Куды зніклі цені?

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

“Палацавы комплекс” — пераадолены. Дэканструкцыя — пакуль не

/i/content/pi/cult/386/7669/1-4.jpeg

Неаспрэчна, "Палацавы комплекс" - не самы ўдалы ўзор назвы для праекта сучаснага мастацтва. Ён адразу правакуе разнастайныя гуллівыя і нават непажаданыя для аўтараў асацыяцыі, тым больш, у гэтым кантэксце "нелітаральная" інтэрпрэтацыя чаго-кольвечы толькі вітаецца. Канешне ж, сёй-той з крытыкаў ужо паспеў гэтым скарыстацца.

Тым не менш, назва аказалася "гаваркой". Праект інтэрвенцыі contemporary art у класіцыстычныя музейныя інтэр'еры колішняга палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі стаў панацэяй, прынамсі, ад двух усеагульных комплексаў. Адзін з іх упарта сцвярджае, што музей і сучаснае мастацтва - рэчы неспалучальныя, а другі пераконвае, нібыта апошняе можа існаваць толькі на "профільных" сталічных пляцоўках для "вузкага кола".

Паколькі сучаснае мастацтва мае вытокі ў авангардзе пачатку мінулага стагоддзя, стаўленне якога да музея ўсім вядома, камплексаваць тут і сапраўды ёсць падставы. Аднак за прамінулыя сто гадоў культурны кантэкст істотна змяніўся. Аўтары гомельскага праекта далёкія ад памкнення зруйнаваць альбо абясцэніць музей - і абстрактны, як увасабленне "закансерваванай" гісторыі, і канкрэтны таксама. Яны паводзяць сябе куды больш удумліва ды інтэлігентна, часам не без іроніі.

Да гонару куратара праекта Міхаіла Гуліна, варта адзначыць, што на выстаўцы не было выпадковых работ. Кожная з іх трапіла "на сваё месца", спрыяючы не толькі фармальнаму пашырэнню музейнай экспазіцыі, але і новай яе інтэрпрэтацыі - аўтарскай, крышачку нязвыклай, аднак глыбокай. Творы сучаснага мастацтва зазвычай не даюць адказы, але ставяць пытанні, нярэдка актуалізуючы тыя з іх, адказы на якія, здавалася б, даўно ўжо вядомыя. Агульнае пытанне, што аб'ядноўвала прадстаўленыя ў праекце работы, - што такое музей, што такое гістарычная памяць і як магчыма яе захаваць?

Антаніна Слабодчыкава спрабуе адлюстраваць "закансерваваны" час. Насуперак усім фізічным законам, фрукты на шыкоўным стале (які і сапраўды мог быць накрыты ў Палацы пару соцень гадоў таму) не падуладныя гніенню. Тым не менш, яны - штучныя, нежывыя. Сяргей /i/content/pi/cult/386/7669/1-5.jpegШабохін заяўляе, што рэцыпіент музейнай экспазіцыі ператвараецца ў спажыўца - і выстаўляе ў шыкоўнай зале нейкі гібрыд паміж вітрынай крамы і складам ламачча (англійскае слова "store" абазначае абедзве гэтыя рэчы).

Жанна Гладко ўрэчаснівае метафару "музейны пыл": пыл у ейнай інсталяцыі пакрывае і нівеліруе самі "артэфакты". "Карані" Сяргея Ждановіча, ператвораныя ў кроны, нагадваюць пра прыроду, што прабіваецца праз усе напластаванні культуры, спараджаючы цені-фантомы. Твор Ігара Саўчанкі (па традыцыі, самы незаўважны ва ўсёй экспазіцыі) - гэта палоскі засвечанай ім плёнкі, якую нейкі нямецкі афіцэр прывёз сюды пад час Вялікай Айчыннай вайны. Забытая і ўтылітарна непатрэбная рэч раптам набыла новы сэнс, але - праз паміранне.

