Пленэр у сталіцы ганчарства

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

З 16 па 25 ліпеня ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна пройдзе ІІІ Міжнародны пленэр ганчароў.

Сюды з'едуцца ганчары не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з краін блізкага ды далёкага замежжа: Украіны, Польшчы, Расіі, Даніі, Швецыі, Грузіі, Узбекістана, Малдовы... Як паведаміў "К" начальнік аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіль Заруба, у пленэры плануецца ўдзел 20 замежных майстроў, вырабы якіх, пасля яго заканчэння, застануцца ў Гарадной. Таксама дзякуючы арганізатарам - упраўленню культуры Брэсцкага аблвыканкама і Столінскаму раённаму выканаўчаму камітэту - удалося палепшыць матэрыяльную базу Гараднянскага цэнтра ганчарства, пашырыць колькасць неабходных для рамеснікаў інструментаў, увесці ў дзеянне Сядзібу ганчара.

Па словах Васіля Зарубы, кульмінацыяй пленэру стане Гараднянскі кірмаш, які пройдзе ў вёсцы 21 ліпеня. Гэтым днём плануецца правесці майстар-класы, прэзентацыі ганчарнага рамяства розных краін, а ў гасцей пленэру будзе магчымасць даведацца пра гісторыю ганчарнага рамяства, а таксама прымерыць на сябе рамесніцкую прафесію і зрабіць першы ў жыцці керамічны выраб.

Дзіяна ФІЛІМОНАВА