У холадзе шоўку і цяпле ворсу

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

1 лістапада ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі пры арганізацыйнай падтрымцы Пасольства Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка батыку і габелена казахскай мастачкі Заўрэ Смагулавай. Экспазіцыю адкрылі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Болат Іскакаў, дырэктар музея Сяргей Вечар і навуковы супрацоўнік Траццякоўскай галерэі Вера Галавіна.

 /i/content/pi/cult/135/768/Kazah-44.jpg
— Гэта першая выстаўка Заўрэ ў нашым музеі ды ўвогуле ў Беларусі, — сказаў С.Вечар, — і другое наша супрацоўніцтва з Казахстанам. Нагадаю, першая выстаўка казахскіх мастакоў у нашым музеі адбылася ў 1994 г. Мы плануем і надалей працягваць і ўмацоўваць плённае супрацоўніцтва з Казахстанам.
Як адзначыла В.Галавіна, у творах З.Смагулавай спалучаны, з аднаго боку, нацыянальная традыцыя, прыналежнасць аўтара да цывілізацыі намадаў — качэўнікаў Еўразіі, а з другога — сучаснасць, самастойны почырк і аўтарскі стыль.
— Мае габелены падобны на абстракцыю і барэльеф, — кажа мастачка, — яны ў большасці беспрадметныя і аб’ёмныя на плоскасці тканага палатна, але ў гэтым не толькі мая аўтарская тэхніка, а і традыцыі казахскага мастацтва. Прынцыпы, закладзеныя ў маіх работах, традыцыйныя для казахскіх габеленаў, у якіх спалучаецца ткацтва гладдзю і аб’ёмны сімвалічны арнамент ворсам. Нацыянальныя матывы і этнічную атмасферу адлюстроўвае і батык. Але ўсё гэта цалкам — аўтарскія стылізацыі. Дадзеная экспазіцыя была зроблена спецыяльна для Беларусі, каб прадставіць мастацтва казахаў, паказаць нашу традыцыйную культуру.

Наш кар.
На здымку:
Надзвычайны і Паўнамоцны
Пасол Казахстана ў Беларусі Болат Іскакаў
і мастачка Заўрэ Смагулава
падчас адкрыцця выстаўкі.