Беларускія амазонкі Сярэднявечча

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

“Версаль”, зарослы хмыззём, або 300 кіламетраў ад Нясвіжа да Міра

Маршрут традыцыйнага, ужо шостага па ліку велатура “К” можа падацца самым банальным — з Нясвіжа ў Мір. Адное, што мы пераадолелі не трыццаць кіламетраў (тыповы наўпросты шлях з адной беларускай адметнасці да другой), а амаль трыста, і доўжылася наша падарожжа не гадзіну-другую, а цэлых пяць дзён. Навошта гэта спатрэбілася? Адказ просты. Апрача тых адметнасцей, пра якія ведае, не раўнуючы, кожны беларус, мы здолелі ўбачыць і мноства іншых, таксама, на нашу думку, вартых увагі. Як вядома, турыстам спяшацца і не выпадае, і, перакананы, вандроўнікі безумоўна пагодзяцца на больш працяглую паездку па шматлікіх цікавых месцах роднага краю.

/i/content/pi/cult/389/7751/10-1.jpeg

У якасці прадмовы

Аднадзённы экскурсійны маршрут “Мір — Нясвіж” стаў “класічным” яшчэ ў савецкія часы. Некалькі пакаленняў сучаснікаў з яго дапамогай пачыналі турыстычнае “засваенне” сваёй краіны. Але пасля адкрыцця музейнай экспазіцыі ў рэзідэнцыі Радзівілаў ён рызыкуе страціць актуальнасць. Па той простай прычыне, што для паўнавартаснага знаёмства з “топавымі” аб’ектамі маршруту аднаго дня ўжо відавочна замала.

Нічога страшнага тут, вядома ж, няма — у тым выпадку, калі тур “разрасцецца” па часе ды набудзе новыя адгалінаванні. Тады ў турыста з’явіцца магчымасць на большы час адарвацца ад будняў, болей eбачыць, даведацца і... больш патраціць грошай. Пагатоў, ваколіцы абодвух турцэнтраў папраўдзе насычаны вартымі ўвагі гісторыка-культурнымі адметнасцямі. На нашым шляху мы іх “знайшлі” болей за два дзясяткі!

Толькі вось... На жаль, далёка не ўсе яны сёння чакаюць турыстаў. Асабліва тых, каго не надта вабяць руіны, і хто прызвычаіўся хоць бы да мінімальнага камфорту. У чым жа справа і як мясцовыя ўлады збіраюцца вырашаць названыя праблемы — пра ўсё гэта мы даведаліся, што называецца, “з першых рук”, наведаўшы Нясвіжскі і Клецкі раёны Мінскай вобласці, а таксама Ляхавіцкі і Баранавіцкі раёны Брэстчычы.

Сноўскія перліны

Наша вандроўка распачалася з аграгарадка “Сноў”, куды з Мінска можна лёгка дабрацца па чыгунцы. Так, гэта сапраўдны аграгарадок — арганічны сімбіёз сучаснай сельскай гаспадаркі (згадайма “брэндавыя” тамтэйшыя каўбасы і малочныя прадукты!) ды сучаснай жа гарадской інфраструктуры. Але нас цікавіць перадусім даўніна. І таму чыстымі ды дагледжанымі вуліцамі кіруемся да галоўнай адметнасці Снова — колішняга палаца Рдултоўскіх.

Буклет-даведнік, выдадзены сёлета Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь, называе яго выбітным узорам класіцызму на беларускіх землях. Але на глянцавых старонках, якія прызначаны стаць “кіраўніцтвам да дзеяння”, на жаль, не паведамляецца, што помнік спадчыны з’яўляецца рэжымным аб’ектам — шпіталем Дзяржаўнага камітэта памежных войскаў. Доступ для турыстаў туды закрыты, і манументальны порцік палаца можна ўбачыць хіба здалёк, праз бетонны паркан.

Зрэшты, некалькі фотаздымкаў зрабіць нам усе ж такі ўдалося. І на іх помнік гісторыі выглядае досыць дагледжаным. Тое цалкам заканамерна. Як пацвердзіла “К” галоўны спецыяліст аддзела культуры Нясвіжскага райвыканкама Ніна Бяганская, уласнік аб’екта досыць няблага даглядае помнік гісторыка-культурнай спадчыны. На сённяшні дзень зацверджаны праекты ахоўных зон, плануецца рамонт даху ды іншыя рэстаўрацыйныя работы. Натуральна, калі ў аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны ёсць адказны гаспадар і памяшканні ім выкарыстоўваюцца для сваіх мэт, дык хвалявацца за будучыню помніка даўніны не выпадае. Але шкада, што турысты могуць агледзець цікавы аб’ект гісторыі хіба што праз паркан.

