Cустрэча міністраў

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

12 ліпеня ў рамках ХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбылася рабочая сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з міністрам культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Мядзінскім.

 

На пачатку сустрэчы міністр культуры Расіі высока ацаніў арганізацыю падрыхтоўкі і правядзення Міжнароднага фестывалю мастацтваў у Віцебску.

У ходзе перамоў абмяркоўваліся пытанні далейшых перспектыў развіцця двухбаковага беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы культуры.

У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы і падпісанні да канца бягучага года новай праграмы супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі на 2013 - 2014 гг.

У ходзе перамоў разгледжана магчымасць арганізацыі ў Беларусі гастролей вядучых творчых калектываў Расіі і прадстаўлення творчасці беларускіх калектываў у краіне-суседцы.

Дасягнута дамоўленасць актывізацыі адносін у сферы музейнай справы і выставачнай дзейнасці паміж дзвюма краінамі. У прыватнасці, абмеркаваны пытанні адносна арганізацыі выставак прэстыжных музеяў Расіі ў Беларусі.

Адным з ключавых момантаў пад час перамоў стала абмеркаванне супрацоўніцтва па ўвекавечанні ў Расіі памяці вядомых беларусаў, якія ўнеслі ўклад у агульную гістарычную і культурную спадчыну нашых краін. У прыватнасці, у адказ на просьбу беларускага боку міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім выказана падтрымка ў справе ўстаноўкі помніка народнаму артысту СССР, народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Мулявіну ў Екацерынбургу.

Асаблівая ўвага пад час сустрэчы была нададзена развіццю адносін у сферы кінавытворчасці. Бакамі дасягнута дамоўленасць аб ініцыяванні стварэння сумесных кінапраектаў з фінансавай падтрымкай з бюджэту Саюзнай дзяржавы.