“Аўцюкі” вярнуліся ў Аўцюкі

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Калінкавіччына: як рассмяшыць фестываль?

Першае, што мусіць зрабіць госць Аўцюкоў, калі ён хоча спадабацца тутэйшым, — навучыцца па-мясцоваму вітацца-здароўкацца. Гэта значыць, трэба прыняць нейкае падабенства “шпагату” і, гледзячы проста ў вочы, схіліцца ў паклоне, схапіўшы чужую далонь дзвюма рукамі максімальна дружалюбна. Маўляў, шаноўнаму спадару наш паклон і “ўважуха”! З першага разу ў вас можа не атрымацца — так што патрэніруйцеся перад люстэркам. Трэба, аднак, ведаць, што калі той, з кім вы гэтак вітаецеся, па недасведчанасці альбо па ляноце не паўторыць ваш піруэт, вы будзеце выглядаць… дзіваком. Скажам так.

/i/content/pi/cult/389/7754/12-1.jpeg

Сёлетні фестываль народнага гумару ў Аўцюках — сёмы. Чатыры гады прайшло паміж апошнім фестывалем і сёлетнім. Штогод на Беларусі ладзіцца некалькі дзясяткаў фестываляў, так што адсутнасць аднаго з іх ды яшчэ на працягу такога доўгага часу маглі б, здаецца, і не заўважыць. Больш за тое, пакінутую нішу мог хтосьці і заняць. Аднак, не! Ахвочых запоўніць “смяшлівую” лакуну не знайшлося, з чаго напрошваецца выснова: весяліцца самому і смяшыць іншых — цяжкая праца. А каб было бачна, што чатыры гады адсутнасці не былі змарнаваным часам, у Малых Аўцюках 27 ліпеня ўрачыста адкрылі сядзібу-музей народнага гумару. Афіцыйная назва гэтай “установы” — “Сядзіба Каласка і Калінкі”.

Імпрэза сабрала мясцовых жыхароў і шматлікіх гасцей. Прывітальнае слова з нагоды фестывалю і адкрыцця музея сказаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Найперш ён нагадаў пра тое, што яму, як і іншым нетутэйшым, давялося спазнаць, што такое “аўцюкоўская мытня”. (Дарэчы, давялося прайсці праз “мытню” і сталічным членам журы. Заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Радзівілаў пасля працэдуры сказаў: “Я даўно не зарабляў на хлеб такім чынам”.) Далей міністр сказаў, што аўцюкоўскі музей — гэта не Нясвіж ці Мір, але ён прысвечаны з’яве нават больш старадаўняй, чым наша Сярэднявечча. Бо гумар нарадзіўся разам з чалавекам, і ягоная гісторыя на нашай зямлі сягае ў далёкія тысячагоддзі. “Нацыя здаровая, калі яна ўмее смяяцца. Наяўнасць пачуцця гумару — гэта сведчанне маральнага здароўя народа. Я ўпэўнены, што такі фестываль нам патрэбны”, — зазначыў Павел Латушка.

На адкрыцці сядзібы-музея кіраўнікі Малых і Вялікіх Аўцюкоў, апранутыя адпаведна адзін у чорны, другі — у белы фрак, пілавалі бензапіламі “чырвоную стужку” (бервяно ладнага дыяметра). Прысутным дэманстравалі адбіткі “зорных ног”, якія хадзілі па аўцюкоўскай зямлі і ў перспектыве аздобяць ганаровую алею пры “Сядзібе Каласка і Калінкі”.

/i/content/pi/cult/389/7754/12-2.jpeg /i/content/pi/cult/389/7754/12-3.jpeg

У мяне ад музея засталося дваістае ўражанне. Можа, мне бракуе пачуцця гумару. Але мяне не ўражваюць прычасаныя рэаліі колішняй беларускай калгаснай вёскі, хай сабе і прадстаўленыя ў сцёбнай аздобе. Калі гэта музей народнага гумару, дык наведвальнікаў, мне падаецца, там мусяць сустракаць Васіль Іванавіч з Пецькам, Шцірліц з Мюлерам, Ленін з Дзяржынскім — інакш кажучы, сталыя персанажы народнай творчасці, прынамсі — ХХ стагоддзя. У іх атачэнні і штучныя Каласок і Калінка будуць успрымацца больш натуральна. Гэта адзін з магчымых варыянтаў рэжысуры музея, могуць быць і іншыя. Я толькі пра тое, што нашы дзеці Мікі Маўса ведаюць лепей, чым Несцерку, ды і дарослыя жывуць у новай рэчаіснасці. Ігнараваць дадзеную акалічнасць неразумна. Ды і ў Аўцюках, дзе бадай усе ездзяць на іншамарках, жарты калгаснай эпохі гучаць непераканаўча.

Добрая аўцюкоўская традыцыя — свята падворкаў. На плоце вывешваюцца ўзоры ткацтва і іншыя творы народнага мастацтва, якімі багатая хата, побач стол з узорамі мясцовай кухні і напояў. Адмысловая камісія ў атачэнні вялікай грамады абыходзіць падворкі і потым вызначае лепшыя з іх. Пераможца гэтым разам атрымаў тэлевізар, за другое месца — мікрахвалёўка. Іншых узнагародзілі парсючкамі, курамі, сенам і камбікормам.

Па Аўцюках шпацыравала стылёва апранутая моладзь, сямейныя людзі з дзецьмі ў калясках, старыя таксама збіраліся сваёй кампаніяй. Быў традыцыйны для такіх імпрэзаў гандаль і надвор’е, нібы — на замову. Карацей, маштабнае вясковае свята — і на цэлы год успамінаў.

Наступным днём фестываль доўжыўся ў Калінкавічах. Райцэнтр перагарадзілі “аўцюкоўскімі мытнямі”. Хочаш прайсці — спявай альбо анекдоты расказвай. А не маеш талентаў — плаці грошы. На цэнтральнай плошчы Калінкавічаў усталявалі сцэну. Пераказваць праграму канцэрта на плошчы не буду. Адзначу, што першую “дзею” вёў сталічны ансамбль “Бяседа”, прадстаўнікі мастацкай самадзейнасці з усіх абласцей Беларусі, а таксама госці з Украіны і Расіі. Афіцыйнае адкрыццё плаўна перайшло ў закрыццё з узнагароджаннем пераможцаў. А па заканчэнні — феерверк і дыскатэка.

Арганізатары зрабілі ўсё, каб жыхары райцэнтра і ваколіц атрымалі пазітыўныя эмоцыі. На гэтым я, бадай, і скончу свае суб’ектыўныя нататкі пра вяртанне “Аўцюкоў” у Аўцюкі. Паўтаруся хіба: весяліцца самому і смяшыць іншых — цяжкая праца.

Фота аўтара

На здымках: у Калінкавічах працавала "мытня"; сядзіба-музей гумару адкрывалася надзвычай арыгінальна; фота на памяць можна было зрабіць проста на вуліцы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"