Працягваючы вандроўку па Снове, трапляем да касцёла Яна Хрысціцеля. Барочны храм XVIII стагоддзя выглядае “як новы”, хаця яшчэ параўнальна нядаўна ён быў у стане, блізкім да руінаў.

Інфармацыйнае забеспячэнне турадметнасцей — гэта даўно ўжо “притча во языцех”. І таму мы, вядома ж, узрадаваліся, убачыўшы непадалёк ад касцёла знак “міжнароднага” карычневага колеру. Але пры больш пільным аглядзе высветлілася, што радасць была заўчаснай. Знак радасна інфармуе пра тое, што перад намі — “касцёл Івана-Хрысціцеля”. Менавіта так, праз злучок!

/i/content/pi/cult/389/7751/10-2.jpeg

Поліканфесійная гісторыя Беларусі спарадзіла сапраўдны “разнабой” у рэлігійнай лексіцы. Вось і Прадвесніка называюць і Янам, і Іаанам, часам блытаючы ўсходнюю ды заходнюю традыцыі. Але Іван-Хрысціцель — гэта ўсё адно нешта новенькае, нават на такім стракатым тле. Хтосьці сэканоміў на рэдактары, дасведчаныя турысты могуць уволю пасмяяцца, а блытаніна памнажаецца.

Пералік адметнасцей сённяшняга аграгарадка не вычэрпваецца і гэтым храмам. Ад фальварка “Дольны Сноў”, дзе некалі працаваў на бровары Янка Купала, засталіся адны ўспаміны, а вось палац барона Гарцінга ў той частцы паселішча, якая мае назву Горны Сноў, захаваўся някепска. Да нядаўняга часу нязвыклы па сваёй архітэктуры будынак выкарыстоўваўся мясцовай бальніцай у якасці амбулаторыі, але… Пад’ехаўшы да яго, мы адразу ўбачылі сляды запусцення. Газоны ўжо ладна зараслі, на тынкоўцы з’явіліся шчэрбіны... А вакол — ні душы! Праўда, ахоўнік у палаца, безумоўна, маецца, іначай выгляд у аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны наўрад ці быў такі дагледжаны.

Зрэшты, як адзначыў нам пасля начальнік аддзела культуры Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Круглік, названы будынак не выкарыстоўваецца ўласнікам толькі часова. Мо праз пэўны тэрмін колішняя амбулаторыя будзе прымаць ужо не хворых, а турыстаў-вандроўнікаў. Але ці будзе сапраўды такая будучыня ў палаца барона Гарцінга — пакажа час.

Радзівілаўскія “анклавы”

Рушыўшы са Снова, неўзабаве трапляем у валоданні Радзівілаў. Але ж у гэтай своеасаблівай дзяржаве ў дзяржаве былі і свае “анклавы”. Вось і маёнтак Вялікая Ліпа нейкім дзіўным чынам так і не быў праглынуты магнатамі — ён належыў шляхціцам Абуховічам.

Зграбны барочны храм XVIII стагоддзя, аточаны амаль “замкавымі” цаглянымі мурамі, цешыць вока. Чаго не скажаш пра парэшткі сядзібы Абуховічаў — даўно закінутыя афіцыну ды свіран, якія не так і лёгка адшукаць у навакольных зарасцях, а таксама стайню, што па-ранейшаму выкарыстоўваецца па прызначэнні.

/i/content/pi/cult/389/7751/10-4.jpeg

У свой час была завядзёнка (вартая, магчыма, пераймання і сёння) рабіць гаспадарчыя пабудовы велічнымі, нібы замкі ці палацы. Але стайня Абуховічаў вылучаецца нават на агульным фоне — ёй уласцівая асаблівая манументальнасць. А скульптурны дэкор на рыцарскую тэматыку надае будынку і ўвогуле ні з чым не параўнальны шарм.

/i/content/pi/cult/389/7751/10-5.jpeg

Нясвіжскі райвыканкам ужо даўно пачаў шукаць рэшткам сядзібы новага гаспадара. Як адзначыў Аляксандр Круглік, гэтым аб’ектам цікавіліся ўжо многія інвестары. Адзін з апошніх — патэнцыйны пакупнік з Літвы — плануе зрабіць там турыстычны аб’ект. Балазе, у райвыканкаме маюцца праваўстаноўчыя дакументы, а таксама тэхнічны пашпарт на гэты аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны.

