Так, сваё бачанне праблемы стварэння прывабнага ансамбля драўляных вуліц Гомеля мае мясцовы архітэктар Сяргей Ляпін, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, які распрацаваў праект Культурна-забаўляльнага квартала ў старым горадзе над Сожам.
Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" Сяргей Ляпін, пад час працы над праектам яму даводзілася звяртацца па кансультацыі да прафесіяналаў у галіне гісторыі, горадабудаўніцтва, улічваць ранейшы вопыт. Як вынік - кожная дэталь у гэтым 3D-макеце (ад уласна дэкору да разных дзвярэй і самой пабудовы) - дакладная копія гомельскай традыцыйнай архітэктуры, што была адноўлена па дакументах ды графічных выявах.
Разам з тым, галоўны клопат маладога архітэктара - рэалізацыя задуманага праекта, кошт якога, безумоўна, вымяраецца не адным мільёнам рублёў. Па яго словах, зараз вядзецца пошук патэнцыйных інвестараў.