Беларусы на Грунвальдзе

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

З 11 ліпеня ў Польшчы праходзіць фестываль “Грунвальд-2012”, які будзе доўжыцца да 15 ліпеня. Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца сёння і заўтра.

Міжнародны фэст, як вядома, праводзіцца яшчэ з 1998 года, калі паміж паселішчамі Грунвальд і Таненберг упершыню адбылася рэканструкцыя знакамітай сярэднявечнай сечы. Сёння гэты фестываль можна без перабольшання назваць самым масавым па колькасці прадстаўленых на ім рыцараў і гістарычных клубаў.

Не абыходзіцца "Грунвальд-2012" і без музыкі таго часу ў выкананні шматлікіх музычных гуртоў, у тым ліку - і беларускіх ансамбляў. Так, у фэсце прыме удзел фольк-гурт "Стары Ольса". Як распавёў "К" кіраўнік ансамбля Зміцер Сасноўскі, на фестываль яны едуць ужо трэці раз.

- Калі раней мы выступалі на цэнтральнай сцэне, а таксама гралі ў начны час, то цяпер упершыню выступім на семінары, прысвечаным вывучэнню гісторыі бітваў, культуры, традыцый таго часу, - кажа Зміцер Сасноўскі. - На фестывалі сыграем балады на вершы паэм "Хроніка" Марціна Бельскага, "Пахвала Вітаўту" 1430 года, "Песню пра князя Вітаўта", а таксама творы рыцараў пра Клецкую і, магчыма, Аршанскую бітвы...

Па словах кіраўніка "Старога Ольсы", палякі вельмі цёпла прымаюць беларускіх музыкантаў, тым больш, што беларуская і польская старадаўняя сярэднявечная музыка маюць вельмі шмат падобнага. Таму, да прыкладу, "Полацкі сшытак" - зборнік прыдворнай камернай музыкі канца XVI стагоддзя - прымаецца нашымі суседзямі літаральна на ўра.

Дарэчы, тым, у каго не атрымаецца паехаць у Польшчу, каб адзначыць перамогу над крыжакамі, можна параіць наведаць фестываль "Наш Грунвальд". Ён 20 - 22 ліпеня, ужо ў чацвёрты раз, пройдзе значна бліжэй: на тэрыторыі Музейнага комплексу "Дудуткі" пад Мінскам.

Дзіяна ФІЛІМОНАВА