Сустрэчы на “Славянскім...”

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

У рамках ХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбыўся шэраг рабочых сустрэч міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі.

Так, як мы паведамлялі, 12 ліпеня Павел Латушка сустрэўся з міністрам культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Мядзінскім. Галоўнай тэмай перамоў міністраў сталася абмеркаванне новай праграмы супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі на 2013 — 2014 гады.

Наступным днём, 13 ліпеня, Павел Латушка сустрэўся з намеснікам міністра культуры Расійскай Федэрацыі Андрэем Бусыгіным. Пад час сустрэчы было абмеркавана напаўненне праграмы супрацоўніцтва канкрэтнымі мерапрыемствамі. У прыватнасці, разгледжана магчымасць арганізацыі сумесных культурных праектаў. Таксама цягам сустрэчы былі абмеркаваны пытанні актывізацыі адносін у сферы музейнай справы і выставачнай дзейнасці паміж дзвюма краінамі. Да прыкладу, дасягнуты дамоўленасці па абмене музейнымі экспазіцыямі, а таксама аб удзеле расійскага боку ў Першым нацыянальным музейным форуме “Музеі Беларусі”. У сваю чаргу, беларусы паўдзельнічаюць у чарговым Міжнародным фестывалі музеяў “Інтэрмузей”, які запланавана правесці ў Маскве.

16 ліпеня прайшла сустрэча міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі з намеснікам міністра культуры Украіны Аляксандрай Губінай. Пад час перамоў, у прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні далейшых перспектыў развіцця двухбаковага беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў сферы культуры, а таксама была дасягнута дамоўленасць аб рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва на 2013 год. Да таго ж, абмеркавана магчымасць правядзення ў Мінску ў лістападзе бягучага года выстаўкі сучаснага мастацтва ды запланаваны ўдзел прадстаўнікоў абедзвюх дзяржаў у культурных праектах на тэрыторыі Беларусі і Украіны.

18 ліпеня міністр сустрэўся з кіраўніцтвам і трупай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. На сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы далейшай творчай дзейнасці тэатра з улікам змен у кіраўніцтве ўстановы, пытанні развіцця матэрыяльнай базы тэатра ды некаторыя іншыя пытанні. Таксама была разгледжана магчымасць арганізацыі і правядзення новага праекта — Міжнароднага тэатральнага фестывалю на адкрытай пляцоўцы ў Музеі-сядзібе Ільі Рэпіна “Здраўнёва”.

У гэты ж дзень, 18 ліпеня, у Віцебскім аблвыканкаме Павел Латушка правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі абласнога цэнтра па пытаннях развіцця сферы культуры рэгіёна, а пасля сустрэўся з кіраўніцтвам Мастацкага музея горада. Пад час сустрэчы была абмеркавана магчымасць арганізацыі выстаўкі адной карціны Марка Шагала з фондаў Нацыянальнага музея Сербіі ў Бялградзе.