Шагал “па-за часам”

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

5 ліпеня ў Музеі гісторыі горада Мінска адкрылася выстаўка пераможцаў конкурсу “Шагал. Па-за часам”.

 

Удзел у конкурсе маглі прыняць усе ахвотныя. Адзіную ўмову куратар праекта Яўгенія Бяльковіч сфармулявала так: "Галоўнае, каб у работах прасочваўся ўплыў Марка Шагала - у тэхніцы, колеравай гаме, дэталях або ў настроі твораў". А прызам для ўсіх пераможцаў стаў, уласна, удзел у згаданай выстаўцы.

Таму цалкам заканамерна, што вынік атрымаўся надзвычай стракаты. Некаторыя з работ выяўлялі "шкалярскі ўзровень" засваення візуальнай мовы майстра, некаторыя - як, да прыкладу, інсталяцыя Таццяны Гомза, - спрабавалі раскласці яе "на элементарныя часціцы", некаторыя - дэманстравалі творчыя практыкі саміх аўтараў, хіба апасродкавана знітаваныя з Шагалам. У ліку апошніх асаблівую ўвагу прыцягваюць некалькі карцін Анатоля Кузняцова - глыбокага і паслядоўнага адэпта абстрактнага жывапісу. Урэшце, чацвёртая катэгорыя - гэта менавіта арганічнае ды арыгінальнае спалучэнне аўтарскай практыкі і "шагалаўскай тэматыкі", прадэманстраванае, скажам, у фотатворы Сяргея Кажамякіна. На жаль, узораў такой "залатой сярэдзіны" было не так і шмат.

Безумоўна, кожны выпадак з'яўлення імя Шагала на сучасных афішах варты адзнакі. Ды, як падаецца, угодкі Майстра могуць стаць добрай нагодай не толькі для арт-мерапрыемстваў "з гістарычна-рэпрэзентатыўным" ухілам, але і для смелых эксперыментальных праектаў (няхай сабе і без жорсткай тэматычнай прывязкі). Балазе Шагал увайшоў у гісторыю мастацтва менавіта як "першапраходзец". І менавіта гэты дух, які і сапраўды існуе па-за часам ды па-за канкрэтнымі мастацкімі кантэкстамі, і мусіць стаць найлепшым "трыб'ютам" Майстру.

І.С.