сукенка ствараюць уражанне на гледача.

/i/content/pi/cult/389/7757/13-4.jpeg

Пагранічнікі і мальберты

— Памятаю, аднойчы былі з Міколам у Таліне. Два тыдні ўсюды хадзілі, малявалі. І вось аднойчы завіталі ў талінскі порт. Ніхто нас не прыпыніў, і мы пачалі маляваць краны, чаек, караблі… Працавалі доўга, а ўжо ўвечары з мальбертамі рушылі назад. І толькі мы прайшлі праз прапускны пункт, як каля нас спыніліся два газікі, адтуль павыскаквалі пагранічнікі з аўтаматамі і ўзялі нас у кола. Аказалася, што мы зайшлі на ахоўную тэрыторыю порта, дзе нельга знаходзіцца цывільным. Хоць і патлумачылі, хто мы і адкуль, нас усё адно не адпускалі. Выратавала нас ад турмы тое, што камандзір вайскоўцаў, капітан, аказаўся родам з Беларусі і, нарэшце, сваім загадам нас вызваліў. Нават малюнкаў не забраў. Потым Мікола зрабіў цэлую серыю работ — гравюр, літаграфій — на тэму талінскага порта.

Сабакі на ланцугу

— Памятаю і яшчэ адзін выпадак. Пад час трэцяга курса мы праходзілі практыку на авіярамонтным заводзе, што знаходзіўся каля аэрапорта "Мінск-1". Нам было вельмі цікава там працаваць: самалёты стаялі разабраныя ці напаўсабраныя, усюды віліся нейкія драты, шмат цікавых канструкцый... Фактуры, карацей кажучы, хапала. Але ж распавяду не аб працы над карцінамі, а пра адзін смешны выпадак. Мы з Селешчуком аднойчы пайшлі не праз прахадную авіярамонтнага завода, а праз дзірку ў плоце: думалі, скароцім гэткім чынам шлях да цэха. Але тут жа на нас напалі сабакі. Яны, праўда, былі на ланцугу, але мы нікуды не маглі ад іх збегчы. Так яны нас пратрымалі ў аблозе гадзіны тры — чатыры, пакуль да нас не падышлі ахоўнікі і не вызвалілі.

Франты ў Віцебску

— На першым курсе ездзілі на практыку ў Камень, што на Віцебшчыне. А ў мяне ў Віцебску жыў родны брат. Дык ён кажа: хлопцы, прыязджайце да мяне ў госці. Мы сабраліся на выходныя і паехалі. Першы дзень ён нас павадзіў усюды, паказаў нам горад, а на другі, калі толькі выйшлі на двор, кажа: вы ідзіце па тым баку вуліцы, а я пайду па гэтым. “Чаму?" — здзівіліся мы. “А ў вас, — кажа брат, — такі выгляд, што мне цяпер ніхто не дае праходу і ўсе пытаюць: хто гэта да цябе прыехаў?” А трэба сказаць, што Селяшчук быў франт, любіў апрануць нешта незвычайнае і нестандартнае, ды яшчэ меў і бараду. Багема! Ды і я ад яго не адставаў: у мяне на той час былі доўгія валасы, і таму на вуліцах глядзелі на нас са здзіўленнем!

Боязь вады

— Мікола, як я ведаў, баяўся вады. Некалькі разоў ён у дзяцінстве тапіўся. Таму плаваць не надта любіў: праплыве крыху і вяртаецца адразу ж. Ды і на яго творах тэма вады пастаянна прысутнічае: то чорт падпіхвае анёлаў у ваду, то людзі стаяць у вадзе, то царква "ўваходзіць" у возера... Цяпер, ведаючы, як ён трагічна загінуў, глядзіш на гэтыя карціны іначай.

Вяртанне на Радзіму

— Вось карціна “Вяртанне на Радзіму” — з апошніх яго твораў. Тут не толькі беларускі, але і замежны краявід. Птушка, якая прынесла вестку з чужой зямлі. Гэта і сімвалічна, і таямніча. Селяшчук як быццам прадбачыў сваю смерць. Цяжка пра гэта гаварыць...

/i/content/pi/cult/389/7757/13-5.jpeg

Фота Уладзіміра Савіча — Юрыя ІВАНОВА

Рэпрадукцыі карцін і фота Міколы Селешчука з кнігі "Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў".

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"