А “Ручнікі” ўсё плывуць…

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

У сярэдзіне ліпеня не стала паэткі Веры Вярбы — аўтаркі слоў знакамітых “Ручнікоў”, спетых-апетых “Песнярамі”. Сышла з жыцця прыгожая жанчына, улюбёная ў прыгожае слова…

/i/content/pi/cult/387/7707/12-4.jpeg

І вось што цікава: на першай “песняроўскай” кружэлцы, якая пабачыла свет у 1971 годзе, “Ручнікі” прылічаны да беларускіх народных песень (аўтарства Веры Вярбы было пазначана на альбомах-зборніках “Песняроў” значна пазней)... Чаму маладая, але амбіцыйная паэтка захацела застацца тады ў ценю ананімнасці? Іншы на такім “зорным” піяры зрабіў бы сабе бліскучую кар’еру. Вярба тады проста прамаўчала.

— Не надта зразумела, чаму яна гэта зрабіла, — згадвае заслужаны артыст Беларусі, музыкант першага складу “Песняроў” Уладзіслаў Місевіч. — Напэўна, абсалютна не думала пра грошы (а аўтарскія адлічэнні тады былі вельмі прыстойныя!)… Адборам песень для нашага рэпертуару займаўся Уладзімір Мулявін. Шчыра кажучы, проста не ведаю, як аўтарскі твор стаў народным. Мо не надта пра гэта думалі і рэдактары на “Мелодыі”? Веру Вярбу я так і не бачыў ніколі, а ў адным жа горадзе жылі… Шкада, у рэпертуары “Песняроў” магла б аказацца не адна песня паэткі. Цяпер я разумею, што Вярба была досыць закрытым чалавекам, не любіла мітусні вакол сябе…

А вось што кажа паэт Віктар Шніп, які ў 1980-м прынёс свае вершы Веры Вярбе — супрацоўніцы часопіса “Беларусь”:

— Была яна прыгажуняй, модніцай, вызначалася прынцыповасцю і справядлівасцю…

Мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі дадае, што зборнікі Веры Вярбы ілюстраваў Арлен Кашкурэвіч, а ён у выбары аўтараў быў досыць пераборлівы і з абы-кім не супрацоўнічаў…

Паэткі няма. “Стала ціха-ціха па ўсёй зямлі”... А “Ручнікі” ўсё плывуць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"