Замкавы перформанс

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Хто зробіць Радзівілам “візітоўку”?

/i/content/pi/cult/385/7640/2-1.jpegНе паспеў Нясвіж як след асэнсаваць уражанні, атрыманыя ад трохдзённых “Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, як менш чым праз тыдзень у палац зноў завіталі артысты. 30 чэрвеня — 1 ліпеня тут упершыню прайшоў тэатральны форум прафесійных тэатраў “Фэст Уршулі Радзівіл”. За два дні — чатыры спектаклі чатырох розных тэатраў. Дзённыя паказы — у Тэатральнай зале Нясвіжскага палаца, вечаровыя — ва ўнутраным дворыку, на адкрытым паветры. Там жа разгарнуўся “Горад майстроў і рамёстваў”, які таксама дапамагаў стварыць атмасферу.

Ідэя правядзення такога форуму належыла Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь. Ён невыпадкова атрымаў кідкае азначэнне арт-фэсту і быў названы ў гонар Уршулі Радзівіл - тамтэйшай гаспадыні, якая была жонкай Радзівіла-Рыбанькі і маці Радзівіла па мянушцы "Пане Каханку" і якая справядліва лічыцца пачынальніцай прафесійнага тэатральнага руху на Беларусі. Да ХVІІІ стагоддзя ў нас існавалі хіба школьныя тэатры і батлейка. "Хатняе" ж захапленне Уршулі, калі яна пісала і ставіла спектаклі для гасцей, перарасло ў прафесійны кірунак - з запрашэннем лепшых замежных спецыялістаў і падрыхтоўкай уласных артыстаў.

Два прывезеныя ў Нясвіж спектаклі, дарэчы, аднаўлялі менавіта той час і тыя абставіны. "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы паказваў ужо не толькі ў Мінску, але і ў Лондане. Удзел спектакля ў форуме можна лічыць своеасаблівым вяртаннем твораў Уршулі "дадому" - туды, дзе яны ствараліся і ўпершыню былі сцэнічна ўвасоблены.

А "Пане Каханку" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, што завяршаў нясвіжскае свята, і ўвогуле перанёс герояў туды, дзе адбываліся падзеі, нафантазіраваныя ў п'есе Андрэя Курэйчыка. Замест тэатральных дэкарацый, якія павінны аблямоўваць Радзівілаўскі палац у Нясвіжы, - сапраўдныя, "жывыя" сцены палаца, што атуляюць дворык з калодзежам. Сюды можа заехаць такая ж "жывая" карэта, якая прывязе апошняга караля Рэчы Паспалітай - Станіслава Аўгуста Панятоўскага. А ў неба можа падняцца "жывы" лятальны апарат, пра што распавядаецца ў спектаклі. Такі вось "палёт дэльтаплана" - ва ўсіх сэнсах сімвалічны.

- Я не змяняў сам спектакль, - сцісла акрэсліў сваю ролю галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык. - Я проста ўпісаў яго ў перформанс у замку. Так што атрымаўся, калі можна так сказаць, спектакль у кантэксце перформансу...

А гэта ўжо, без перабольшання, гістарычная падзея - амаль што нараджэнне новага жанру. Дарэчы, у замежжы нешта падобнае, а менавіта - спектакль у натуральным атачэнні, так званых натуральных дэкарацыях, - з'ява даволі распаўсюджаная. У нас жа такая практыка яшчэ толькі наладжваецца. Ці мае яна перспектыву?

- Перспектывы - вялікія, - упэўнена намеснік дырэктара па агульных пытаннях Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жэрка. - Сёння ва ўсім свеце функцыі музеяў пашыраюцца. Ужо замала адно экспанавання, каб наведвальнікі паглядзелі экспанаты і сышлі. Сучасны музей - гэта шматфункцыянальны комплекс з развітай інфраструктурай (гатэль, рэстаран, кафэ) і цікавымі праектамі, якія павінны прыцягваць турыстаў. Дзякуючы такой разнастайнасці, музей можна наведваць рэгулярна - і штораз атрымліваць усё новыя ўражанні. Наданне Нясвіжу статуса Культурнай сталіцы Беларусі значна пашырыла кола мерапрыемстваў, якія сталі ў нас праводзіцца. Калі Оперны ладзіць свае "Вечары..." ужо трэці год запар, дык драматычныя тэатры сабраліся на такі форум упершыню. Але мы хочам, каб ён таксама стаў традыцыйным. Праграму складала Канфедэрацыя творчых саюзаў, спектаклі былі падабраны ўдалыя, звязаныя з гістарычнай тэмай. Вопыт пераканаў, што такія паказы падабаюцца гледачам. Было шмат турыстычных груп, якія мэтанакіравана ехалі, каб спалучыць наведанне замка з тэатральным праглядам. Прыязджалі на форум і асобныя наведвальнікі з розных гарадоў, якія набылі білеты праз Інтэрнэт. Але не ўсе ў нас умеюць карыстацца такой паслугай, асабліва гэта датычыцца мясцовых жыхароў, таму дадаткова вялі продаж і непасрэдна перад спектаклямі.

Адкрываць свята выпаў гонар Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа. Яго артысты, як і праз дзень іх калегі з Мінскага абласнога драматычнага тэатра, "абжывалі" ўнутраную прастору палаца, дакладней - яго Тэатральную залу. Праўда, па цяперашніх мерках, гэтая зала можа прэтэндаваць хіба на камерную канцэртную, бо не мае ні тэатральнага асвятлення, ні, тым больш, ніякіх іншых прыстасаванняў, уключаючы нават закуліссе. Дый маленечкі подыум, што прэтэндуе на сцэну, абмежаваны: большую яго частку займае белы раяль, які, хочаш ці не, становіцца часткай тэатральнага відовішча. Як жа пачувалі сябе ў такіх умовах тэатральныя трупы з Віцебска і Маладзечна?

