“Першы крок зроблены”

№ 31 (1053) 04.08.2012 - 10.08.2012 г

На мінулым тыдні Міністэрства культуры краіны паведаміла СМІ, што па даручэнні Кіраўніка дзяржавы была распачата праца па стварэнні музея народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адчыняць на базе лецішча творцы ў “Ждановічах-6” Мінскага раёна. 27 ліпеня прынята пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой лецішча бясплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасць дзяржавы. Цягам 2012 — 2014 гадоў будуць праведзены капітальны рамонт дома Васіля Быкава з прыстасаваннем пад музей, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Адначасова па даручэнні Прэзідэнта супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры вядуць навуковую апрацоўку архіва і асабістых рэчаў пісьменніка, якія знаходзяцца ў ягонай кватэры і на лецішчы. Менавіта гэтыя прадметы і дакументы складуць аснову экспазіцыі музея літаратара, што мяркуецца адкрыць да 90-годдзя з дня нараджэння класіка.

“Першы крок зроблены”

Лідзія МАКАРЭВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:

— Мы маем да гэтага музея дачыненне ўжо з тае прычыны, што гэта будзе наш філіял. Нам яго ствараць, арганізоўваць экспазіцыю. Яшчэ ў 1993 годзе Васіль Уладзіміравіч асабіста перадаў у фонды музея больш за тысячу адзінак захоўвання. Пасля смерці пісьменніка мы неаднаразова звярталіся да ягонай удавы з просьбай перадаць нам новыя матэрыялы. Гады тры таму Ірына Міхайлаўна адказала, што хоча архіў мужа захаваць максімальна цэльным, і дадала, што існуе вялікая цікавасць да матэрыялаў, што захоўваюцца дома, як у архівістаў з Беларусі, стваральнікаў музея Васіля Быкава ў Гродне, так і ў замежнікаў. Гэтым клопатам мы і падзяліліся з міністрам культуры Паўлам Латушкам.

/i/content/pi/cult/389/7749/6-2.jpeg

Занепакоенасць Паўла Паўлавіча, яго ўвага да творчасці і памяці Васіля Быкава, жаданне Ірыны Міхайлаўны і магчымасць бясплатна перадаць будынак для стварэння музея, падтрымка кіраўніцтва дзяржавы, як бачым, далі станоўчы вынік. Першы крок зроблены. Для паўнавартаснага мемарыяльнага музея там месца мала. Агульная плошча дома разам з гаражом — 96 квадратных метраў. Калі прымаць пад увагу, што працоўны кабінет пісьменніка і гасціная застануцца некранутымі, такімі, якімі былі пры жыцці Васіля Быкава, то жыццё і творчасць у дакументальнай экспазіцыі будзе паказана толькі асобнымі штрыхамі, але атмасфера дома, тыя рэчы, што захоўваюцца там, ды і памяць сцен, дрэў… Гэта ўсё вельмі сімвалічна і кранальна.

/i/content/pi/cult/389/7749/6-3.jpeg

Музеефікацыя лецішча — гэта задача-мінімум. А вось задача-максімум — паўнавартасны мемарыяльны музей, дзе будзе месца і для маштабнай экспазіцыі, і для архіва пісьменніка.

/i/content/pi/cult/389/7749/6-1.jpeg

На здымках: фрагмент выстаўкі, прысвечанай Васілю Быкаву ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры; малюнкі класіка з ваеннага блакнота; Васіль Быкаў ля лецішча.

 

Дом і дзённік

Удава пісьменніка Ірына Міхайлаўна пагадзілася сцісла распавесці карэспандэнту пра лецішча, якое мусіць стаць музеем. Разглядаю здымкі з сямейнага архіва. Дамінаванне чорна-белай, манахромнай графікі і “аматарскай” якасці сведчыць аб прыналежнасці да эпохі, якая скончылася. Сёння пайпрасцейшай “мыльніцай” можна дамагчыся большай выразнасці. На здымках — Васіль Уладзіміравіч перад домам. Адзін і з Ганадам Чарказянам, які да дома прыклаў руку, агульны план і фрагменты будынка. Маё першае пытанне — пра час узвядзення.

/i/content/pi/cult/389/7749/6-5.jpeg/i/content/pi/cult/389/7749/6-4.jpeg

— Дом быў пабудаваны ў 1983 годзе. Вось малюнак у дзённіку Васіля Уладзіміравіча. Ён жа ў дзённіку рабіў не запісы, а малюнкі. На гэтым — заліты падмурак.

— Калі браць да ўвагі статус гаспадара, дык дом выглядае занадта сціпла…

— Сёння і густы змяніліся, і запыты іншыя. Але тады, на пачатку 1980-х, калі дом быў пабудаваны, пайшла пагалоска, што Быкаў шыкуе. Нібыта ў яго на лецішчы ліфт ды басейн.

— Васіль Уладзіміравіч тут бываў часта, заставаўся надоўга?

— Не. На ягоную думку, тут было тлумна. Абстаноўка рабоце не спрыяла. Ён на лецішчы нават не начаваў, бо меў астму.

— Наколькі я разумею, холадна ў хаце было з прычыны таго, што будаўнікі штосьці зрабілі не так? Няўжо не маглі парупіцца дзеля такой асобы?

— Васіль Уладзіміравіч сябе нейкай значнай асобай не лічыў. Ды і не надта яму тое лецішча было патрэбным. Тут у пасёлку было лецішча сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна, дык гэта ён фактычна "прымусіў" Быкава прыдбаць участак і дом пабудаваць.

