“Алічбавалі”!

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю ХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, былі агучаны самыя дакладныя лічбы, звазаныя са святам. У тым ліку — фінансавыя.

 

Сёлетні фестываль "каштуе" 32 мільярды 900 мільёнаў беларускіх рублёў. Доля дзяржаўнага бюджэту ў гэтай агульнай суме склала 8 млрд. 600 млн. Саюзная дзяржава выдаткавала, у беларускіх рублях, 6 млрд. 400 млн. Прыбытак ад продажу білетаў на дзень адкрыцця склаў 14 млрд. 800 млн. - гэта ажно 215 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Такое значнае павышэнне зусім не сведчыць, што ў аднолькавай прапорцыі ўзрасла і колькасць гледачоў: Летні амфітэатр, куды на большасць канцэртаў усе білеты звычайна прададзены, не змесціць публікі больш, чым мае месцаў у зале. Так што на працэнты паўплывалі многія фактары, сярод якіх - і павышэнне кошту білетаў. Увогуле ж, да канца фестывалю, які завершыцца толькі праз тыдзень, ад рэалізацыі білетаў плануецца атрымаць каля 16 млрд. беларускіх рублёў. Спонсарская дапамога і сродкі, атрыманыя ад рэкламадаўцаў, у параўнанні з леташняй лічбай, узраслі на 70 працэнтаў і склалі 4 млрд. 200 млн.

Такім чынам, колькасць пазабюджэтных сродкаў сёлета складае больш як 60 працэнтаў ад агульнай сумы. Летась яна была - 55. Сама ж лічба пазабюджэтных сродкаў, у параўнанні з былымі паказчыкамі, павялічылася на 80 працэнтаў, што звязана, у тым ліку, і з агульным узрастаннем кошту фестывалю. Пры гэтым міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка заўважыў, што фестываль станоўча ўплывае на павышэнне тавараабароту ў Віцебску: у дні свята ён узрастае ў два - два з паловай разы. Адпаведна, павялічваецца і прыбытак ад падаткаў. Значыць, нават сярод "законных" 40 бюджэтных працэнтаў ёсць і некаторая доля, заробленая ўласна фестывалем.

Усё больш апраўдвае сябе продаж білетаў праз Інтэрнэт. І справа тут не толькі ў лічбавым вымярэнні. Менавіта дзякуючы пакой паслузе, білеты набывалі ў многіх краінах - і не толькі так званага блізкага замежжа, але і, да прыкладу, у Францыі, Ізраілі і нават ЗША.

Сярод фестывальных новаўвядзенняў - адсутнасць у фестывальнай афішы выставачнай праграмы. Гэта, па словах арганізатараў, знізіла "кошт" фестывалю. Выстаўкі - ёсць, іх багата, але займаюцца імі цяпер толькі самі музеі і Віцебскі аблвыканкам. Затое ў горадзе ўзнікла новая канцэртная сцэна - у парку Пераможцаў, дзе, да ўсяго, адбылося значнае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Як адзначыла начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, "з кожным годам Віцебск усё больш набліжаецца да еўрапейскіх фестывальных пляцовак".

Н.Б.