Прагноз надвор’я для “Славянскага базару...”

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Аптымальны клімат для Віцебска: цёпла і кароткачасовы дожджык

/i/content/pi/cult/386/7663/1-1.jpegЛетняе надвор'е ў Беларусі вельмі пераменлівае, асабліва ў ліпені. А, як вядома, менавіта ў першай палове гэтага летняга месяца ў нашай краіне звычайна і ладзіцца Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Што чакае гасцей горада над Дзвіной і ці зменіцца дажджамі цяпло летніх дзянькоў, карэспандэнт "К" даведаўся ў спецыялістаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра.

Так, паводле даных беларускіх сіноптыкаў, за ўсю гісторыю "Славянскага..." (а гэта цэлых 20 гадоў назірання за надвор'ем у Віцебску) у першай палове ліпеня сем дзён з пятнаццаці - дажджлівыя. Найбольш пахмурных дзён было у 2000-м годзе, калі дажджы ішлі дванаццаць дзён з пятнаццаці, а найменш - у 1999-м: тады неба "плакала" за першую палову месяца ўсяго два дні! Увогуле, як распавялі "К" у Гідраметэацэнтры, за пятнаццаць дзён ліпеня ў Віцебску ў сярэднім выпадае 41 міліметр ападкаў. А за дваццаць гадоў назірання самая значная колькасць ападкаў адзначана ў тым жа 2000-м: ажно 126 міліметраў - у тры разы больш, чым звычайна! Сапраўдная "сухмень" пад час "Славянскага..." зафіксавана ў 2006-м, калі выпала ўсяго... 7 міліметраў ападкаў.

Чаму такое надвор'е характэрна для Віцебска, якія - спякотныя ці дажджлівыя - дні падабаюцца гасцям фестывалю, а таксама чаго чакаць ад "нябеснай канцылярыі" з 14 па 19 ліпеня, спецыяльна для "К" распавяла сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людміла ПАРАШУК.

- Людміла Мікалаеўна, чаму ж так склалася, што ў Віцебску кожны другі дзень у ліпені - дажджлівы?

- Адразу скажу, што ліпеньскае надвор'е ў Віцебску - цалкам тыповае для ўсёй Беларусі. Менавіта ў гэтым летнім месяцы па ўсёй нашай краіне, згодна са статыстычнымі данымі, палова дзён - дажджлівыя. Увогуле, магу сказаць, што беларускае лета, паводле шматгадовых назіранняў, менавіта такое: дзень з дажджом і два без дажджу. Або наадварот: два дні з дажджом і адзін без яго. А вось калі ўсталёўваецца надвор'е без ападкаў, дык яно для Беларусі, у тым ліку і для Віцебска, не зусім тыповае. І насамрэч, ліпень для нашай краіны - гэта самы цёплы і самы дажджлівы летні месяц. Канешне ж, для многіх шчасце, калі дажджоў няма, ды апошнія найчасцей бываюць менавіта ў ліпені.

 - Але ж наколькі гэтае надвор'е спрыяе правядзенню "Славянскага..."? Як вядома, менавіта з-за дажджоў арганізатарам фэсту давялося колькі гадоў таму пабудаваць дах над галоўнай сцэнічнай пляцоўкай...

- Я двойчы была на гэтым мерапрыемстве, і мне двойчы "пашанцавала" са спёкай. Таму, зыходзячы са свайго вопыту, магу сказаць, што кароткачасовыя дажджы - гэта лепш, чым пастаяннае спякотнае надвор'е. Бо, зразумела, пры тэмпературы 30 - 32 градусы цяпла неяк не хочацца ні хадзіць па Горадзе майстроў, ні наведваць разнастайныя канцэрты. У такую спёку ні капялюш, ні вада, ні фантаны - нічога не ўратоўвае. Таму я лічу, што надвор'е з кароткачасовымі дажджамі - вельмі добрае і нават аптымальнае для "Славянскага..."

- А які прагноз дае "нябесная канцылярыя" на ўсе астатнія дні фестывалю? Ці будуць цягам 14 - 19 ліпеня ў Віцебску цёплыя дзянькі з кароткачасовымі дажджамі і, кажучы вашымі словамі, аптымальнае святочнае надвор'е?

- Менавіта так! Як вядома, пачынаючы з пятніцы, 13 ліпеня, надвор'ем на Беларусі пачаў кіраваць атлантычны цыклон, усталяваліся заходнія вятры, паветраная маса цяпер паступае больш прахалодная, чым у першай палове тыдня. Такое ж надвор'е прагназуецца і ў сталіцы "Славянскага базару...".

Так, у суботу, 14 ліпеня, дзённая тэмпература будзе складаць 18 - 20 градусаў цяпла, ноччу - 10 - 12. Кароткачасовы дождж. З нядзелі і да закрыцця "Славянскага базару..." - гэта значыць, да 19 ліпеня - надвор'е ў Віцебску чакаецца цёплае, з дажджамі, якія будуць мець кароткачасовы характар. Тэмпература паветра днём складзе ад 18 - 20 да 20 - 22 градусаў цяпла. Ноччу прагназуецца 10 - 12 градусаў цяпла. Пасля 17 ліпеня дажджоў будзе ісці больш, але яны таксама будуць насіць кароткачасовы характар і асабліва святу не перашкодзяць. Але, ідучы на свята, не забудзьце прыхапіць з сабою парасон...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"