Арганізатарамі (і адначасова ўдзельнікамі) падзеі сталі Вільнюская гарадская галерэя "ARKA", Мінская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва і Гомельская карцінная галерэя Гаўрылы Вашчанкі. Мерапрыемства атрымала садзейнічанне з боку Пасольства Беларусі ў Літве і Пасольства Літвы ў нашай краіне.
Змест выстаўкі, па словах дырэктара Галерэі Л.Шчамялёва, мастацтвазнаўцы Таццяны Бембель, працягвае і ўвасабляе ідэю рэжысёра Юрыя Тарыча, які яшчэ ў сярэдзіне 1920-х гадоў у першай беларускай мастацкай кінастужцы "Лясная быль" сказаў: душы беларуса і літоўца сфарміраваны лесам. Адрозненне і падабенства мастацкіх традыцый Беларусі і Літвы можна ўбачыць на прыкладзе работ мастакоў.
У рамках праекта прадстаўлены розныя віды мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўнае пано. Усе работы аб'яднаны адной, той самай - "лясной", тэмай. Акрамя гэтага, тут можна ўбачыць і колькі твораў беларускага фотамастака Данілы Парнюка, а таксама падборку плакатаў з калекцыі Беларускага саюза дызайнераў.
Саветнік па культуры Пасольства Беларусі ў Літве Ірына Зубко падкрэсліла, што выстаўка распачала сваю дзейнасць паміж памятнымі датамі беларусаў і літоўцаў: 3 ліпеня мы адзначылі Дзень Незалежнасці, а 6 ліпеня нашы суседзі
адсвяткавалі Дзень дзяржавы.
Антаніна АХРЫМЕНКА