Намаляваць родны горад

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Мастакоўскія акцэнты да “Славянскага базару...”

/i/content/pi/cult/386/7679/1-6.jpg

Лішне нагадваць, што Віцебск - вялікае палатно, да якога дакраналіся і дакранаюцца пэндзлем не абы-якія мастакі. Дырэктар Віцебскага цэнтра сучасных мастацтваў Андрэй ДУХОЎНІКАЎ у вышэйназваным ніколькі не сумняваецца. У тым ліку і з той прычыны, што ЦСМ якраз гэтымі, ледзь не штодзённымі, пацвярджэннямі віцебскіх мастакоўскіх вартасцей і займаецца без стомы.

У выставачным "жанры" Цэнтр цяпер рэалізоўвае тры праекты. Першы - "Genius Loci". Своеасаблівая прэзентацыя творчасці "геніяў месца", а дакладней - сучасных мастакоў Віцебска... Другі - "Жывапіс, графіка". Выстаўка месціцца ў Музычнай гасцёўні (ля фестывальнага Амфітэатра) і прадстаўляе больш традыцыйныя па выкананні работы віцебскіх майстроў. Трэцяя - "Маляваны экватар". Выстаўка дубліруе міжнародны праект, але ў віцебскай інтэрпрэтацыі. Кіраўнік ЦСМ тлумачыць, што 50 загрунтаваных палотнаў памерам 20х20 сантыметраў былі загадзя раздадзены жыхарам горада - не толькі мастакам... Кожны з іх запоўніў палатно сваім уяўленнем аб рэчаіснасці. Атрымаўся цыкл з паўсотні бачанняў віцебскага жыцця.

Адна з яркіх мастацка-мастакоўскіх адметнасцей "Славянскага базару..." - "Віцебскі вернісаж". Гэта своеасаблівы фестываль у фестывалі. Справа ў тым, што "...Вернісаж" даўно стаў нагодай для сустрэч выхаванцаў Мастграфа. Самаму сталаму, да прыкладу, - семдзесят, а наймаладзейшы - яшчэ студэнт...

Дык вось, "Віцебскі вернісаж" гэтымі днямі віруе, як і заўжды, на вуліцах Суворава і Талстога. Для таго, каб паўдзельнічаць у свяце пэндзля і алоўка, у Віцебск, як распавядае Андрэй Духоўнікаў, прыехала 150 мастакоў з усёй Беларусі ды плюс мясцовыя творцы.

І яшчэ адна адметнасць сёлетняга "Славянскага базару...", а дакладней - ягонага творчага атачэння. У гэтым годзе, па словах Андрэя Духоўнікава, народныя майстры з-за сваёй шматлікасці проста змушаны "выйсці з берагоў" Цэнтра народных расмёстваў і мастацтваў "Дзвіна". Выстаўка-кірмаш іхніх твораў працуе і ў парку Пераможцаў, што месціцца ля плошчы Перамогі.

У парку гэтым гарадскія ўлады правялі грунтоўнае добраўпарадкаванне. І менавіта тут, дзе распачынае дзейнасць адзін з асноўных "мікрараёнаў" "Горада майстроў", чакаецца фестывальны бум гулянняў...

Апошні нюанс пераўтварэнняў. "К" пісала летась, што будынак колішняга Вышэйшага народнага мастацкага вучылішча (у якім Марк Шагал марыў стварыць мастацкую акадэмію) стаў філіялам Цэнтра сучаснага мастацтва. Кіраўнік установы паведамляе, што цяпер у гэтым будынку працягваюцца рамонтныя работы. Тут праз час будзе арганізаваны Музей мастацтва. Канцэпцыя яго ўжо гатова. Але гэта тэма для асобнага артыкула.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"