“Творчая пілігрымка” ў родны кут класіка

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Літаратурнае свята “Каласавіны”, якое штогод ладзіцца на радзіме Песняра на мяжы кастрычніка і лістапада, займела ўжо ўласныя традыцыі. Паводле адной з іх, напярэдадні свята абавязкова псуецца надвор’е — нібы дзеля таго, каб прысутныя маглі “вярнуцца” ў той непагодны дзень, калі “позняю парою, восенню гнілою” Колас з’явіўся на свет. Лішне казаць, што арганізатары свята не маюць да паўстання гэтай традыцыі ніякага дачынення. У адрозненне ад другой — ні дождж, ні снег (а ў 23-гадовай гісторыі “Каласавін” здаралася і такое) не вызначаюць эмацыйную дамінанту гэтага дня.

 /i/content/pi/cult/135/772/Piligrymka1.jpg
Дзеля творчага сумоўя — з чытацкай аўдыторыяй, паміж сабою і ўласна з Коласам — 31 кастрычніка на Стаўбцоўшчыну зноў выправіліся пісьменнікі, літаратуразнаўцы, кіраўнікі музеяў, журналісты. Многіх з іх можна назваць “патрыётамі” гэтага свята, бо ўдзел у ім яны бяруць далёка не ўпершыню. Далучылася да іх група творцаў з Санкт-Пецярбурга і прадстаўнік беларускай дыяспары ў Даўгаўпілсе паэт Станіслаў Валодзька.
Іх уражанні ад свята лепш за ўсё характарызуе такі эпізод: пачуўшы зухаватую беларускую песню, госці не стрымаліся і пусціліся ў скокі. Дарма што ішоў дождж.
Першым пунктам своеасаблівай “творчай пілігрымкі” па коласаўскіх мясцінах сталі Акінчыцы — вёска, дзе Пясняр нарадзіўся на свет. Далей аўтобус з удзельнікамі свята рухаўся тымі пуцявінамі, якія адлюстроўвалі маршрут вандравання сям’і Міцкевічаў па родным краі: хутар Альбуць, які стаў “месцам дзеяння” знакамітай “Новай зямлі”, затым вёска Смольня, куды Колас вярнуўся пасля турэмнага зняволення і дзе ён упершыню асабіста сустрэўся са сваім духоўным пабрацімам Купалам. Менавіта гэтыя мясціны меў класік на ўвазе пад словамі “родны кут”.
Сёння ў кожнай з іх дзейнічаюць дагледжаныя аб’екты філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа, які разам з аддзелам культуры Стаўбцоўскага райвыканкама ў асобе яго начальніка, няўрымслівага рупліўца Анатоля Грэкава выступае арганізатарам “Каласавін”. Дзякуючы густоўнай і багатай на эксклюзівы музейнай экспазіцыі і
 /i/content/pi/cult/135/772/Piligrymka2-44.jpg
пранікнёным, густа прысыпаным цікавымі звесткамі расповедам экскурсаводаў, наведвальнік нібы апынаецца на старонках коласаўскіх твораў (а разам з тым — і жыцця).
— Убачыўшы старадаўнюю печку, прадстаўнікі японскай дэлегацыі вельмі здзівіліся, — распавяла загадчыца філіяла Соф’я Міцкевіч. — Ды нават пыталі, куды тут дыскету ўстаўляць.
Падчас гэтай экскурсіі, як і ў кожнай з коласаўскіх мясцін, госці свята сустракаліся з вучнямі бліжэйшых школ. Шкаляры з цікавасцю слухалі свайго земляка — пісьменніка Алеся Рыбака і радаваліся магчымасці шчырай гутаркі з сынам Песняра Міхасём Міцкевічам.
— Дзеці, хто з вас чытаў “Міхасёвы прыгоды”? — запытаў ён сваіх слухачоў у Акінчыцах. І ўбачыўшы “лес рук”, працягнуў:
— Дык вось, гэта пра мяне напісана.
Заінтрыгаваўшы такім чынам сваю аўдыторыю, Міхась Канстанцінавіч падахвочваў яе як мага болей чытаць — у тым ліку і сваіх землякоў. Балазе, гэтыя мясціны надта ж багатыя на літаратурныя таленты.Нямала дзятвы сабралася і ў Мікалаеўшчыне, дзе госці ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу.
Ды і публіка падчас “імпрэзнай” часткі “Каласавін” таксама была пераважна школьнага веку. Трохгадзінная праграма, што прайшла ў шыкоўнай зале Палаца культуры аграгарадка “Стары Свержань”, падзялілася на дзве часткі — літаратурную і музычную.Цягам першай адбылося некалькі кніжных прэзентацый — што, магчыма, запачаткуе новую традыцыю “Каласавін”. Пісьменніца і паэтка Валянціна Коўтун прадставіла свой гістарычны раман “Пакліканыя”, які распавядае пра жыццёвы шлях Еўфрасінні Полацкай, літаратуразнаўца Міхась Шавыркін — каляровую брашуру для дзетак, што распачынае серыю “Славутыя імёны” выдавецтва “Мастацкая літаратура”, а Анатоль Грэкаў — выдадзеную яго аддзелам культуры кнігу “Ой, бярозы ды сосны” Міколы Маляўкі, якая распавядае пра колішняга загадчыка філіяла Коласаўскага музея М.Семяняку.
Другая частка стала добрай аказіяй для культуры Стаўбцоўшчыны засведчыць свой патэнцыял. І аказія гэтая была скарыстана.
Пачала канцэрт арыгінальная версія прызнання ў любові да “роднага кута”, выкананая а capella ўдзельніцамі народнага ансамбля “Берагіня”. У праграме арганічна спалучыліся і зухаватая полька, і паланезы Ельскага ў выкананні ансамбля “Славяначка”, і сучасныя танцы. Добрую лепту ў імпрэзу прыўнеслі таксама і госці з Санкт-Пецярбурга.… Напрыканцы дня стома ўжо давалася ў знакі, але развітвацца ніхто з удзельнікаў свята не хацеў. Па дарозе ў Мінск запытаў у дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай, што ж з’яўляецца галоўнай прыцягальнай сілай “Каласавін”.
— Напэўна, іх прыцягальнасць менавіта ў тым, што падчас свята, якое праходзіць на радзіме Песняра, ты асабліва востра адчуваеш: духоўныя повязі паміж ім і нашымі сучаснікамі з цягам часу не знікаюць — наадварот, яны толькі ўмацоўваюцца.

Ілля СВІРЫН
Фота аўтара