“Папяровая” будучыня смілавіцкага палаца?

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

Важную навіну прынеслі інтэрнэт-парталы з Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці: палацава-паркавым комплексам Агінскіх-Манюшкаў у Смілавічах зацікавіўся інвестар. Пра занядбанасць і патэнцыйную турыстычную прывабнасць гэтага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны “К” неаднойчы пісала.

Па словах начальніка аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама Аксаны Качановіч, смілавіцкі палац плануе выкупіць прыватнік. Калі ягоныя задумы па набыцці аб’екта спадчыны здзейсняцца, дык архітэктурная перліна раёна будзе паступова адрэстаўравана, а ў яе сценах паўстане турыстычны цэнтр. У планах, натуральна, і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, а таксама стварэнне на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу конегадоўчай фермы.

Але, па словах Аксаны Качановіч, пакуль усе названыя пераўтварэнні існуюць толькі “на паперы”, таму распавядаць пра іх падрабязна не выпадае. Асцярожнасць начальніка мясцовага аддзела культуры — невыпадковая і мае пад сабой рэальную глебу. Як вядома, яшчэ адзін славуты палац Чэрвеньшчыны, што знаходзіцца ў Раванічах, не так даўно выкупіў прыватнік, які таксама заяўляў пра разнастайныя амбіцыйныя планы наконт названага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны. Але пакуль тыя задумы так і засталіся няздзейсненымі. Таму, на думку Аксаны Качановіч, спачатку варта пачакаць рэальных дзеянняў ад прыватніка, які жадае стаць уласнікам славутага палаца Агінскіх-Манюшкаў у Смілавічах.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"