Конкурс на “дух мінуўшчыны”

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Рэспубліканскі конкурс на лепшы прыклад аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, упершыню аб’яўлены сёлета Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, набліжаецца да завяршэння.

Як адзначыла карэспандэнту “К” намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка, конкурсная камісія мае разгледзець 14 заявак, якія паступілі з усіх рэгіёнаў краіны, за выключэннем Брэстчыны. Большасць з прапанаваных аб’ектаў знаходзіцца ў Мінску і абласных гарадах. У іх ліку — Беларускі дзяржаўны цырк, будынак Віцебскага аблвыканкама, наноў узведзеная ратуша ў Магілёве, адрэстаўраваныя камяніцы на сталічнай вуліцы Рэвалюцыйнай… У той самы час, з гэтымі “гігантамі” будуць спаборнічаць і аб’екты аграэкатурызму — адноўленая сядзіба ў вёсцы Сула Стаўбцоўскага раёна і млын з вёскі Ляды, які цяпер цешыць вока наведвальнікаў хутара “Міколаў востраў” на Светлагоршчыне.

Як адзначыла Аксана Сматрэнка, галоўная мэта конкурсу — стымуляванне высілкаў уласнікаў каштоўнасцей і асабліва прыватнай ініцыятывы. Адзін з найважнейшых крытэрыяў ацэнкі — правядзенне рэстаўрацыйных работ і выкарыстанне адпаведных “духу мінуўшчыны” матэрыялаў.

Старшынёй конкурснай камісіі з’яўляецца намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, а ў яе склад увайшлі аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне рэстаўрацыі, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі мясцовай улады і СМІ.