Спеўная… доля ці слава?

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Сакрэты і традыцыі беларускага ўдзельніка конкурсу маладых выканаўцаў

/i/content/pi/cult/386/7665/2-1.jpegРыхтуючыся да Міжнароднага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў на "Славянскім базары ў Віцебску", Яўген ДОЛІЧ стаў Яўгенам Славічам. Можа, і сапраўды збіраецца такім чынам "прываражыць" уласны далейшы лёс - сваю долю жыццёвую і музычную?

Хаця і дагэтуль у яго ўсё складвалася вельмі нядрэнна. І справа нават не ў конкурсных перамогах, бо на віцебскае спаборніцтва збіраюцца далёка не пачаткоўцы. Назіраючы за Яўгенам з яго першых крокаў на "Белазаўскім акордзе", потым - на радыёпраекце "Маладыя таленты Беларусі", нарэшце, на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, сочачы за яго выступленнямі пад час навучання ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў, а пасля яго заканчэння - ва Універсітэце культуры і мастацтваў, магу засведчыць: гэты спявак узрастае ў сваіх прафесійных якасцях. Мэтанакіраваны, не па гадах сур'ёзны, ён бярэ прыступку за прыступкай...

- Дык у чым жа разгадка "інтрыгі" з псеўданімам?

- Яшчэ да адбору на "Славянскі базар..." я прайшоў праслухоўванне, якое ладзіў прадзюсарскі цэнтр "Спамаш". І зараз з'яўляюся яго салістам. Псеўданім - гэта адна з умоў кантракта.

- Маўляў, возьмеш псеўданім - будзем прадзюсіраваць?

- Ну што вы! Псеўданім выбіралі разам, шукалі тое, што больш падыдзе. Увогуле, браць нейкае імя, лічу, заўсёды складана. Якім бы блізкім яно ні было, усё роўна адчуваеш нейкае "чужынства". Таму для мяне шукалі штосьці сугучнае, блізкае па вымаўленні. Я даволі сціплы, увесь у сваёй прафесіі, і псеўданім вырашылі ўзяць па кантрасце: маўляў, пры маім характары, ён мяне "не сапсуе".

- Што ж, з заменай прозвішча псеўданімам - разабраліся. А з заменай конкурснага рэпертуару? Кажуць, у Віцебску вы будзеце спяваць нешта зусім іншае - у параўнанні з адборачным праслухоўваннем у Мінску?

- Так, зараз я выступлю з іншымі песнямі. "Спамаш" рабіў для мяне не толькі фотасесію, але і запіс песень, і спецыяльна збіраў нават цэлую камісію, каб калегіяльна вырашыць, што лепш паказваць. Меркаванні былі рознымі. Недзе з дзясятка кампазіцый выбралі тыя, якія, на думку знаўцаў, змогуць "выстраліць": спыніліся на песнях "Берагі" Леаніда Шырына і "Памяці музыканта" Алены Атрашкевіч на словы Наталлі Танюкевіч у сааўтарстве з Людмілай Воінавай. Апошняя рабіла рускамоўны пераклад замежнай песні, якую мы прапанавалі для выступлення на лёсаванні...

- Сваю прафесію вы таксама абралі, здаецца, не адразу - ужо маючы за плячыма сярэднюю тэхнічную адукацыю.

/i/content/pi/cult/386/7665/2-2.jpg- Чаму ж? Было нават некалькі спроб вучыцца ў дзіцячай музычнай школе. Але я і сапраўды шукаў сябе. Паступаў і на гітару, і на трубу, хадзіў у танцавальны гурток. Ды толькі адчуваў: усё гэта - нешта не тое. А "сваё" знайшоў толькі дзесьці ў падлеткавым узросце: з 14 - 15 гадоў пачаў выступаць у школьных канцэртах, і спевы - перамаглі. Але канчаткова я гэта зразумеў толькі тады, калі паступіў у каледж мастацтваў у клас Алены Атрашкевіч. Менавіта тады я змог сказаць самому сабе: "Усё, патрапіў". Я ўвогуле такі: калі штосьці падабаецца - буду гэтым займацца, калі не - нічога не атрымаецца. Упарты. Але маці расказвала, што насамрэч я пачаў спяваць яшчэ ў Шклоўскім раддоме. Усе дзеці плачуць, а я крычаў "ля". І бацька сказаў: маўляў, музыкантам будзе...

- Іншымі словамі, "абралі" шлях - па матчынай лініі.

- Сапраўды, мая маці - піяністка. Ужо 15 гадоў мы жывём у Чэрвені, і яна працуе ў тамтэйшай ДШМ выкладчыкам і канцэртмайстрам. А дзядуля, матчын бацька, добра спяваў, у яго быў ад прыроды пастаўлены голас. Так што ў гэтым сэнсе я працягваю "сямейныя традыцыі". А галоўнае - вельмі люблю тое, чым займаюся. Пры падрыхтоўцы да "Славянскага базару ў Віцебску" кожны дзень быў распісаны літаральна па хвілінах: заняткі па вакале, пастаноўка нумароў, калі рэжысёр Алена Рыбчынская шукала, якая пластыка будзе менавіта "маёй", а не "вымушанай", навязанай знешне. Таксама фотасесіі, пошук сцэнічных строяў: дызайнеры прапаноўвалі пэўны вобраз, але часу, каб пашыць касцюмы, не было, таму іх "збіралі" па ўжо гатовых "дэталях", наведваючы крамы.../i/content/pi/cult/386/7665/2-3.jpg

- Абраўшы спевы, вы паспрабавалі сябе і ў якасці педагога, прыйшоўшы выкладаць у Чэрвеньскую школу мастацтваў. Ці падабаецца? Дзеці ж - не толькі "кветкі жыцця", але і, здараецца, "шыпы ды калючкі".

- Пэўна, вакальная педагогіка - гэта другое маё "страшэннае" захапленне. Сапраўды, у школе ёсць эстраднае аддзяленне, і я займаюся з дзецьмі вакалам - па выхадных, бо працоўны тыдзень праводжу ў Мінску.

- Карацей, у вольны час працу працягваеце...

- Я раблю гэта з вялікім задавальненнем! Калі ты не проста можаш падзяліцца сваімі ведамі, а яшчэ і бачыш вынікі - што можа быць лепш?

- Хіба ўласная спеўная практыка. Напярэдадні конкурсу яна ўзмацнілася?

- Вельмі адказным было выступленне на Рэспубліканскім свяце "Александрыя збірае сяброў". А пасля пачаліся рэпетыцыі з аркестрам Міхаіла Фінберга. Паводле конкурсных умоў, вы ведаеце, адну песню трэба спяваць з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі. Працаваць з Міхаілам Якаўлевічам - лёгка, проста, мабільна. Маэстра - сапраўдны профі, і гэтым усё сказана. Мне шанцуе на таленавітых, апантаных людзей, якія дапамагаюць мне і ў падрыхтоўцы да фестывалю, і, шырэй, у прафесіі. А яшчэ шырэй - дапамагае, можна сказаць, уся краіна...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"