І сапраўды, ад Вялікай Ліпы да Нясвіжа — рукой падаць. Іншая справа, што, па словах Ніны Бяганскай, многія патэнцыйныя пакупнікі так і застаюцца толькі “перспектыўнымі інвестарамі”, і далей слоў справа з продажам аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў раёне пакуль што не зрушылася.

“Амазонка” з Завушша

Далейшы пункт нашага веламаршруту — вёска Завушша, дзе колісь гаспадарыла любімая сястра неўтаймоўнага Пане Каханку Тэафілія Радзівіл. Як кажуць гісторыкі, яна някепска валодала шабляй. У Завушша да “амазонкі” завітвалі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, і нават, кажуць, Аляксандр І... Тады там было куды завітаць, не тое што сёння!

Адзінае, што засталося ў памяць пра Тэафілію — пабудаваная ёю капліца з фамільнай крыптай. Але яе яшчэ трэба адшукаць у зарасцях. Стан — жахлівы, ды і атачэнне... Прадзіраючыся цераз павалены плот нейкага мехдвара (або звалкі, што сама сабою ўтварылася на яго месцы?), можна ўбачыць зграбныя свіранчыкі — рэшткі былой гаспадаркі.

А ля самай дарогі, на беразе рачулкі Вуша, месціцца стары вадзяны млын. Зайшоўшы ўнутр (дзверы тут таксама наросхрыст), можна ўбачыць нават рэшткі адмысловых агрэгатаў. Значыць, тут яшчэ нядаўна малолі муку! Але нават нядоўгі час запусцення ўжо даецца ў знакі. І калі сёння пераўтварыць млын у аграсядзібу ці міні-гатэльчык не так і складана, дык неўзабаве...

Разгаварыўшыся з мясцовай бабуляй, даведаліся пра яшчэ адну мясцовую адметнасць, якая ў наш маршрут не ўваходзіла, — сямейны некропаль родe Гарцінгаў, што пэўны час валодаў Завушшам. Мясцовая жыхарка распавяла гісторыю пра тое, як гады чатыры таму нейкія “скарбашукальнікі” апаганілі святое месца, прабілі лаз у склеп і выцягнулі адтуль адзін з саркафагаў. Што праўда, ускрываць яго пабаяліся, і з таго часу ён так і ляжыць пад адкрытым небам непадалёк ад прыгожага помніка. Знайшоўшы гэтае месца, пераканаліся, што так яно і ёсць. Лаз у склеп па-ранейшаму застаецца незамураваны.

На жаль, старыя шляхецкія пахаванні пакуль прыцягваюць пільную ўвагу толькі тых самых “археолагаў” ды хіба яшчэ рэдкіх валанцёраў...

У пошуках начлегу

Нясвіж (ці, дакладней, яго цэнтр), як заўсёды, пакінуў самыя добрыя ўражанні. Прэтэнзіі гэтага дагледжанага горада на статус не толькі культурнай, але і турыстычнай сталіцы Беларусі цалкам апраўданыя. Шкада, што турысты ў вечаровы час нам трапляліся рэдка. Зрэшты, ёсць на тое і свае прычыны. Ахвотнікаў заначаваць у горадзе, мабыць, і не бракуе, а вось месцаў начлегу...

— Нядаўна прыязджала на машыне сям’я з Расіі, і вольных месцаў не было не толькі ў Нясвіжы, але і ў радыусе кіламетраў трыццаці, — распавяла супрацоўніца нясвіжскага гатэля. — Нават не ведаю, як яны выкруціліся.

Мы ёй адразу паверылі, бо таксама адчулі сябе ў скуры звычайных турыстаў. Браніраванне месцаў начлегу стала доўгім і пакутлівым. Натуральна, заначаваць у гатэлі Нясвіжскага замка не атрымалася, ды і на іншыя “койкамесцы” было не ўбіцца. Выратавала нас толькі аграсядзіба, створаная не так даўно райаддзелам фізкультуры, спорту і турызму кіламетраў за сем ад горада. Між іншым, неблагі варыянт для аўтамабілістаў, і таму ён вельмі запатрабаваны. Умовы як у нумары люкс, а ў дадатак яшчэ і цішыня, па якой так сумуюць гарадскія жыхары...