- У прапанаваных нам умовах спектакль "Леаніды не вернуцца на Зямлю" паводле Уладзіміра Караткевіча штосьці, зразумела, страціў, - расказаў рэжысёр Коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў. - Але і нешта набыў. На стацыянарнай сцэне дзея адбываецца на пароме, значную ролю адыгрывае святло. Дый увогуле, гэтая пастаноўка (а прэм'ера адбылася чатыры месяцы таму) разлічана на вялікую сцэнічную прастору. Мы ж прыехалі ў Нясвіж усяго за некалькі гадзін да пачатку, і трэба было хутка прыстасаваць спектакль да новага атачэння, уключаючы нават тое, што артыстам, каб трапіць на сцэну, патрабавалася прайсці праз усю глядзельную залу. А для гэтага таксама пажадана было неяк змяніць мізансцэны, каб апраўдаць падобны прыём "інтэрактыву". Ды толькі што б я ні прыдумваў, без акцёраў усё роўна нічога не атрымалася б. Гэты спектакль - менавіта акцёрскі, ён трымаецца на майстэрстве артыстаў. А яны выступілі сапраўднымі "сааўтарамі" таго паказу...

- Сапраўды, - дадала рэдактар літаратурнай часткі віцебскага тэатра Марына Пятрова, - пры такой вымушанай адсутнасці сцэнаграфічных прыдумак на першы план выйшаў чалавечы фактар. Спектакль шмат у чым трымаўся на харызме акцёраў. І яна не падвяла! Практычна на кожнай сцэне - узрушэнне залы. А паміж рэпетыцыяй ды ўласна спектаклем для нас правялі экскурсію па тых залах, якія ўжо адкрыты. А таксама па тых, што яшчэ зачынены для шырокага прагляду. Ці ж магло ўбачанае не натхніць?..

Другім дзённым спектаклем стаўся "Паланэз на развітанне", які прывёз у Нясвіж Мінскі абласны драматычны тэатр.

- Трапіць у адну "абойму" з трыма нацыянальнымі тэатрамі краіны, - прызнаўся дырэктар тэатра Юрый Крывенькі, - было для нас вялікім гонарам. Гэта, вядома, накладала адказнасць, але і дадавала артыстам сілы. Нам і раней хацелася, каб гэты спектакль, прысвечаны Міхалу Клеафасу Агінскаму і пастаўлены Віталем Баркоўскім, ішоў у нейкай салоннай атмасферы, якая набліжала б адлюстраваную ў ім эпоху. Пры гэтым, вядома, мы ўсё ж разлічвалі, што можна будзе хаця б часткова скарыстаць дэкарацыі, рэквізіт. Але, папярэдне наведаўшы "месца дзеяння", зразумелі: спатрэбяцца адно сцэнічныя строі - і больш ніякіх іншых аксесуараў...

Таму для ўдзельнікаў спектакля гэта была шмат у чым "шокавая тэрапія": не толькі новы глядач, але і абсалютна іншыя прасторава-акустычныя ўмовы, ніякай дыстанцыі паміж сцэнай ды глядзельнай залай. Здавалася, адно працягні руку - і ўжо зачэпіш гледачоў у першым радзе. Затое на такой адлегласці (дакладней, пры яе адсутнасці) больш яркімі падаліся акцёрскія індывідуальнасці. Так што такія стрэсы - вельмі карысныя.

- Увогуле, мы гатовы выязджаць з падобнымі паказамі часцей, - працягвае Юрый Крывенькі. - Той жа "Паланэз...", да прыкладу, мог бы больш-менш рэгулярна ісці ў Залессі, прыцягваючы ўвагу да неабходнасці аднавіць маёнтак Агінскага не толькі грамадскасці, але і турыстаў, якія там бываюць. Для Нясвіжа мы маглі б прапанаваць і "вулічныя" спектаклі, прычым не ў "аднаразовым" варыянце. Агледзеўшы сцэнічныя "інтэр'еры" Тэатральнай залы і ўнутранага дворыка палаца, сталі думаць і над нейкімі адметнымі праектамі, прызначанымі менавіта для Нясвіжа. Ужо нават звярнуліся з прапановамі да Віталя Баркоўскага! Транспарт для падобных выездаў у нас свой, артысты - вельмі мабільныя.

Сапраўды, чым не ідэя? Многія турыстычныя аб'екты замежжа ўдала скарыстоўваюць "тэатральна-музычны фактар": падобныя спектаклі, канцэрты, іншыя імпрэзы там ладзяцца не раз ці два на год, а пастаянна. І, што самае галоўнае, убачыць іх можна толькі там - і больш нідзе. Можа, і нам трэба падумаць не толькі ўласна пра музейнае, але і пра тэатральна-музычнае начынне таго ж Нясвіжа, Міра, іншых аб'ектаў? У гэтым сэнсе пляцоўка перад мінскай Ратушай можа лічыцца ўдалым эксперыментам: па выхадных і святочных днях тут ужо замацаваліся і выступленні духавых на балконе, і перформансы. Падобную практыку трэба пашыраць. І думаць не толькі пра аднаразовыя "пераносы" спектакляў, але і пра стварэнне адметнага рэпертуару, які мог бы таксама быць "візітоўкай" пэўнай мясціны...

Фота прадастаўлена Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"