Рэтраканверсія, вартая Кнігі рэкордаў Гінеса

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Фарпостам распрацоўкі, удасканалення і ўкаранення новых тэхналогій у бібліятэчную справу краіны стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У яе аддзелах вядзецца навукова-даследчая і вытворчая праца, скіраваная на захаванне і распаўсюджанне разнастайнай інфармацыі: занатаванай як у рукапісах і старадруках, так і на электронных носьбітах. На сумежжы інфармацыйных тэхналогій і гуманітарных навук функцыянуе аддзел электроннай апрацоўкі фондаў. Мы пабывалі ў яго “цэхах” і на свае вочы пабачылі, як пажоўклыя, пашарпаныя кнігі набываюць нятленнае аблічча — электроннае.

 /i/content/pi/cult/134/764/Gines1.jpg
Каментарый дае загадчык аддзела Аляксей БУРАЎКІН:
— Наш аддзел займаецца рэтраспектыўнай канверсіяй інфармацыйных рэсурсаў. Гэта — перавод інфармацыі з традыцыйных у тэхналагічна новыя формы. Адным з увасабленняў працэсу рэтраканверсіі з’яўляецца алічбоўка — ператварэнне дакументаў у графічныя і тэкставыя файлы. Для гэтых мэтаў у аддзеле ўстаноўлены сучасныя высакаякасныя сканеры. Сярод іх — паточныя хуткасныя сканеры для расшытых матэрыялаў. Мы выкарыстоўвалі іх і для рэтраканверсіі карткавых каталогаў нашай Нацыянальнай бібліятэкі. Гэты досвед — унікальны для бібліятэчнай супольнасці: за паўгода намаганнямі работнікаў аддзела, большасць якіх — маладыя спецыялісты, былі адсканіраваны амаль 4 мільёны картак… Цяпер іх электронныя вобразы прадстаўлены ў імідж-каталогу Нацыянальнай бібліятэкі, з якім можа азнаёміцца праз Інтэрнет (на сайце нашай бібліятэкі www.nlb.by) жыхар любога геаграфічнага пункта Зямлі.
У электронную форму пераведзены ўсе асноўныя каталогі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта і каталог дакументаў на беларускай мове, і самы вялікі па колькасці — рускамоўных выданняў, і ўкраінскі і польскі каталогі, і каталог нотных выданняў...
Канешне, карыстацца побытавым сканерам цяпер можа навучыцца нават школьнік. Але ў нашым аддзеле сканіраванне — вытворчы працэс. Дзеля яго ажыццяўлення ўстаноўлена унікальная прафесійная тэхніка і распрацавана адмысловая паэтапная тэхналогія. У аддзеле функцыянуюць 4 сектары, якія адпавядаюць тэхналагічным этапам. Першы — сектар электроннай апрацоўкі аўдыёвізуальнай інфармацыі — займаецца непасрэдна сканіраваннем. Тут жа адбываецца і першасная апрацоўка: напрыклад, ачыстка гуказапісаў ад шумоў. Другі сектар — інфармацыйна-бібліяграфічнай апрацоўкі электронных рэсурсаў. На другім этапе паўстае і вырашаецца вельмі важнае пытанне: як улічваць і ў якім парадку архівіраваць шматлікія электронныя рэсурсы. Так, толькі на наступны год запланавана адсканіраваць прыкладна мільён умоўных старонак.
Трэці — сектар тэхналогій захавання электронных інфармацыйных рэсурсаў.
 /i/content/pi/cult/134/764/Gines2.jpg
Электронныя копіі дакументаў захоўваюццана спецыяльных серверах. Вядзецца база даных адсканіраваных матэрыялаў.
І, нарэшце, сектар дызайну мультымедыйных рэсурсаў. Яго работнікі займаюцца графічнай апрацоўкай, а таксама рыхтуюць макеты Web-старонак і тэматычных дыскаў, што выдаюцца Нацыянальнай бібліятэкай.
Летам завяршыўся перыяд вопытнай эксплуатацыі абсталявання, і аддзел перайшоў да рэальнай вытворчасці паводле самастойна распрацаваных методык. Ствараюцца электронныя копіі разнастайных дакументаў: кніг, запісаў на вінілавых дысках, асобных артыкулаў, карт, мастацкіх выяў. Сумесна з іншымі аддзеламі Нацыянальнай бібліятэкі фарміруем “Электронную Беларусіку”.
Адным з першачарговых нашых заданняў было стварэнне электроннага архіва беларускіх газет. Цяпер газетныя падшыўкі чытач можа праглядаць на маніторы камп’ютэра.У лічбавую форму неадкладна пераводзяцца найбольш каштоўныя кнігі, якім пагражае разбурэнне. Для іх прызначаны адмысловы кніжны сканер з самаперагортваннем старонак. На гэты момант зроблены электронныя копіі больш за 250 рэдкіх выданняў. Сярод іх — “Граматыка музыкі “ Напалеона Орды, выдадзеная ў 1873 г. у Варшаве, “Акты Литовско-Русского государства XIV — XVI вв.”, “Грамоты, касающиеся сношений Северо-Западной России с Ригою и Ганзейскими городами в XII, XIII и XIV вв.”, “Белорусские древности: сведения о памятниках старины” (Санкт-Петербург, 1890 г.).
Яшчэ адзін важнейшы накірунак дзейнасці аддзела — выкананне платных чытацкіх замоў. У асобную катэгорыю выдзелена такая паслуга, як сканіраванне высокай якасці для прафесійных патрэб.

Занатавала Святлана ІШЧАНКА
Фота Аляксандра ЖАРНАСЕКА,
загадчыка сектара дызайнумультымедыйных рэсурсаў
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі