Самы душэўны “...Куфар”

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Надзённая размова на адной мове

З 2 па 6 ліпеня ў беларускай сталіцы праходзіў ІХ Спецыяльны Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Міжнародная асацыяцыя ўніверсітэцкіх тэатраў.

Хочацца парадавацца, што за час свайго існавання “Тэатральны куфар” не проста стаў падзеяй культурнага жыцця. Невыпадкова па выніках мінулага года пад час 11-й цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў прафесійнага конкурсу “Брэнд года-2011” гэты міжнародны фестываль атрымаў сярэбраны медаль у намінацыі “Культура і мастацтва”, саступіўшы толькі “Славянскаму базару ў Віцебску”.

Сёлетні “Тэатральны куфар” шмат у якіх яго праявах можна назваць нетрадыцыйным. Ды не толькі з-за грыфа “Спецыяльны” або таго, што з восеньскіх дзён фэст перамясціўся ў сярэдзіну лета, але яшчэ і таму, што з 2 па 6 ліпеня ў Мінску на базе БДУ прайшоў ІХ Сусветны кангрэс Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў. Гэтая арганізацыя мае сваіх прадстаўнікоў у больш як 50 краінах свету.

Той факт, што ў гэтым годзе Сусветны кангрэс прымала наша супольнасць, нельга не ацаніць. І не толькі таму, што праграма ды геаграфія ўдзельнікаў, якія завіталі ў Мінск з 35 краін, была настолькі шырокай і насычанай лекцыямі, дэманстрацыямі, майстар-класамі ды лабараторнымі работамі. На фоне развіцця глабалізацыйных працэсаў і знарочыстага фарміравання штучных “цэнтраў цяжкасці”, у тым ліку і культурна-адукацыйных, з’яўленне ў беларускай сталіцы вялікай колькасці замежных навукоўцаў — тэарэтыкаў і практыкаў аматарска-педагагічнага руху — дало магчымасць пацвердзіць статус айчыннай вышэйшай адукацыі.

Што да з’явы ўніверсітэцкіх тэатраў, то нават у колах аматараў яны вылучаюцца жорстка абазначанай спецыфікай. “Цякучасць кадраў” у іх з’яўляецца фактарам пастаянным. І ці стане тое “месца” для новага пакалення аматараў сваім — залежыць ад кіраўнікоў, якія абіраюць творчую і, галоўнае, — мастацка-эстэтычную лінію існавання аматарскага тэатра.

Фестывальная праграма яскрава прадэманстравала: тэатр — своеасаблівая, размаітая і надзвычай мабільная форма... кантактаў з навакольным светам. Таму мне асабіста было цікава назіраць зусім не за ўзроўнем рэжысёрскага прачытання і акцёрскага выканання таго або іншага матэрыялу, а за тым, якімі тэатральнымі сродкамі ды спосабамі маладыя людзі з розных краін свету “адаптуюць” акаляючы іх свет.

Адны, як Тэатр Універсітэта “Атэнэа” з Манілы (Філіпіны) са спектаклем “Чыстае каханне”, увасабляюць класічны шэкспіраўскі сюжэт пра Рамэа і Джульету, змяшчаючы яго ў асяроддзе філіпінскай аўтэнтыкі. Іншыя, як Тэатр Цэнтральнай акадэміі драмы з Пекіна (Кітай), традыцыйны нацыянальны сюжэт вырашаюць выяўленчымі сродкамі сучаснага галівудскага мюзікла. Жыццё як ланцужок сустрэч-эцюдаў — такім прынцыпам карыстаюцца і Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт (Расія) у сваім спектаклі “Ілюзіён” і Тэатр-студыя “INSA Lуon” з Ліёна (Францыя) у пастаноўцы “Музей”... Імкненнем да філасофска-эмацыйнага асэнсавання жыцця можна лічыць спектаклі “Колы” Тэатра “На балконе” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і “Містэрыю кахання” Тэатра-студыі “ГаРмЫдЭр” з Луцка (Украіна).

А пастаноўку сафійскіх акцёраў “Гамлет, або Тры хлопчыкі і адна дзяўчынка” Тэатра-лабараторыі “Alma Alter” Сафійскага ўніверсітэта варта было б прылічыць да спроб тэатральнага псіхааналізу. “Злачынства і пакаранне”, якое прадставілі акцёры з Пайсанда (Уругвай), — спроба праз рускую класіку спасцігнуць іншую, не ўласцівую ім, эстэтыку псіхалагічнага тэатра, а спектакль “Пагавары са мной” Творчай даследчай лабараторыі “IACE” Універсітэта штата Нью-Ёрк з Бафала (ЗША) я асабіста прылічыла б да спроб сацыяльнай псіхакарэкцыі сродкамі тэатральнага мастацтва.

Нягледзячы на разнастайныя выяўленчыя сродкі і тэмы, што хвалююць кожны з тэатраў, практычна ўсіх іх аб’ядноўвае важнае імкненне: быць актуальнымі, размаўляць на адной мове з людзьмі. І — закранаць насамрэч надзённыя тэмы сучаснасці.

Часам практыкі тэатра становяцца своеасаблівым заложнікамі тэатральных фестываляў: вандруючы ад аднаго да другога творчага фэсту, ловіш сябе на думцы, што ўсе яны зліваюцца ў адну агульную чараду спектакляў, сустрэч, размоў, “круглых сталоў”, так што бывае складана нават іх адрозніць. Варта адзначыць, “Тэатральнаму куфару” ў гэтым сэнсе пазнавальнасці і адметнасці зусім не бракуе. І гэта шмат у чым заслуга арганізатараў, што пазіцыянуюць яго як “самы душэўны фестываль”. Нефармальная атмасфера стасункаў і адкрытасць праграмы — вось тое, што “Тэатральны куфар” выгадна вылучае з шэрагу іншых аналагічных імпрэз. І гэта таксама частка фестывальнай стратэгіі: “Мы доўга думалі, — кажа дырэктар фестывалю Кацярына Саладуха, — чым жа наш форум адрозніваецца ад астатніх. І прыйшлі да высновы, што мы — не эстраднае шоу і не прафесійны тэатр, а тое мерапрыемства, дзе акцёр-студэнт і глядач могуць размаўляць па душах, не заўсёды разумеючы адно аднаго вербальна, але разумеючы эмацыянальна”.

Яшчэ адной прыкметай “душэўнасці” фестывалю сталася тое, што сёлета адзінай адзнакай, за якую змагаліся калектывы-ўдзельнікі, быў Прыз глядацкіх сімпатый. Ён вызначаўся шляхам галасавання пасля кожнага са спектакляў. У выніку тэатральная аўдыторыя выказала сваю прыхільнасць да “Вечароў з Чэхавым” літоўскага Тэатра “PS09” Універсітэта прыкладных навук г. Вільнюса. Другое месца па выніках галасавання, адстаючы ад пераможцы ўсяго на адну дзясятую бала, падзялілі “Чыстае каханне” Тэатра Універсітэта “Атэнеа” г. Маніла (Філіпіны) і “Музей” Тэатра-студыі “INSA Lyon” Нацыянальнага інстытута прыкладных навук г. Ліён (Францыя). Трэцім стаў “Гамлет, або Тры хлопчыкі і адна дзяўчынка” Тэатра-лабараторыі “Alma Alter” Сафійскага ўніверсітэта (Балгарыя).

Але сапраўднымі пераможцамі аказаліся ўсе: і ўдзельнікі творчага форуму, і гледачы — тыя, для каго тэатральнае мастацтва — не проста адзін з відаў творчасці, а спосаб глядзець на жыццё і бачыць яго такім, якім яно можа быць: прыгожым, яркім, адкрытым…