Пленэр з маштабам

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Століншчына: свята ганчароў

На тыдзень культурнай сталіцай Століншчыны стала вёска Гарадная. Трэці раз яна сабрала майстроў ганчарства з дзевяці краін свету: Беларусі, Расіі, Малдовы. Украіны, Грузіі, Арменіі, Літвы, Польшчы і Швецыі.

Удзельнікі ІІІ Міжнароднага пленэру не толькі стваралі калекцыі керамічных вырабаў, якія застануцца ў экспазіцыі мясцовага Цэнтра ганчарства, але і дзяліліся вопытам захавання гэтага рамяства ў сваіх краінах, правялі майстар-класы.

Больш за 50 майстроў народнай творчасці вобласці прадставілі свае работы на Гараднянскім кірмашы рамёстваў. Тут прэзентаваліся жывапіс, батык, арыгамі, разьба па дрэве, саломка- і бісерапляценне, аплікацыі, шыццё і вышыўка крыжыкам, бондарства, шматлікая кераміка — ад традыцыйных гараднянскіх гаршкоў і місак да мініяцюрных сувенірных вырабаў розных школ і напрамкаў. Сярод майстроў Століншчыны — мастакі Аляксандр Харашун і Валянціна Ціхан з Давыд-Гарадка, бондар Антон Даневіч з Адвержыч, Марына Каспяровіч з Відзібора, Святлана Гунько, Святлана Цітко і Васіль Пархомаў з Фядор… Свае турыстычныя паслугі і маршруты рэкламаваў Столінскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб.

/i/content/pi/cult/389/7755/12-4.jpeg

Гасцей кірмашу віталі першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення культуры Тамара Паўлюковіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Дзямко. З іх рук усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы ўпраўлення культуры і каштоўныя падарункі ад раённага аддзела культуры. Ушанавалі і патомных ганчароў вёскі. Са словам у адказ выступілі Джамал Балаташвілі з Грузіі, Моніка Ёхансан і Элізабет Халгрэн са Швецыі, Васіль Казачок з самой Гарадной і Мікалай Падрэзаў з Расіі.

У канцэрце выступілі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”, узорнае аб’яднанне аматараў фальклору “Згадка” Мачульскага сельскага дома фальклору, узорны аматарскі ансамбль народнага танца “Ніва” і вакальны ансамбль Рамельскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Прэм’ерны паказ дакументальнага фільма “Брацкая свечка” і сустрэча з яго здымачнай групай сталі яшчэ адным з мерапрыемстваў пленэру ганчароў. Прэзентацыя адбылася ў Доме культуры вёскі Гарадная.

…У вёсцы Лука, дзе жыве галоўная дзейная асоба фільма Мікалай Пешка, захаваўся звычай вырабу агульнай свечкі-ахвяры на Шчадрэц. Калісьці гэты звычай быў шырока распаўсюджаны ў мясцінах, дзе людзі займаліся пчалярствам. Сёння толькі ў адным населеным пункце Беларусі пабачыш, як мужчыны талакой робяць з воску брацкую свечку. Мясцовыя кажуць, што гэта Богу “дар ад людзей”, “людская ахвяра”.

Фільм зняты студыяй імя святога Іаана Воіна Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску. Рэжысёр — Ірына Волах, аўтар дакументальных стужак этнаграфічнай тэматыкі. Аператар — Аляксандра Мяснікова. А сцэнарый да “Брацкай свечкі” пісала мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская.

На наступны дзень у Гараднянскім СДК прайшоў “круглы стол”, дзе, акрамя "пленэрыстаў", бралі ўдзел старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, яго намеснік Сяргей Сідарэвіч, кіраўнікі сфер культуры ды ідэалогіі Васіль Заруба і Анжэла Кісель, старшыня Гараднянскага сельвыканкама Мікалай Лічэўскі, старшыня СВК “Глінкаўскі” Ігар Бут-Гусаім, дырэктар Цэнтра ганчарства Алімпіяда Леанавец, загадчык аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ Ларыса Быцко.

Галіна ГАШЧУК

Столін

Фота аўтара