Вялікая місія мастацтва

№ 28 (1050) 14.07.2012 - 20.07.2012 г

Працягваецца ХХI Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”

/i/content/pi/cult/386/7651/1-1.jpg12 ліпеня распачаўся ХХI Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Па традыцыі, форум адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

"Несумненна, віцебскі форум стаў адным з тых зярнят, з якіх прарастае еўразійская інтэграцыя, бо ён даў магчымасць нашым народам захаваць гістарычную агульнасць і адзіную культурную прастору", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэтаму форуму самім лёсам было прызначана стаць цэнтрам прыцягнення розных культур, бо нават у яго назве - "Славянскі базар" - чуецца водгук і еўрапейскай, і ўсходняй цывілізацыі", - лічыць Прэзідэнт. На думку Аляксандра Лукашэнкі, невыпадкова і месцам правядзення фестывалю выбраны Віцебск, дзе "на багатай глебе, створанай з перапляцення традыцый ды культур, з'явіліся на свет і расцвіталі геніі". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў пачатку мінулага стагоддзя горад на Дзвіне трапна назвалі беларускім /i/content/pi/cult/386/7651/1-3.jpgПарыжам: "Нягледзячы на знешнюю непадобнасць, гэтыя гарады ўнутрана вельмі блізкія. Іх вуліцы і плошчы напаўняе атмасфера натхнення, якая акрыляе людзей мастацтва і нараджае шэдэўры".

Менавіта Віцебск сфарміраваў непаўторны характар "Славянскага базару", зрабіўшы яго галоўнымі рысамі шчырасць, адкрытасць, інтэлігентнасць і імкненне адстойваць эстэтычныя ідэалы, лічыць Прэзідэнт. "Вось тут Парыж ад Віцебска ў гэтым адстае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Фестываль не ламае творчых асоб, не заганяе іх у рамкі стандартаў і фарматаў. Ён прызнае права на асабісты погляд у мастацтве, цэніць у любым творы перш за ўсё арыгінальнасць задумы, дасканаласць формы і /i/content/pi/cult/386/7651/1-4.jpgглыбіню зместу. І пры гэтым застаецца верным вялікай місіі мастацтва, якая дайшла да нас яшчэ з эпохі Адраджэння: рабіць высакароднай душу чалавека, сцвярджаць яго годнасць, несці ў свет прыгажосць і гармонію", - адзначыў беларускі Лідар. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўвесь фестываль прасякнуты павагай да творчай унікальнасці кожнага народа і садзейнічае нараджэнню новых мастацкіх ідэй.

Уручаючы спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" народнаму артысту Расіі Льву Лешчанку, Прэзідэнт зазначыў: "Яна стала такой прэстыжнай, што ператварылася ў эстрадны "Оскар", за які разгараецца сапраўдная барацьба".

- Я рады, шчаслівы, горды, атрымаўшы гэтую ўзнагароду, - сказаў знакаміты спявак. - Я вельмі люблю Беларусь і беларускі народ. Мы жывём сёння ў розных краінах, затое знаходзімся ў адной гуманітарнай прасторы, спяваем адны і тыя ж цудоўныя песні, чытаем адны і тыя ж кнігі ды ідзём па жыцці побач, адной дарогай. Я хачу, каб гэтая дарога

/i/content/pi/cult/386/7651/1-5.jpg

ніколі не заканчвалася. Вялікі дзякуй Аляксандру Рыгоравічу за тое, што ён узняў гэты бліскучы фестываль, які аб'ядноўвае брацкія славянскія краіны!..

Як Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт Беларусі ўручыў узнагародныя дакументы лаўрэату прэміі - народнаму мастаку Беларусі Георгію Паплаўскаму. Гэты таленавіты творца - аўтар шматлікіх жывапісных работ,

графічных цыклаў, афортаў і літаграфій да кніг, сярод якіх - "Слова аб палку Ігаравым", выданні твораў Васіля Быкава, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Яшчэ адзін сёлетні ўладальнік прэміі Саюзнай дзяржавы - расійскі паэт Глеб Гарбоўскі - па стане здароўя прыехаць у Віцебск, на жаль, не змог. Лаўрэатам ён стаў за паэтычны цыкл "Беларускі сшытак", паэму "Чмель у аўтобусе" і асобныя вершы, многія з якіх прысвечаны беларускай тэматыцы.

/i/content/pi/cult/386/7651/1-6.jpgПрывітанні гасцям і ўдзельнікам фестывалю накіравалі таксама кіраўнікі Расіі і Украіны.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваім прывітальным адрасе адзначыў, што "Славянскі базар у Віцебску" - гэта цудоўнае свята, якое стала традыцыйным і спрыяе пашырэнню культурных каштоўнасцей славянскіх народаў, умацаванню іх духоўнага адзінства. "Усё больш шырокай становіцца геаграфія ўдзельнікаў фестывалю, нязменны поспех якога пераканаўча даказвае, што культура не ведае межаў, а мова мастацтва не мае патрэбы ў перакладзе".

Украінскі Прэзідэнт Віктар Януковіч у сваім вітанні падкрэсліў: "...Беларуская зямля традыцыйна гасцінна сустракае ўкраінскіх выканаўцаў, якія неаднойчы станавіліся лаўрэатамі конкурсу, прадстаўляючы непаўторнае спеўнае мастацтва Украіны ды багатыя культурныя традыцыі..." Кіраўнік Украіны перакананы ў тым, што сёлетні "Славянскі базар..." адкрые свету нямала творчых асоб, стане зарукай далейшага прафесійнага станаўлення маладых артыстаў.

Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" - Алея зорак у Летнім амфітэатры Віцебска - папоўнілася імем Льва Лешчанкі.

Цырымонія пачалася прывітальным словам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі: "Гэта легендарная асоба, той чалавек, які папраўдзе сцірае межы паміж дзяржавамі і народамі, яднаючы нас сваім мастацтвам і талентам". Павел Паўлавіч узгадаў, як на ўсё жыццё запомніў словы сваёй бабулі, пачутыя ім у сямігадовым узросце: "Гэта мой любімы артыст". І сёння, прызнаўся міністр, у яго машыне ёсць дыск Льва Лешчанкі, які ён слухае. Словы прызнання завяршыліся шчырым пажаданнем: заўсёды заставацца для гледачоў любімым артыстам.

Тое, што Леў Лешчанка застаецца любімым на працягу некалькіх пакаленняў, адзначыў і старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін.

- Мы ўсе вучыліся ў яго! - горача ўсклікнуў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. - Прыходзьце на яго канцэрты заўжды!..

Пакуль жа міні-канцэрт у гонар спевака далі юныя артысты Узорнай студыі эстраднай песні "Форум" Віцебскага ГЦК. У іх выкананні прагучала "Соловьиная роща" з рэпертуару Льва Лешчанкі. На апошнім куплеце артыст не ўтрымаўся - і пачаў падпяваць...

Матэрыялы падрыхтавалі

Андрэй СПРЫНЧАН (фота), нашы спецкарэспандэнты на "Славянс кім базары ў Віцебску"

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"