— Гэта першая выстаўка Заўрэ ў нашым музеі ды ўвогуле ў Беларусі, — сказаў С.Вечар, — і другое наша супрацоўніцтва з Казахстанам. Нагадаю, першая выстаўка казахскіх мастакоў у нашым музеі адбылася ў 1994 г. Мы плануем і надалей працягваць і ўмацоўваць плённае супрацоўніцтва з Казахстанам.
Як адзначыла В.Галавіна, у творах З.Смагулавай спалучаны, з аднаго боку, нацыянальная традыцыя, прыналежнасць аўтара да цывілізацыі намадаў — качэўнікаў Еўразіі, а з другога — сучаснасць, самастойны почырк і аўтарскі стыль.
— Мае габелены падобны на абстракцыю і барэльеф, — кажа мастачка, — яны ў большасці беспрадметныя і аб’ёмныя на плоскасці тканага палатна, але ў гэтым не толькі мая аўтарская тэхніка, а і традыцыі казахскага мастацтва. Прынцыпы, закладзеныя ў маіх работах, традыцыйныя для казахскіх габеленаў, у якіх спалучаецца ткацтва гладдзю і аб’ёмны сімвалічны арнамент ворсам. Нацыянальныя матывы і этнічную атмасферу адлюстроўвае і батык. Але ўсё гэта цалкам — аўтарскія стылізацыі. Дадзеная экспазіцыя была зроблена спецыяльна для Беларусі, каб прадставіць мастацтва казахаў, паказаць нашу традыцыйную культуру.
Наш кар.
На здымку:
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Болат Іскакаў
і мастачка Заўрэ Смагулава падчас адкрыцця выстаўкі.