Чаму Купалу пашанцавала?

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Колькі слоў на кінамове літаратара

/i/content/pi/cult/385/7642/2-3.jpegНовая карціна ад "Беларускага відэацэнтра" - храналагічна выбудаваны аповед пра жыццёвы і творчы шлях Купалы ад калыскі ў Вязынцы да лесвіцы ў гасцініцы "Масква". Зразумела, абсалютна ўсе падзеі і даты ў кароткую, 27-хвілінную, стужку трапіць не маглі. "Янка Купала... Я адплаціў народу..." - сціслы максімальна эмацыйны расповед. Фільм аддалены ад паняцця "журналісцкае даследаванне" і набліжаны да спробы стварэння "помніка нерукачыннага".

Структура карціны вельмі простая: акцёр і актрыса (Аляксандр Марчанка і Вераніка Буслаева) па чарзе зачытваюць фрагменты цытат, біяграфічную інфармацыю, урыўкі з купалаўскіх вершаў, фонам для якіх якраз і ідуць, у асноўным, матэрыялы фота- ды кінахронікі. Выкарыстоўваюцца і кадры са спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі "Янкі Купалы. Кругі раю", здымкі ў музеях і памятных купалаўскіх мясцінах: Вязынка, Ляўкі, Акопы... З'яўляюцца і кадры пастановак драматычных твораў: "Паўлінкі" Льва Літвінава, "Раскіданага гнязда" Барыса Луцэнкі, "Тутэйшых" Мікалая Пінігіна. Фактычна, у фільме Сяргея Лук'янчыкава хоць патрошку, але прысутнічаюць амаль усе магчымыя візуальныя згадкі пра Купалу і ягоную творчасць.

Пры відавочнай прастаце сваёй драматургіі, стужка аднаго з самых дасведчаных беларускіх рэжысёраў-кінадакументалістаў, які адначасова выступіў і стваральнікам сцэнарыя, уяўляе з сябе не столькі біяграфічны фільм, колькі эсэ пра характары, час і лёсы. "Янка Купала... Я адплаціў народу..." - стужка, разлічаная на здольнасць гледача эмацыйна перажываць убачанае.

Для сучаснай дакументалістыкі фільм Сяргея Лук'янчыкава - своеасаблівая кінематаграфічная рэдкасць. Вядомы, у першую чаргу, сваімі публіцыстычнымі выказваннямі, аўтар гэтым разам выкарыстаў насычаную вобразамі і метафарамі паэтычную кінамову. Шматграннасць асобы народнага паэта праз стужку складаецца не столькі на экране, колькі ў свядомасці гледачоў. У апошні час падобны падыход у неігравым кіно крыху адсунуты на другі план так званай дакументалістыкай факта - інфармацыйна больш насычанай, але занадта сухой для аповеду пра жыццё і творчасць паэта. "Янка Купала... Я адплаціў народу..." у гэтым сэнсе - прыемнае выключэнне.

На здымку: кадр з фільма "Янка Купала... Я адплаціў народу...".