Уласна, гэта мы да таго, што тыя закінутыя камяніцы, якія мы бачылі ў Вялікай Ліпе і Завушшы, маюць абсалютна рэальныя перспектывы набыць “новае жыццё”.

Пане Каханку як пачынальнік агратурызму

Зрэшты, аднаўленне былой велічы Нясвіжа яшчэ толькі пачынаецца. Мы ўявілі сябе ў ролі тых турыстаў, якім ужо “прыеліся” звыклыя адметнасці, ды згадалі, што Радзівілы — з іх вядомымі ўсім каралеўскімі амбіцыямі — некалі стварылі непадалёк ад горада свой Версаль — палацава-паркавы комплекс “Альба”. Ды скіраваліся туды ў пошуку новых цікавостак.

Але... паспрабуй тут іх знайдзі! Колішні палацава-паркавы комплекс пераўтварыўся ў суцэльны гай. Унікальная водная сістэма, дзе пры Пане Каханку была цэлая флатылія суднаў, захавалася ў выглядзе “пазелянелых” каналаў з застаялай вадой. І пошукі ўсіх гэтых “слядоў былой велічы” патрабуюць неймаверных намаганняў.

Радзівілаўскія палацы Альбы былі знішчаныя яшчэ за дзедам-шведам. Да нашых часоў захаваліся толькі гаспадарчыя пабудовы пачатку мінулага стагоддзя. Самавітая неагатычная камяніца спіртзавода да нядаўняга часу верай і праўдай служыла аднаму з нясвіжскіх прадпрыемстваў. Сёння яна стаіць практычна без даху.

Між іншым, Альба сталася ці не першым у нашай краіне аб’ектам аграэкатурызму. У 70-ыя гады XVIII стагоддзя — час, калі сентыменталізм быў у модзе, — на берагах сажалак збудавалі стылізаваныя сялянскія хацінкі, дзе Радзівілы ды іх госці маглі дзеля забавы папрацаваць на гародзе. А што, чаму б не “рэанімаваць” гэтую ідэю?

Былі “на піку”, апынуліся ў піке...

Выехаць па-за межы былых радзівілаўскіх латыфундый у нас атрымалася няхутка. Наступны пункт маршруту, ужо ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, — гэта вёска з дзіўнай назвай Радзівілімонты. Дакладней, сёння яна мае іншую назву, куды менш каларытную — Чырвоная Зорка. У савецкія часы сяло стала “сталіцай” калгаса-мільянера, грошай было ў дастатку, і таму для Дома культуры вырашылі пабудаваць новы блочны будынак — “амаль як у горадзе”. Стары пакінулі на волю лёсу, без увагі на тое, што яму было амаль дзвесце гадоў, і што збудаваў яго “нейкі” Карла Спампані...

/i/content/pi/cult/389/7751/10-3.jpeg

Цяпер Чырвоная Зорка не ў зеніце. Калгас зусім не “мільянер”, адсюль і сацыяльныя наступствы. Сёлета паўстала пытанне аб закрыцці мясцовай школы — няма каму там вучыцца. І ў наш век менавіта былы радзівілаўскі палац мог бы даць гэтаму паселішчу “другое дыханне” — чым не месца для VIP-пансіяната? Мог бы, але...

Ля парослых хмыззём руін намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Генадзь Буйвіла сумна разводзіць рукамі: маўляў, рэстаўраваць тут ужо няма чаго. Досыць высокі паркан, які атачае гэтае месца, ахоўвае не столькі помнік спадчыны ад хіжых людзей, колькі наадварот, бо знаходзіцца ўнутры без каскі папраўдзе небяспечна.

Калі яшчэ пару — тройку гадоў таму абрысы палаца сяк-так праглядаліся, цяпер турыст можа ўбачыць толькі нейкае суцэльнае месіва прагнілага дрэва ды пашчэрбленай цэглы. Адпаведна, ёсць падставы прагназаваць, што калі помніку і наканавана быць адноўленым, дык, фактычна, з нуля.

— Мы ўжо не першы год шукаем інвестара для гэтага аб’екта, раён гатовы прадаставіць яму самыя спрыяльныя ўмовы, аднак... — уздыхнула адказны супрацоўнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Клецкага райвыканкама Таццяна Буката. — Выніку пакуль няма. Адна справа, калі будынак больш-менш памысна захаваўся і патрабуе хіба сур’ёзнага рамонту, а зусім іншая — калі ён дайшоў да нас у такім стане.

