Фестываль пачынаецца з…

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Суб’ектыўныя нататкі з Дуброўна

/i/content/pi/cult/386/7676/1-2.gif

У Беларусі доўжыцца фестывальнае лета. Напрыканцы чэрвеня гасцей прымала Дуброўна. Гэтае мястэчка непадалёк ад мяжы са Смаленшчынай традыцыйна збірае самадзейных артыстаў з Беларусі, Украіны, Расіі, іншых славянскіх краін, а таксама прадстаўнікоў славянскіх дыяспар на постсавецкай прасторы. Сёлетні фестываль "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" - дзевятнаццаты па ліку. Гэтым разам акрамя згаданых вышэй трох сталых краін-удзельніц сваю прысутнасць на ім засведчылі Сербія, Латвія, Літва і Эстонія.

"Дняпроўскія галасы" - фестываль у пэўнай ступені настальгічны. Упершыню ён прайшоў у 1993-м (Дуброўна тады адзначала сваё 600-годдзе) і меў "постсавецкі" фармат ды адпаведны кантэкст. Нездарма ягоным гімнам з таго часу лічыцца "Песня пра Днепр" Яўгенія Далматоўскага. Сёння іншыя рэаліі, але фестываль, па меркаваннях тых, хто сочыць за яго гісторыяй, застаўся шмат у чым ранейшым. У гэтым - яго цікавасць. Але тое, што цалкам натуральна кладзецца на жыццёвы досвед і думкі старэйшага пакалення, для моладзі, якая нарадзілася ў суверэннай Беларусі, трэба, відаць, даносіць у больш сучаснай форме.

22 чэрвеня фестываль распачаўся мітынгам-рэквіемам ля Мемарыяльнага комплексу "Рыленкі". У той жа дзень у раённым Доме культуры адбыўся канцэрт пад назвай "Ад нас, што не бачылі вайны". У ім прымалі ўдзел пераможцы раённага конкурсу "Песні юнацтва нашых бацькоў". Адкрыццё фестывалю адбылося наступным днём ля помніка Герою Савецкага Саюза Ганне Нікандравай. Афіцыйнай частцы папярэднічаў дзіцячы мастацкі пленэр "Я малюю свой горад". Потым артысты раз'ехаліся на гастролі па наваколлі. А ўвечары адбыўся канцэрт патрыятычнай песні, які плаўна перайшоў у дыскатэку. Кульмінацыя свята традыцыйна прыпадае на трэці дзень, на мерапрыемствах якога пабываў я. Удзельнікі прайшлі шэсцем ад цэнтральнай плошчы Дуброўна да стадыёна, дзе адбыўся гала-канцэрт.

Калі не зважаць на дробязі, дык фестываль - з характэрнай атмасферай разняволенасці і станоўчым настроем. Ды ўсё ж, прымаючы яго цягам дзевятнаццаці гадоў, мяркую, варта было б парупіцца уладам раёна, каб галоўная "сцэнічная пляцоўка" - гарадскі стадыён - набыла больш прыстойны выгляд. У мяне склалася ўражанне, што гэтую спаруду не рамантавалі грунтоўна ці не з савецкіх часоў. Мясцовая гасцініца, мабыць, разлічана толькі на рэдкіх камандзіровачных, бо ўдзельнікаў форуму з года ў год размяшчаюць у інтэрнаце мясцовага сельскагаспадарчага каледжа. А калі б насамрэч панаехала гасцей, тым больш - з замежжа, то дзе яны змогуць атабарыцца на тры фестывальныя дні? Дык што, фестываль - выключна для сваіх, дубровенскіх?

Аматарскае мастацтва сёння мае тэндэнцыю да засваення шляхецкай традыцыі. І "Дняпроўскія галасы" не застаюцца ўбаку. Артысты са Слуцка гэтым разам знаходзіліся на сцэне разам з сябрамі рыцарскага клуба. Афіцыйны сцяг горада і сцяг рыцарскай харугвы луналі побач, калі гучала песня пра Слуцк, у якой услаўляўся і слуцкі пояс. Гэта рэаліі новага часу - дзевятнаццаць гадоў таму такога не было.

