Чаму этна — не "прагугліш"?

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Пазіцыя прафесіяналаў: калі чакаць на медыязрух пра фестывальны рух?

У купальскія святы на Усходнім Палессі прайшоў фестываль “Берагіня”, які шмат гадоў ахоўвае і дае новае жыццё каранёвым узорам харэаграфіі, спеўнага і інструментальнага этнічнага мастацтва нашай Радзімы.

Імкліва прабягаючы па “загугленых” на слова «фестываль» радках, можна даведацца, што гэта — «свята» і «прэзентацыя дасягненняў», якія часам нясуць асветніцкі і дабрачынны характар. Святкуюць і прэзентуюць дасягненні на фэстах акадэмічныя меламаны, знаўцы кіно і тэатра, рокеры і медыявісты, піраманы, нават аматары эротыкі... Пошукавік, між тым, чамусьці захоўвае маўчанне адносна фэстаў этнічнай культуры і фальклору. Аднак агульначалавечыя каштоўнасці, для далучэння да якіх і ствараўся фестывальны рух, як вядома, — «не ўніверсальныя, а створаныя ў культурах асобных народаў»...

/i/content/pi/cult/388/7723/11-1.jpg

Чарговы раз задумацца пра дыялектыку жыцця давялося пасля VII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня", які традыцыйна адбыўся на Купалле ў заснаванай у ХVI стагоддзі Рудабелцы (цяпер — мястэчка Акцябрскі на Гомельшчыне) і мінімальна (для імпрэзы яго маштабу — і гэта яшчэ вельмі карэктны выраз) асвятляўся ў беларускіх СМІ.

Нігілізм у стаўленні да традыцыйнай культуры, абыякавасць да фальклорных фестываляў з боку медыйных крыніц, якія (асабліва — інфармацыйныя парталы ў Інтэрнэце) гатовы літаральна "абрушыцца" ад перанасычанасці інфармацыяй пра нефолкавыя фэсты, — справа не зусім добрая, асабліва ў адносінах да такой з’явы, як «Берагіня».

Сёння 13-гадовы фэст, «прытулены» рудабельскай зямлёй з 1999 года, — шматступенны, канцэптуальны і відовішчны праект этнакультурнага выхавання і этнамастацкай адукацыі, праект для дзяцей і моладзі ўсіх рэгіёнаў краіны. Лік яго ўдзельнікаў ідзе на дзясяткі тысяч вучняў і сотні педагогаў. Да прыкладу, сёлета ў заключных імпрэзах двухгадовага фестывальнага марафону ў Акцябрскім прымалі ўдзел 900 чалавек. Але гэта — толькі «вяршыня айсберга»: нацыянальны фінал — вынік сістэмных адборачных фестывальных тураў у абласцях. А толькі ў рэгіянальным фэсце «Радавод» у Брэсце, які праводзіўся ў рамках «Берагіні», бралі ўдзел 17 000 чалавек. Пра ўзровень фестывалю сведчыць і рэестр яго журы і групы экспертаў: заснавальнік «Харошак» Мікола Дудчанка, адзін з найбуйнейшых украінскіх харэографаў, прафесар Уладзімір Гадоўскі, дацэнт Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі і вядомы этнамузыколаг Ірына Папова і іншыя.

Так, «Берагіня» сёння — не проста фестываль. Гэта, мяркуем, — апошняя надзея традыцыйнай культуры Беларусі — надзея на існаванне ды пераемнасць каранёвага мастацтва нашага народа. На фестывальных пляцоўках сёлетняга фэсту сустрэліся вопыт і маладосць, высокае сталае майстэрства і дзіцячая непасрэднасць — носьбіты і пераемнікі традыцыі.

«Берагіня» сёння — фактычна, адзіны ў краіне сістэмны праект, які захоўвае і трансліруе ў часе помнікі фальклорнай спадчыны ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Пачынаючы з турніра побытавых танцаў, праект за 13 гадоў існавання здзейсніў у краіне «танцавальную» і «фальклорную» рэвалюцыю: забытыя танцы, песні, інструментальныя найгрышы нашых продкаў пераймаюцца вусным шляхам — так, як было спрадвеку. Нарматывы яго ўдасканальваюцца кожныя два гады: прыкладам, сёлета працавалі па канцэпцыі, зацверджанай у 2010-м. Рэпертуар, касцюмы, пластыка рухаў, манера спеваў, асаблівасці маўлення — усё толькі сваё, са сваёй вёскі, рэгіёна… Творы пераймаюцца метадам дэманстратыўнай антрапатэхнікі («глядзі — вучыся — пераймай»).

