Старадрук Семяновіча

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Музей гісторыі Магілёва, які нядаўна стаў уладальнікам Статута Вялікага Княства Літоўскага, не спыняецца ў пошуку старадрукаў для папаўнення ўласнай калекцыі.

Музей абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для таго, каб выкупіць у прыватнага калекцыянера кнігу славутага навукоўца Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі".

Цягам двухсот гадоў гэтая кніга была "бібліяй" артылерыстаў усяго свету. Па ёй вучыліся Ньютан і самы вядомы афіцэр-артылерыст усіх часоў і народаў Напалеон Банапарт. Цалкам верагодна, што "Вялікае мастацтва артылерыі" калі-нікалі гартаў і найвядомы рускі артылерыст граф Леў Мікалаевіч Талстой.

Асобнік кнігі Семяновіча, на які паклаў вока Музей гісторыі Магілёва, выйшаў з друку ў Францыі ў 1651 годзе. Уладальнік запрасіў за яго 15 тысяч еўра. Стан захавання асобніка - добры. У ім - 304 старонкі тэксту, 22 табліцы з 206 малюнкамі. Грошы за кнігу трэба ўнесці да 1 верасня, інакш рарытэт можа пакінуць Беларусь.

Нагадваем дабрачынны рахунак установы: УК "Музей гісторыі Магілёва" 212030, Магілёў, вул. Ленінская, 1А УНТ 790203960 Філія 700 МАУ ААТ "АСБ Беларусбанк" МФО 153801536 р/р 3642014673147 Магілёў, вул. Першамайская, 71. У прызначэнні плацяжу трэба ўказаць: "На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для набыцця кнігі Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі").

П.В.