Нельга не адзначыць і два партрэты Аляксандра Некрашэвіча "Чужыя", удала ўціснутыя ў адноўленыя музеем палацавыя інтэр'еры, побач з "сапраўднымі" партрэтамі гістарычных асоб. Чужыя падобныя да "сваіх" - дзеячаў беларускай мінуўшчыны. Але як яны ператварыліся ў персанажаў знакамітай "жахалкі"?

Большасць аўтараў у той або іншай ступені спрабавалі неяк парушыць музейныя завядзёнкі. Міхаіл Гулін - наадварот, іх выкарыстаў. Ён зацягнуў у залу манументальную скульптуру рысі (сімвал Гомеля), зробленую, нібыта, з бетону. Ці сапраўды гэта бетон? А паспрабуй тут праверыць пад пільнымі позіркамі даглядчыкаў: у музеі экспанаты чапаць забаронена, гэта ж не выстаўка сучаснага мастацтва!

На вялікі жаль, многія іншыя творы праіснавалі нядоўга. Спярша быў дэманціраваны банер Аляксея Іванова, які поўнасцю закрываў фасад палаца, потым знік цень помніка Юзафу Панятоўскаму, што зноў з'явіўся на сцяне стараннямі Таццяны Радзівілка, а таксама інсталяцыя Алега Юшко... Як патлумачылі супрацоўнікі музея, экспанаваць іх у парку з вольным доступам аказалася праблемным. А затым былі прыбраны і ўсе работы, якія ўтрымліваюць мультымедыйны складнік. Прычына аказалася самай банальнай: свайго абсталявання ў музеі бракуе, а пазычаныя ноўтбукі ды праектары давялося вяртаць. І паколькі такія пературбацыі сталі неспадзяванкай і для аўтараў, і для наведвальнікаў (а гэта - мінус удвая), яны выклікалі шмат нараканняў.

Безумоўна, гомельскі глядач не быў гатовы да ўспрыняцця гэтага праекта - той стаў папраўдзе беспрэцэдэнтным. Але ж камунікацыю паміж аўтарамі і рэцыпіентамі моцна спрашчалі змешчаныя ля кожнага твора эксплікацыі - своеасаблівы ключ да яго расшыфроўкі. Да таго ж, супрацоўнікі Палаца маглі правесці экскурсію, здатную зрабіць праект больш даступнай для ўспрыняцця.

Увогуле, музейная ўстанова стала не толькі пляцоўкай для гэтага партнёрства - яна выступіла і яго паўнавартасным арганізатарам. Праект ладзіўся па прынцыпе "бензін наш - ідэі вашы" - гэта значыць, куратара ды мастакоў. На жаль, такія схемы ў нас практыкуюцца даволі рэдка, вымушаючы апошніх вырашаць свае практычныя пытанні саматужна.

- Цяжка было неяк перайначыць класічнае мысленне музейных супрацоўнікаў - людзей, якія працуюць у нас цягам 20 або 30 гадоў, - кажа дырэктар музея Аксана Торапава. - Але калі адна наша супрацоўніца са шчымлівай пяшчотай распавяла пра тое, як яна знайшла, вымыла, зацягнула ў палац тыя самыя карані, я адразу зразумела, што ўсе мы літаральна закаханы ў гэты праект!..

Мабыць, ёсць усе падставы меркаваць, што першы на Беларусі досвед паўнавартаснага партнёрства паміж музеем ды сучаснымі мастакамі стаў узаемакарысным. Апошнія атрымалі ўнікальную прастору для ўвасаблення сваіх ідэй, гатовы кантэкст, з якім вельмі зручна працаваць. А музей раскрыў свае новыя вымярэнні, новыя сэнсы і падтэксты, засведчыўшы, што з'яўляецца не "мёртвай формай", але папраўдзе жывым арганізмам.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Гомель - Мінск

На здымках: фрагменты выстаўкі.