Педагог пры такой методыцы — памочнік і дарадца, а не дыктатар ці трэнер-дрэсіроўшчык. Сама методыка выхоўвае асобу, імправізатара, здольнага прымаць рашэнні і здзяйсняць актыўныя ўчынкі чалавека. Паколькі на фінальных імпрэзах «Берагіні» ў Акцябрскім збіраюцца лепшыя з лепшых у гэтай галіне з усёй Беларусі, на фэсце можна пачуць заходнепалескія гартанныя гаворкі, антыфонныя спевы ды мужчынскія валачобныя песні Падзвіння, траістую музыку Панямоння са скрыпкамі, басэтляй і бубнам, узоры гуртавых лірычных песень Усходняга Палесся, дыятанічныя цымбалы і дуду (беларускую валынку) Цэнтральнай Беларусі, дудкі і жалейкі Падняпроўя…

Пастаянныя арганізатары і фундатары фестывалю — Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам і Акцябрскі райвыканкам. Падаецца, яны знаходзяць паразуменне ў сінхранізацыі арганізацыйных момантаў. Да «Берагіні» з павагай ставіцца UNESCO: старшыня Нацыянальнай камісіі па справах гэтай арганізацыі Уладзімір Шчасны — даўні назіральнік за яе лёсам. Высока ацэнены беларускімі і еўрапейскімі спецыялістамі фестываль удасканальваецца: у 2012 годзе з’явіліся новыя конкурсныя намінацыі («Мужчынскія ансамблевыя спевы», «Траістая музыка», «Народная проза»), на 2014-ы плануецца ўвесці конкурсы гульнёвых праграм і выканаўцаў на каранёвых народных духавых інструментах: дудзе, жалейцы, парных дудках. Аднак, каб гэта ажыццявіць, патрэбна вялікая папярэдняя праца, якую варта пачынаць сёння.

Бягучы год паказаў, што толькі адна вобласць — Брэсцкая — выканала цалкам усе ўмовы канцэпцыі фэсту, і тое выключна ў сістэме ўстаноў адукацыі. Сістэма ж устаноў культуры рэгіёна, вымушаны прызнаць, спрабавала ігнараваць фэст, таксама, як і адказны за яго падрыхтоўку ды правядзенне Інстытут культуры Беларусі. У ім, дарэчы, даўно наспеў час стварыць аддзел традыцыйнага мастацтва і этнакультурнага выхавання, які выконваў бы функцыі дырэкцыі «Берагіні» ды іншых падобных праектаў, працаваў над перавядзеннем фэсту ў якасць міжгаліновай дзяржаўнай праграмы, сачыў за аховай і пераемнасцю аўтэнтычнага фальклору ў месцы яго натуральнага існавання — на вёсцы, уводзіў фальклор у сістэму навучання школ, каледжаў ды ВНУ культуры і мастацтваў. Без гэтага сёння ўжо немагчыма захаваць нашу спадчыну. Гомельская вобласць і Акцябрскі раён не могуць перманентна выконваць справу, у якой зацікаўлена ўся краіна. Ды і аўтару праекта — этнахарэографу Міколу Козенку неабходна стварыць для яго рэалізацыі навукова-творчы калектыў. Справа з удзелам тысяч ахопленых каранёвым мастацтвам Беларусі дзяцей і падлеткаў гэтага вымагае.

Хочацца верыць, што «Берагіня» пераадолее плынь абыякавасці ды непаразумення і яшчэ доўга будзе абярэгам Беларусі. Бо яна на гэта прыдатная, бо яна гэтага вартая… «Берагіня» — такое ж багацце, як лён, лес, чыстае паветра. Што на гэты конт мяркуе заснавальнік фестывалю Мікола Козенка? Думаю, яму няма часу на роздумы, бо ён ужо плануе восьмы фестываль. Раім не прапусціць — у ХХІ стагоддзі так мала сапраўднага і так шмат імітацый…

Энгельс ДАРАШЭВІЧ, доктар філасофіі, прафесар кафедры этналогіі і фальклору,

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, кандыдат культуралогіі, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў