Восеньскі плён

№ 44 (810) 03.11.2007 - 09.11.2007 г

Сёлетняя восень надзвычай багатая на “ўраджай” культурных мерапрыемстваў. Гэтую прыемную акалічнасць адзначыў міністр культуры Уладзімір Матвейчук падчас планавай сустрэчы з журналістамі айчынных СМІ. Ён праінфармаваў прысутных аб тых культурных мерапрыемствах, якія прайшлі ў кастрычніку, а таксама падзяліўся рабочымі планамі на лістапад.

Сярод знакавых мерапрыемстваў лістапада — Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”, які літаральна ў гэтыя дні праходзіць на сталічных тэатральных сцэнах, святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, 60-годдзе Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і 75-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, бенефіс народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной, юбілей заслужанага дзеяча мастацтваў РБ А. Мдзівані, міжнародныя фестывалі “Беларуская музычная восень” у Мінску, сучаснай харэаграфіі “IFMC” у Віцебску, арганнай музыкі “Званы Сафіі” ў Полацку.
Асобная ўвага была нададзена падрыхтоўцы і правядзенню ХІV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пройдзе з 17 па 24 лістапада. Аднак слова “мінскі” ў яго назве зусім не азначае тэрытарыяльнай абмежаванасці, і галоўнай адметнасцю сёлетняга “Лістапада” станецца тое, што фестываль ахопіць літаральна ўсе вобласці нашай краіны. Фестывальныя паказы і канцэртная праграма “За таленавітую Беларусь!” пройдуць ва ўсіх нашых абласцях і абласных цэнтрах. Так што фестываль разгорнецца ў рэспубліканскім маштабе.
На сённяшні дзень сваю згоду на ўдзел у “Лістападзе” пацвердзілі творчыя дэлегацыі з 34 краін свету. Упершыню ў конкурснай праграме “Лістапада” заяўлены стужкі кінематаграфістаў з Ізраіля, Венгрыі, Даніі, Карэі, Чэхіі, Індыі. Традыцыйна, акрамя конкурсных паказаў у рамках фестывалю, адбудзецца цэлы шэраг іншых цікавых кінаімпрэз. Дарэчы, яшчэ адной навіной станецца тое, што праграма дакументальнага кіно ў гэтым годзе будзе дэманстравацца ў новым шматзальным кінатэатры Мінска, які месціцца ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” (зусім нядаўна “К” падрабязна пісала пра яго).
Адкрыецца фестываль традыцыйна ў сталічным Палацы Рэспублікі фільмам “Артыстка” Станіслава Гаварухіна — лаўрэата спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “За гуманізм і духоўнасць у кіно”. Конкурсную ж праграму будзе ацэньваць журы на чале з вядомым расійскім кінарэжысёрам Дзмітрыем Месхіевым, а таксама журы кінапрэсы і галоўнае “лістападаўскае” журы — глядацкае.

Таццяна КОМАНАВА