Містыка vs. квазірэалізм?

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

З якога трона не ўпадзе карона?

/i/content/pi/cult/386/7670/2-2.jpegАкурат у дзень нараджэння Янкі Купалы, 7 ліпеня, у Мінскім абласным драматычным тэатры адбылася не проста прэм'ера спектакля "да 130-годдзя". Гэта была і прэм'ера п'есы Анатоля Дзялендзіка "Карона з кахання". У савецкія часы значнасць культурнай падзеі вызначалася словазлучэннем "упершыню ў Беларусі". Для новай жа прэм'еры такое азначэнне будзе надта вузкім. Геаграфічна. Прафесар Вадзім Салееў справядліва заўважыў у час абмеркавання спектакля, арганізаванага тэатрам пасля прагляду: "Бадай, упершыню ў свеце на драматычную сцэну выведзены такія кіраўнікі НКУС СССР, як Ягода і Яжоў". Да ўсяго, сцэнічны вобраз Ягоды, удала знойдзены Аляксандрам Пашкевічам, аказаўся бадай самым запамінальным момантам пастаноўкі Венедыкта Расстрыжэнкава.

Слова "ўпершыню" ў дачыненні да прэм'еры і сапраўды можна ўжываць неаднаразова. Упершыню асоба вялікага паэта разглядаецца скрозь прызму яго кахання да Паўліны Мядзёлка. Упершыню - тлустым слоем крыкліва-парадыйных фарбаў малюецца партрэт жонкі Уладзіславы Францаўны як гэткай "сварлівай мяшчанкі", што, маўляў, раптам стала потым "добрай удавой", прыклаўшы шмат намаганняў для ўвекавечання памяці пра свайго мужа. Гэтак жа ўпершыню ўвасабляюцца фантасмагарычна-гіпатэтычныя сустрэчы Купалы з Ягодам і Яжовым. Так што з параметрам "навізны" (без прэтэнзій на навуковую дакладнасць) у прэм'еры ўсё ў парадку.

/i/content/pi/cult/386/7670/2-1.jpegПачатак спектакля абнадзейвае. Сцэнаграфія Дар'і Волкавай вытрымана ў аксамітна-шэрых, сцішаных тонах, што нагадваюць старыя "пацёртыя" кадры фота ці кіно. Два сталы ў розных баках - абедзенны і пісьмовы - класічны падзел на "жыццё" і "творчасць". Дзве незразумелыя спачатку ўрны-чашы гэтак жа сімвалізуюць дуалізм жыцця і смерці, фізічнай смертнасці і духоўнай неўміручасці, гістарычнай дакладнасці і мастацкай прыдумкі. З той ёмкасці, што на авансцэне, таямнічая жанчына (Мядзёлка ў сталасці) узнімае ці то попел, ці то пыл, нібыта хоча ўваскрэсіць у памяці мінулае. З другой, што ў глыбіні сцэны, героі раз-пораз будуць распырскваць далонямі ваду - то жывую, а то і быццам мёртвую. У зададзенай сістэме каардынат абсалютна натуральна ўспрымаецца чырвонае палотнішча, што з жудасным грукатам-скрыгатам падае долу. Усе разумеюць: гэта заўчасная, ахінутая тайнамі, смерць Купалы. І зусім ненатуральна глядзяцца многія надта "рэалістычныя" сцэны. Ці ж не парадокс? Містыка ўспрымаецца "сапраўднай рэчаіснасцю", а квазірэалізм - не?

Больш пераканаўча гэтае "сутыкненне светаў" пазначана ў музыцы Алены Атрашкевіч. "Факты" яна ўвасабляе цытатамі ці стылізацыяй, "мастацкія прыдумкі" - уласным аўтарскім матэрыялам. Вянчаюць музычнае афармленне дзве лейттэмы - рамантычнага кахання і гадзінніка, які ўвесь час нібыта паварочваецца, выклікаючы мігценне сна і явы.

Я мела папярэдняе знаёмства з п'есай колькі месяцаў таму. Мне, як і аўтару драматургічнага аповеду, зусім не даспадобы "забранзавелыя помнікі", у чараду якіх мы ўсё больш ператвараем сваю жывую гісторыю. Але проста павярнуць усё на 180 градусаў у іншы бок - гэта яшчэ не значыць знайсці ісціну. Звычайна яна дзесьці пасярэдзіне. Дый у мастацтве нашмат важнейшае заўсёды нават не "што", а - "як". Пакуль найбольш удалым прыкладам сумяшчэння ў п'есе з'яўляецца прынцып двухмоўя: Купала і яго жаночае атачэнне размаўляюць па-беларуску, Максім Горкі, Ягода, Яжоў - па-руску. Астатнія "сумяшчэнні" - кахання і палітыкі, меладрамы і гістарычнага дэтэктыву - патрабавалі б дзвюх розных п'ес. А галоўнае - філіграннай адточанасці, усебаковай абдуманасці самой канструкцыі і кожнай фразы. Пакуль рэжысёрскія спробы штосьці скараціць ці перарабіць застаюцца толькі "касметычнымі мерамі".

Можна толькі падзякаваць маладзечанцам, што яны, нягледзячы на ўсе складанасці, у тым ліку фінансавыя, здолелі "выклікаць агонь на сябе", увасобіўшы п'есу і запрасіўшы на абмеркаванне спектакля самых знаных тэатральных крытыкаў на чале з Таццянай Арловай. Тая спачатку "разграміла ўшчэнт" убачанае, а потым прапанавала слушны ход, які дапаможа пастаноўшчыкам пазбегнуць многіх нараканняў на свой адрас. У новым сезоне, калі тэатр будзе рыхтаваць спектакль да паказу ў сталіцы, удасканаляцца "ўваходжанні" акцёраў у свае ролі, асэнсуюцца рэжысёрскія ходы. А галоўнае - такі спектакль прыцягне ўвагу да асобы і творчасці паэта. Дапаможа пераасэнсаванню біяграфічных дэталей. Пракладзе шлях да больш рознабаковага, часам спрэчнага, адлюстравання гістарычных асоб. Замацуе ўсведамленне розных падыходаў да мінулага: не толькі піетэтна-маналагічнага прынцыпу, але і дыскусійна-дыялагічнага, які вымушае не адно "праглынуць", а спачатку задумацца. І нават - аспрэчыць убачанае!..

На здымках: сцэны са спектакля "Карона з кахання".

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"