Відаць, было б наіўна меркаваць, што ўсе тыя больш як сем тысяч чалавек, якія прыехалі ў гэты куток Маладзечаншчыны, апынуліся там выключна дзякуючы прыцягненню Слова Песняра. Іншая справа, калі магія і магніт гэтага слова літаральна паланяюць на зямлі Янкі Купалы. І не пакідаюць абыякавымі.
Таму Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў "З адною думаю аб шчасці Беларусі..." аказалася каталізатарам ды ўзорам добрага густу ў масавых мерапрыемствах. І прыцягальны ў гэтым выпадку не толькі сам фармат "паэтычнага пленэру", але і вытрыманы арганізатарамі (Міністэрства культуры, Літаратурны музей імя Янкі Купалы, Мінаблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі) акцэнт на беларускім слове.
Хацелася б хіба аднаго: каб на наступных падобных імпрэзах той жа літаратурны складнік яшчэ больш падтрымала публіка, што была задзейнічана гэтым разам у акцыі "Чытаем Купалу разам". Ды і літаратары - удзельнікі чытанняў на галоўнай сцэне, многія з якіх, не прачытаўшы верш са спадчыны Янкі Купалы (хаця б у якасці даніны павагі да класіка), агучылі толькі свае творы. Усё ж "верш-коду", як і дрэс-коду, варта прытрымлівацца...
С.Т.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