“Музейны хіт” сезона

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

15 жніўня адкрыецца выстаўка, якой наканаваны лёс аднаго з галоўных “музейных хітоў” сезона. “Каралеўскія скарбы “ з фондавых калекцый знакамітага лонданскага Музея Вікторыі і Альберта будуць прадстаўлены на дзвюх пляцоўках: у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і Нясвіжскім палацава-паркавым ансамблі.

/i/content/pi/cult/386/7653/2-1.jpgНа гэтым тыдні ў Мінску пабывалі "эмісары" англійскага музея, якія займаюцца каардынацый праекта з брытанскага боку, - Эліс Лоб і Джаанна Норман. Спецыялістаў цікавілі ўмовы захавання і бяспекі экспанатаў у Нацыянальным мастацкім музеі краіны.

- Музейнае абсталяванне тут не можа выклікаць ніякіх нараканняў, - адзначыла карэспандэнту "К" Эліс Лоб пасля датклівага агляду залы, дзе размесціцца выстаўка. - Увогуле, гэтая ўстанова пакінула ў нас самыя добрыя ўражанні: і ад і музея, і ад Мінска, і ад Беларусі наогул...

Што ж да вырашэння ўсіх юрыдычных фармальнасцей... На гэты конт пазіцыя Эліс Лоб таксама цалкам аптымістычная:

- Арганізацыя выязных выставак - гэта заўсёды складаная справа, і ў кожнай краіне яна мае сваю спецыфіку. Аднак беларускія і брытанскія спецыялісты зрабілі нямала супольных высілкаў, каб пераадолець усе цяжкасці і зрабіць гэты праект магчымым. Тым больш, мы атрымалі вельмі моцную падтрымку ад Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі і беларускага пасольства ў Лондане...

Музей Вікторыі і Альберта, які сёлета святкуе сваё 160-годдзе, даўно заваяваў рэпутацыю самага прадстаўнічага ў свеце збору твораў дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яго экспазіцыя размешчана ў 146 залах агульнай плошчай каля 11 км2 , а штогод яе наведвае болей за два мільёны чалавек. Прычым у музеі прадстаўлены артэфакты, якія належаць да самых розных відаў мастацтва, эпох і культур. Па словах Эліс Лоб, такой разнастайнасцю будзе вылучацца і выстаўка на Беларусі:

- У Мінск прыедуць сапраўды вялікія творы мастацтва: арыгіналы Франсуа Бушэ, аднаго з найвялікшых скульптараў эпохі барока Джавані Ларэнца Берніні... Але будуць і своеасаблівыя "маленькія скарбы" - скажам, табакеркі Фрыдрыха Вялікага, а таксама - зброя, касцюмы розных эпох, мэбля, тэкстыль... І сярод гэтых васьмі дзясяткаў экспанатаў вылучыць найкаштоўныя папраўдзе складана...

Як адзначыла загадчык аддзела замежнага мастацтва НММ Алена Сянкевіч, убачыць тую частку выстаўкі, што апынецца ў Нясвіжы, наведвальнікі музея здолеюць з дапамогай інфакіёска. А паколькі "Каралеўскія скарбы" будуць дэманстравацца на Беларусі цягам двух месяцаў, ва ўсіх ахвотных хопіць часу на тое, каб іх агледзець.

Фота Юрыя ІВАНОВА