Тым не менш, на Радзівілімонтах усё ж зарана ставіць крыж. Шыкоўны некалі парк, што атачаў палац, сёння выглядае гэтаксама непрэзентабельна. Але ж неўзабаве там чакаюцца сур’ёзныя работы. Па лініі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь выдаткавана паўмільярда рублёў на прывядзенне ў належны стан гэтага помніка прыроды рэспубліканскага значэння.

— Разам з тым, будуць праведзены работы па добраўпарадкаванні, з’явяцца месцы для адпачынку, — дадаў Генадзь Буйвіла. — Адпаведна, мясціны пачнуць выклікаць іншае ўражанне.

Можа, у такім выпадку іх лёс і сапраўды выйдзе з глыбокага піке. Бо пакуль што, па шчырасці, сама атмасфера запусцення з’яўляецца не абы-якім дэматывуючым фактарам для інвестараў.

Дом для шляхты

Непадалёк ад Чырвонай Зоркі месціцца цэлы шэраг старых шляхецкіх сядзіб — “рангам ніжэй”, але ўсё адно цікавых. Адна з іх, у вёсцы Цясноўка, імкліва набліжаецца да стану радзівілаўскага “лецішча”, затое іншыя тры пакуль што з дахам. Усе яны сёння маюць гаспадароў, але пры гэтым — і праблемы, пакуль далёкія ад канчатковага вырашэння.

У вёсцы Янавічы можна ўбачыць тыповы дом шляхціца “сярэдняй рукі” — камянічку са сціплым класіцыстычным фасадам. Яшчэ ў паваенны час ён быў аддадзены пад жытло простым сялянам. Так яны з таго часу там і жывуць.

Умовы тут зусім не люксавыя — камяніца даўно патрабуе капітальнага рамонту, а яе частка ўвогуле ў аварыйным стане і даўно не выкарыстоўваецца. Адрэстаўраваць дом сваімі сіламі сталага веку людзі, вядома ж, не здатныя. І таму райвыканкам плануе захады па пошуку інвестараў для стварэння тут тураб’екта — вядома ж, з папярэднім адсяленнем жыльцоў у новыя, больш сучасныя кватэры.

— Турысты на машынах прыязджаюць да нас часта, бывае, па некалькі разоў на дзень, — кажа жыхарка дома спадарыня Ірына, што сядзіць на лавачцы ля фасада ў чаканні “развіцця падзей”. — А ў нашым веку спраўляцца з усімі праблемамі гэтага дома і сапраўды няпроста.

У двух кроках ад Янавічаў — сядзіба Стралкаў у Стралкаве, яшчэ адзін сціплы, але густоўны ўзор архітэктуры свайго часу. Яе гаспадар фермер Васіль Слабадзянюк значна апярэдзіў час, атрымаўшы ва ўласнасць помнік спадчыны яшчэ васямнаццаць гадоў таму. З таго часу і “змагаецца”.

— Тады на гэтай прыгожай камянічцы даху, лічы, не існавала, — кажа ён. — І мне сумна, што такі дом прападае. Вырашыў паспрабаваць зрабіць тут турыстычны аб’ект.

Дах ужо даўно перакрыты наноў, а вось што тычыцца далейшых планаў... Адразу відаць, што тут уласніку яшчэ працаваць і працаваць. Памяшканні сядзібы пакуль стаяць апусцелыя, з тыльнага боку адсутнічае цэлы фрагмент сцяны... Сілаў ды сродкаў аднаго чалавека, які зарабляе сабе на жыццё ўласнаручнай працай на зямлі, не так і шмат. А будматэрыялы сёння дарагія.

Васіль Слабадзянюк кажа, што ахвотна пагадзіўся б уступіць у партнёрскія адносіны з якім зацікаўленым інвестарам. Але ж на даляглядзе такія пакуль не вымалёўваюцца. Таму і сам ён рук не апускае. А намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Генадзь Буйвіла паабяцаў гаспадару дапамогу раёна “ў разумных межах”. І сапраўды, як ні круці, але інтарэсы дзяржавы і прыватніка ў дадзеным выпадку шмат у чым супадаюць — асабліва ў плане захавання гэтага помніка спадчыны.

