Правілы Дунаеўскага

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Знакаміты кампазітар Максім ДУНАЕЎСКІ раней бываў на нашым фестывалі госцем. І запрашэнне ўзначаліць журы Міжнароднага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску” прыняў адразу. Знайшоў Максім Ісакавіч і колькі хвілін, каб пасля "Зорнай гадзіны" эксклюзіўна для "К" адказаць на некалькі пытанняў.

- Ваш фестываль ператварыўся ў адзін з найбольш маштабных, грандыёзных. Гэта папраўдзе жывы арганізм, які развіваецца, "дыхае", а на конкурс пачынаюць прыязджаць усё больш цікавыя і таленавітыя выканаўцы. З ім не вытрымлівае параўнання нават "Новая хваля" ў Юрмале, якая з кожным годам становіцца ўсё больш незразумелай, выклікае шмат нараканняў з-за неаб'ектыўнасці. Увогуле, шлях, абраны вашым фестывалем і скіраваны на яднанне славянскіх культур ды пошук свайго "славянскага" стылю, заслугоўвае шырокай увагі.

Адрозненне сучаснай расійскай эстрады - малая колькасць запамінальных мелодый. Я не спрачаюся: няхай гэта будзе новая мова, але яна павінна быць менавіта мовай, а не гэткім нягеглым наборам гукаў. Здараецца, я падтрымліваю маладых кампазітараў, але, як паказвае практыка, хутчэй "раскручваюцца", на жаль, не больш таленавітыя, а ўсяго толькі больш "прабіўныя". Песні мне замаўляюць, але я, у асноўным, адмаўляюся, як і многія іншыя мае калегі. Бо прафесійным музыкантам, якія скончылі ў свой час кансерваторыю, не хочацца зніжацца да ўзроўню "масавага карыстальніка". Мая творчасць сёння, па песенных мерках, - "нефармат", але я працягваю працаваць - у іншых жанрах. Па ўсёй краіне ідуць мае мюзіклы - тыя ж "Пунсовыя ветразі". І на пытанне "Што вы лічыце за поспех?" адказваю: "Чаргу па білеты". Зараз, дарэчы, пішу мюзікл "Пунсовая кветачка". Завяршыў музыку да фільма "Уланская балада", прысвечанага 200-годдзю Барадзінскай бітвы.

/i/content/pi/cult/387/7690/2-2.jpeg

З кіно ў мяне ўвогуле звязана шмат цікавага і нават смешнага. Я нават сам здымаўся: у камедыйным дэтэктыве "Без правілаў" сыграў ролю кампазітара. Тэлевізар я ўключаю, у асноўным, калі трэба... заснуць. І вось маю ўвагу прыцягнуў нейкі расійскі фільм. Дакладней, музыка ў ім. Пачаў глядзець. І аналізаваць: вось тут, маўляў, зроблена нічога, а там - не, кампазітар "схалтурыў". Песня - нічога сабе, але прыпеў - не вельмі. А дайшоў да цітраў - музыка... Максіма Дунаеўскага.

- Ваша супрацоўніцтва з тэатрамі пачалося яшчэ з гадоў навучання, калі вы добра кантактавалі са студэнцкім тэатрам Маскоўскага ўніверсітэта...

- У гэтым сэнсе мне ў свой час проста пашанцавала, бо я з самага пачатку атрымаў практычныя веды. На жаль, сёння кампазітары не прыстасаваны для працы ў тэатры і кіно. Іх навучаюць усяму, акрамя гэтага. Тыя грунтоўныя веды і прафесійныя навыкі, што яны атрымліваюць, - папраўдзе неабходныя: менавіта яны складаюць падмурак прафесіі кампазітара. Але ў кожнага жанру ёсць асаблівасці, і далёка не ўсе могуць самі спазнаць тыя прынцыпы, на якіх засноўваецца музыка для тэатра і кіно. Нарэшце, навошта кожнаму паасобку вынаходзіць веласіпед? Ведаю, што неаднойчы рабіліся спробы прасунуць у Маскоўскай кансерваторыі хаця б нейкі факультатыўны курс, дзе выкладалі б я, Аляксей Рыбнікаў, іншыя аўтары мюзіклаў. Так магла б скласціся пераемнасць. Але адказалі, што гэта не патрэбна...

- Наколькі, на вашу думку, прадуктыўна аб'яўляць конкурсы на напісанне буйных тэатральных твораў - тых жа мюзіклаў?

- Не ведаю, але, здаецца, гэта наўрад ці прынясе поспех, бо першымі адгукнуцца непрафесіяналы. Ва ўмовах, калі ўстановы адукацыі не хочуць ісці насустрач запатрабаванням часу, тэатры павінны самі ствараць свае школы-студыі, шукаць сярод кампазітарскай моладзі, у тым ліку ў глыбінцы, прыдатныя для тэатра кадры - і ўжо далей "гадаваць" сваіх аўтараў, паступова прыцягваючы іх да вырашэння ўсё больш складаных задач. У Расіі, да прыкладу, гэта робіць Свярдлоўскі тэатр музкамедыі, які "вырошчвае" кадры для ўсёй краіны. Такая ж праца ідзе ў Новасібірскім тэатры "Глобус", у Пярмі, Саратаве, Самары, Краснаярску... Узгадаю і такі выпадак. Пытаюся неяк у адным маскоўскім тэатры, чаму, маючы аркестр, яны даюць мюзіклы пад фанаграму, што, я лічу, супрацьпаказана гэтаму жанру. Адказваюць: "А ў нас дрэнны аркестр..." Тады навошта трымаць такі? Насамрэч, дрэнных аркестраў не бывае. Павінны быць добры дырыжор і добрая музыка. А яшчэ - кампазітарскае ўменне напісаць такую партытуру, каб слабыя месцы музыкантаў (і ў тым ліку - вакалістаў) не былі б заўважнымі. Усё гэта - таксама складнік прафесіі кампазітара...

Апошняе выказванне, дарэчы, Максім Дунаеўскі з поспехам пацвердзіў на канцэрце Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Салісты гэтага калектыву, перайшоўшы да яго песень, нечакана заспявалі... яшчэ лепш! Быццам у іх адкрылася "другое дыханне", а голас набыў новыя тэмбравыя адценні. Што ж, у такім раптоўным павышэнні спеўнага майстэрства была і доля кампазітара. Можа, і нашым аўтарам павучыцца?..

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Мінск — Віцебск — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"