— Ад дырэктара Музея беларускай літаратуры я чуў, што размясціць вялікую экспазіцыю ў гэтым доме немагчыма. Маўляў, трэба паўнавартасны мемарыяльны музей у Мінску. Якім ён вам бачыцца?

— Гэта няхай музейшчыкі рашаюць. Толькі б той музей быў жывым. Па духу, па змесце.

— І ўсё ж, дзе можа размясціцца вялікі музей Быкава?

— Ды хоць бы ў гэтай кватэры.

— А ці ёсць у Беларусі вопыт стварэння мемарыяльных музеяў у кватэрах, што месцяцца ў шматпавярховых дамах?

— У Беларусі — не ведаю. А вось у Расіі ёсць такія музеі. Так што можна скарыстаць суседскі досвед.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

“Лічыў сваім абавязкам аддзячыць дабрадзею”

Ганад ЧАРКАЗЯН, пісьменнік:

— Недзе на пачатку 1980-х Васіль Уладзіміравіч займаўся абсталяваннем свайго лецішча ў Ждановічах. Замовіў сталярку. Але выканаўцы нешта наблыталі з памерамі, і калі тыя вокны, дзверы прывезлі, дык высветлілася, што яны не падыходзяць. Скажам шчыра, па тых часах падобныя рэчы былі завядзёнкай. Але паколькі справа датычылася Васіля Быкава, ёй заняліся асабіста тагачасны міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР — сёння Прэм’ер-міністр — Міхаіл Мясніковіч і ягоны першы намеснік — цяпер старшыня Мінскага аблвыканкама — Барыс Батура. А весці з Быкавым перамовы, такая вось “дыпламатычная місія”, было даручана мне. Бо я прадстаўляў у Мінску Слонімскую мэблевую фабрыку.

/i/content/pi/cult/389/7749/6-7.jpeg

Маю прапанову зрабіць сталярку не са звычайнага матэрыялу, кшталту ДСП і шпону, а з дубу (дарэчы, каштавала гэта тады не нашмат болей), пісьменнік спачатку ўспрыняў скептычна. Але потым пагадзіўся. Гэтым разам работай Васіль Уладзіміравіч застаўся задаволены. І ўжо новую прапанову — зрабіць для лецішча мэблю з масіву, не тыповую, па спецыяльным праекце, — прыняў лёгка. Так у мяне з Быкавым завязаліся дзелавыя стасункі, якія сталі прыязнымі.

Неяк Васіль Уладзіміравіч сказаў, што на ягоным лецішчы холадна нават летам. Я агледзеў ягоны дом і прыйшоў да высновы, што цёплым пакоем можа стаць надбудова над гаражом. Ад рукі зрабіў эскізны праект, які Быкава задаволіў. Я знайшоў добрых майстроў, арганізаваў будоўлю. У гэтым пакоі шмат што зрабіў сваімі рукамі, таму Васіль Уладзіміравіч называў яго “пакоем Ганада”.

Зараз лецішча ператвараюць у музей, і, магчыма, мой досвед як чалавека, які меў дачыненне да будаўніцтва дома, можа быць запатрабаваным. Яшчэ дадам, што Васіль Уладзіміравіч пасля заканчэння работ напісаў Міхаілу Мясніковічу падзячны ліст.

Ведаеце, Быкаў па-філасофску ставіўся да крыўдаў, мог не звярнуць увагі, але калі яму рабілі добрае, лічыў сваім абавязкам дабрадзею хоць як аддзячыць.

На здымку: Васіль Быкаў і Ганад Чаказян ля дома ў Ждановічах.

Фота з архіва сям'і Быкавых

 

Натура Быкава

Ігар ЛУЧАНОК, народны артыст СССР, народны артыст Беларусі:

/i/content/pi/cult/389/7749/6-6.jpeg— Я ведаў Васіля Уладзіміравіча Быкава даволі блізка. Бачыў яго ў афіцыйнай абстаноўцы, у сяброўскім асяроддзі, у побыце. Ён меў складаны характар, што ўвогуле ўласціва творчым асобам. У ягонай натуры, як мне падаецца, спалучаліся кантрасныя рысы. Скажам, ён быў вельмі шчырым, адкрытым і, пры гэтым, нікога не падпускаў да сваёй творчай працы. На пытанні кшталту “Над чым вы зараз працуеце?” меў звычку адказваць неканкрэтна.

Васіль Уладзіміравіч быў маім суседам па лецішчы, але я з цяжкасцю ўяўляю, што ў гэтым сэнсе пра яго можна сказаць. Я думаю, ён не надта любіў дачны дом у Ждановічах. Каб не Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, які вельмі шчыльна апякаў Быкава і падтрымліваў яго ў няпростых сітуацыях, дык Васіль Уладзіміравіч сам ні ўчастка не атрымаў бы, ні дома не пабудаваў. Бо ён увогуле быў сціплым у побыце.

Я не ведаю, што канкрэтна ён напісаў на гэтым лецішчы. Паўтаруся, у сваю працу ён нікога не пускаў і планамі творчымі ні з кім не дзяліўся. Штосьці ён там, аднак, пісаў, абдумваў — бо пісьменнік працуе над тэкстамі заўжды, а не толькі калі сядзіць за пісьмовым сталом.

Нейкія рамонтныя работы па доме ён рабіў сам. Колькі разоў бачыў яго з малатком у руках. Ды ўсё ж творчай майстэрняй Быкава была ягоная гарадская кватэра на Танкавай. Мабыць, менавіта дынаміка горада, нават гарадскі тлум спрыялі таму настрою, які быў неабходны яму, каб уваходзіць у вобразы і драматычныя лёсы ягоных герояў.

На здымку: Ігар Лучанок на быкаўскім лецішчы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"