І яшчэ адна невялічкая рэмарка. Вельмі добра, што ў Клецкім раёне ёсць спецыяліст, які займаецца выключна справай аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таццяна Буката выдатна ведае стан і праблемы кожнага з аб’ектаў, можа распавядаць пра цікавыя мясціны раёна вельмі займальна. Але лёгкай назваць яе працу язык наўрад ці павернецца, бо праблем у раёне хапае. Прыкладам, у тых самых Янавічах дом належыць гаспадарцы, а зямля — сельсавету. І паспрабуй тут разбярыся, каму і за чым даглядаць.

Бясхмарныя перспектывы Тучы

Сядзіба ў Тучы, яшчэ адным паселішчы Клеччыны, выглядае больш паважна — пасярод занядбаных гаспадарчых пабудоў знаходзіцца сапраўдны класіцыстычны палац. Прастаяўшы ладны час спусцелым, летась ён быў паспяхова прададзены з аўкцыёну за сімвалічную суму — прыкладна 60 мільёнаў рублёў.

/i/content/pi/cult/389/7751/10-6.jpeg /i/content/pi/cult/389/7751/10-7.jpeg

Па словах намесніка старшыні Клецкага райвыканкама, продаж сядзібы аказаўся складанай працэдурай. Справа ў тым, што яму папярэднічала падрыхтоўка ўсіх праваўстаноўчых дакументаў на дом і зямлю. За час безгаспадарання яны бясследна зніклі. Затое аўкцыён адбыўся з першага разу. Бо попыт на такія аб’екты, як бачым, — ёсць!

Натуральна, сімвалічная цана павінна быць кампенсавана сур’ёзным інвестыцыйным праектам. Як нам распавялі, новы ўласнік мяркуе ўжо праз некалькі гадоў стварыць у Тучы буйны культурна-турыстычны цэнтр. Візуалізацыю гэтых планаў можна ўбачыць у Клецкім раённым музеі і сёння. Выпускніца 75-ай мінскай гімназіі Валерыя Бундур зрабіла прыгожы макет, які адлюстроўвае сядзібу ў перыяд яе росквіту. Між іншым, такая “карцінка” — някепскі піяр-ход. Добра, каб патэнцыйныя інвестары маглі ўвачавідкі ўбачыць, ува што здатная пераўтварыцца тая занядбаная спаруда, якую ім прапаноўваюць.

Але пакуль рэчаіснасць у Тучы далёкая ад бясхмарнай “карцінкі”. Змена ўласніка ніяк не адбілася на самім палацы. Пранікнуць унутр можна без ніякіх праблем — сядзіба знаходзіцца ў цэнтры вёскі, і таму тыя дошкі, якімі былі забітыя вокны і дзверы, даўно аддзёрлі “аматары пікнікоў”. Унутры палаца для іх падрыхтаваны “сюрпрыз” — правал у падлозе, куды можна лёгка зрынуцца ў прыцемках.

Праблему “несанкцыянаванага доступу” ў палац мог бы вырашыць вартаўнік. Прафесія гэтая, здаецца, не такая ўжо і высокааплатная. Але, на жаль, у сядзібе мы яе прадстаўніка не сустрэлі. Ды і касьба тут сёлета, мабыць, не праводзілася.

— Мы прасілі новага ўласніка зрабіць хаця б элементарныя работы па добраўпарадкаванні сядзібы, аднак пакуль, як бачыце, рукі ў яго да гэтага не дайшлі, — кажа Генадзь Буйвіла.

Зразумела, куранят трэба лічыць па восені — уласнік пакуль меў надта мала часу, каб перайсці да канкрэтных работ. Правядзенне комплексных даследаванняў, падрыхтоўка і зацвярджэнне праектна-каштарыснай дакументацыі ды іншыя “дабудаўнічыя” стадыі рэстаўрацыі, нябачныя няўзброеным вокам, аб’ектыўна могуць доўжыцца не адзін год, ды і спяшацца тут не выпадае. Але што тычыцца добраўпарадкавання і захавання... Падаецца, гэта не так і складана. Ды перадусім у інтарэсах самога гаспадара.

...Так, рэалізацыя ўсіх згаданых вышэй задумаў і сапраўды рызыкуе расцягнуцца ў часе. Але калі кіраўніцтва раёна будзе і надалей свядома рухацца ў абраным напрамку, няма сумневаў у тым, што ўсё задуманае — здзейсніцца...

(Працяг будзе.)

Ілья СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Нясвіжскі раён — Клецкі раён — Ляхавіцкі раён — Баранавіцкі раён — Мінск

Фота аўтараў