Апрача ўсіх абласцей рэспублікі і Мінска на фестываль, па словах начальніка аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама Уладзіміра Елісеева, запрашаюцца госці з Жытоміршчыны і Чарнігаўшчыны.
Чым здзівяць “Аўцюкі”? Сядзібай-музеем народнага гумару (яна створана не без падтрымкі мясцовых прадстаўнікоў прыватнага бізнесу). Музей размясціўся ў кавярні, што чакае гасцей на ўездзе ў Малыя Аўцюкі з гомельскай трасы. Зразумела, экспанаты тут — гумарыстычныя: да прыкладу, крывыя люстэркі ці набор дзіравага посуду “для пахудзення”… Музейны фонд павялічваецца штодня. Але гумар як лад жыцця ніхто не збіраецца аддаваць на беззваротнае музейнае захоўванне. І ў гэтым, як сцвярджае Уладзімір Елісееў, пераканаецца кожны ўдзельнік ды госць фестывалю.
Можна будзе наведаць і гумарыстычны заапарк, дзейнасць якога запланавана і ў Малых Аўцюках, і ў Калінкавічах. У заапарку, тлумачыць начальнік мясцовага аддзела культуры, сабраны забаўныя жывёліны з забаўнымі назвамі…
І, натуральна, чакаецца вялікая конкурсная праграма, пад час якой будуць вызначаны лепшыя гумарыстычныя калектывы. Будзе працаваць і Горад майстроў.
На здымку: Уладзімір Ліпскі ў час аўцюкоўскага свята.
Званок з нагоды
Напярэдадні падзеі мы звязаліся па тэлефоне з “хросным бацькам” аўцюкоўскага фэсту Уладзімірам Ліпскім, пацікавіліся, з якім настроем ён едзе на свята гумару. “З самым рагатунскім настроем еду, каб не стрымана смяяцца, а рагатаць ад душы! Спадзяюся, што і ў іншых удзельнікаў фэсту — настрой гэткі ж… Мне сёння тэлефануюць з Ліды, Шчучына, Ельска, Рэчыцы, з самых розных куточкаў Беларусі. Пытаюцца, як да Аўцюкоў дабрацца. Перадайце ўсім праз “Культуру” маршрут: рушце да Калінкавічаў, а адтуль да Аўцюкоў — усяго 15 кіламетраў!”