Конкурс — праведзены, вынікі — падведзены

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Згодна са зменамі ў заканадаўстве, якія ўступілі ў сілу напрыканцы мінулага — у пачатку бягучага года, фінансаванне беларускага кіно цяпер ажыццяўляецца на конкурснай аснове. “К” неаднаразова пісала пра Адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, што ўпершыню праводзіўся ў нашай краіне з мэтай развіцця айчыннай кінавытворчасці і вывядзення яе на новы ўзровень. Да 25 мая ў Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны зацікаўленымі арганізацыямі накіроўваліся заяўкі, якія былі разгледжаны спецыяльнай камісіяй. У склад яе ўвайшлі спецыялісты Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства фінансаў, а таксама прадстаўнікі розных кінематаграфічных спецыялізацый ды супрацоўнікі кінапракату. На бягучым тыдні былі падведзены вынікі першага конкурсу на лепшы кінапраект. З просьбай пракаменціраваць тэндэнцыі конкурсу карэспандэнт “К” звярнуўся да выконваючага абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы ШЫЦІКАВАЙ.

- Ці ўзнікалі складанасці арганізацыйнага плана? Наколькі ўдалай аказалася сама сістэма правядзення? Ці плануецца ўносіць у арганізацыю конкурсу змены? Калі так, то якога кшталту?

- У арганізацыйным плане цяжкасцей не мелася аніякіх - усё было прапрацавана выразна, сістэмна. На думку членаў конкурснай камісіі, праца па абраным прынцыпе цалкам іх задаволіла. Паколькі гэта наш першы досвед у правядзенні дадзенага конкурсу, то, вядома, узнікалі пэўныя нюансы, якія мы абавязкова ўлічым наступным разам.

- Пракаменціруйце, калі ласка, характар пададзеных на конкурс праектаў.

- Што да жанравай разнастайнасці, то вялікую частку ігравых кінапраектаў складалі камедыйныя і меладраматычныя жанры. Шырока была адлюстравана тэма сучаснасці, маладзёжны кірунак, меліся кінапраекты ваеннай тэматыкі, адзін праект прэтэндуе на фестывальнае кіно. Мы з задавальненнем падтрымалі ў якасці дэбюту духоўны кірунак кінематографа - трэці мастацкі фільм з цыкла "Прытчы". Не пакінулі без увагі і дзіцячую тэматыку, падтрымаўшы ігравы кінапраект "Сувенір для Лізы".

Хачу адзначыць, што, на жаль, мастацкая якасць прадстаўленых літаратурных сцэнарыяў не заўсёды была на належным узроўні. Але адной з мэт конкурсу кінапраектаў якраз і з'яўляецца павышэнне мастацкага ўзроўню фільмаў і іх відовішчнага патэнцыялу, такім чынам, аўтарам ёсць да чаго імкнуцца ў далейшым.

Мы таксама выдатна разумеем, што першы конкурс для многіх арганізацый кінематаграфіі - патэнцыйных удзельнікаў - стаў, як кажуць, "пілотным". Яны пакуль прыглядаюцца да механізмаў нашай працы, таму спадзяёмся, у далейшым цікавасць да Адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на стварэнне нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў будзе толькі павышацца, а гэта, у сваю чаргу, дазволіць і нам, і беларускаму гледачу адкрываць для сябе новыя імёны, а ў перспектыве - і новае нацыянальнае кіно. Але, паўтаруся, актыўнасць удзельнікаў праведзенага конкурсу нас шчыра парадавала.

- Калі праекты-пераможцы будуць запушчаны ў вытворчасць?

- Ігравыя кінапраекты паспеюць увайсці ў падрыхтоўчы і здымачны перыяды сёлета, адпаведна, большасць будзе скончана ў годзе наступным. Анімацыя, вытворчасць якой займае больш часу, станецца пераходзячай на 2013-ы.

Што да статыстыкі, то ўсяго ў конкурсе прынялі ўдзел 60 кінапраектаў ад 15 арганізацый кінематаграфіі, з іх недзяржаўных арганізацый - 13. Ігравых праектаў было 23 (з іх фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі - 2), неігравых - 27, анімацыйных - 10. Адзін праект падыходзіў пад паняцце дэбютнага, яшчэ адзін прэтэндаваў на статус нацыянальнага.

Нагадаю, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2011 года № 567 "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі" прадугледжана фінансаванне ігравых кінапраектаў - да 70%, неігравых, анімацыйных, дэбютных і фільмаў для дзіцячай ды юнацкай аўдыторыі - да 100%, нацыянальных - 100%. На пасяджэннях конкурснай камісіі мы адштурхоўваліся ад мноства крытэрыяў ацэнкі, таму разглядалі розныя варыянты фінансавання прадстаўленых кінапраектаў: 20%, 50% ды іншыя...


Конкурснай камісіяй падведзены вынікі першага конкурсу кінапраектаў на вытворчасць фільмаў з фінансавай падтрымкай з рэспубліканскага бюджэту.

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь,у адпаведнасці з Палажэннем аб Адкрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2012 г. № 174, і з улікам рэкамендацый конкурснай камісіі вызначаны наступныя пераможцы першага конкурсу кінапраектаў.

Ігравыя кінапраекты

"Бабруйск-Дакар" вытворчасці УП "ЭКСТРАНС"; "Трэці мастацкі фільм з цыкла "Прытчы" (дэбют) вытворчасці ПКУП "Студыя ў імя святога Іаана Воіна"; "Хлопец без адрасу" ТАА "ФМГ Прадакшн Тэхноладжы"; "Ма-мач-кі!..", "Белыя Росы" (Нацыянальны фільм), "Я не вярнуся", "Сляды Апосталаў", "Снайпер-3. Герой супраціўлення", "Чаго хочуць мужчыны" вытворчасці УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".

Неігравыя кінапраекты

"Архітэктар Лангбард. Незапатрабаваны архіў", "Паясы Вялікага князя Вітаўта", "Будзе доўгім развітанне", "Партрэт на фоне эпохі", "Максім Танк", "Татары - мусульмане Беларусі", "Святая Рыма", "Уладзімір Цэслер", "Хатынь. Храм нацыянальнай памяці", "Гісторыя беларускай оперы" вытворчасці РУП "Беларускі відэацэнтр"; "Я ведаю сабе цану", "Таямніца помніка", "Прафесія як паслушэнства. Андрэй Мдзівані", "Сонечная сістэма Яўгена Старавойтава", "Міністр замежных спраў" вытворчасці УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".

Анімацыйныя кінапраекты і фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі

"Пра дзяўчынку Жэню-3", "Шапэн" і "Дэбюсі" (цыкл "Казкі старога піяніна"), "Прыгоды Несцеркі", "Рыбка па імені Нельга-4", "Казкі братоў Грым-2", "Мышка" вытворчасці УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм"; "Анімацыйная гісторыя Беларусі" ТАА "Першая КінаВідэаКампанія"; "Сувенір для Лізы" (Фільм для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі) вытворчасці УП "ЭКСТРАНС".

Правядзенне наступнага конкурсу на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў з фінансавай падтрымкай з рэспубліканскага бюджэту запланавана на восень 2012 года.

Падрабязная інфармацыя - на сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (www.kultura.by).