Ужо пасля заканчэння фестывалю я гутарыў з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Людмілай Дударавай. І, зразумела, першым пытаннем было: на якія грошы ладзіцца фестываль? Ён не фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту - тут задзейнічаны адно абласныя ды раённыя сродкі. Ёсць яшчэ спонсарскія грошы - імі аплачваецца феерверк, верталёт, што кружыць над стадыёнам, і прысутнасць на свяце хору імя Цітовіча. Параўнанне дубровенскага фестывалю з маладзечанскім ці пастаўскім - некарэктнае: там іншая матэрыяльная база ды арганізацыйныя магчымасці. А стадыён, дзе праходзіць заключны канцэрт, аддзелу культуры не належыць. Толькі раз на год на ім ладзіцца фестывальны канцэрт, так што рэканструяваць яго на грошы, выдаткаваныя на культуру, не выпадае. Будаваць амфітэатр кшталту маладзечанскага для горада з насельніцтвам у сем тысяч - занадта вялікая раскоша. Вось і атрымліваецца, што фестываль Дуброўна мае, а сцэнічную пляцоўку, вартую форуму, - не.

Пытаюся пра тое, ці ні было б лагічна прыцягнуць у фестывальную скарбонку расійскія ды ўкраінскія грошы, пашырыўшы кола арганізатараў і спонсараў. Фестываль ладзіўся ад пачатку як беларуска-ўкраінска-расійскі, як свята народаў Падняпроўя, адзначае Людміла Дударава, і было б някепска, каб Украіна і Расія спрычыніліся да яго арганізацыі. Але такія пытанні вырашаюцца, відаць, не на раённым узроўні.

Каментарый з нагоды

Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл РЫБАКОЎ:

— Фестываль задумваўся як свята пабрацімства Беларусі, Украіны і Расіі, потым стаў міжнародным. Мы запрашаем артыстаў з замежжа да ўдзелу ў нашым свяце, але ні пад каго ні падстройваемся. Гэты фестываль не пафасны, не “зорны” — ён папраўдзе народны. Гэта яго асаблівасць.

Фестываль неяк меўся прысябечыць Смаленск — давялося юрыдычна зарэгістраваць яго як дубровенскі брэнд. З 2005 года ў “Дняпроўскіх галасах…” прымаюць удзел прадстаўнікі беларускай дыяспары на постсавецкай прасторы. А зараз імі зацікавіліся і нацыянальныя супольнасці Беларусі. Такім чынам, фестываль развіваецца і мае будучыню.

Гасцініца — маленькая, а ў час фестывалю гасцей размяшчаюць у інтэрнаце. Гэта, самі разумееце, не пяцізоркавы гатэль, але побытавыя выгоды ёсць. Думаю, на фестывалі, у Дуброўне і наваколлі, на першым месцы — не камфорт, а чалавечыя стасункі.

З кожнага фестывалю Дуброўна мае матэрыяльныя набыткі. Пад гэтае мерапрыемства з раённага бюджэту выдаткоўваюцца грошы на добраўпарадкаванне будынкаў і вуліц. Ды і галоўная пляцоўка “Дняпроўскіх галасоў…” — мясцовы стадыён — хоць і патрабуе сур’ёзнай рэканструкцыі, але выглядае лепш, чым колькі гадоў таму. Можна сказаць, што для Дуброўна “Дняпроўскія галасы…” — мерапрыемства культураўтваральнае. Я ўжо казаў, што гэты фестываль не пафасны — народны, але пасля яго заканчэння ў Дуброўне можна пабачыць і зорак беларускай эстрады: ладзячы гастрольны тур напярэдадні “Славянскага базару…”, яны, звычайна, прыязджаюць і ў Дуброўна. І гэта адбываецца таму, што дзякуючы фестывалю горад займеў адпаведны імідж.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"