Музычная Купаліяна - надзвычай багатая. І акрамя вядомых песень, што ва ўсіх на слыху, ёсць шмат іншых музычных увасабленняў купалаўскай паэзіі. У тым ліку - у тэле-, кінастужках ды спектаклях. Народнаму артысту Беларусі, кампазітару Сяргею КАРТЭСУ пашчасціла неаднойчы дакрануцца да творчасці вялікага Паэта.
- Доўгі час Янка Купала, - распавядае Сяргей Альбертавіч, - здаваўся мне паэтам пераважна "ўслаўляльным": на вочы часцей за ўсё траплялі яго вершы савецкага перыяду, у якіх я як музыкант адчуваў нейкія "фальшывыя ноты". І раптам у 1971-м Валерый Раеўскі прапанаваў мне напісаць музыку да свайго тэлефільма "Па шчасце, па сонца", заснаванага на купалаўскай паэзіі. І даў некалькі вершаў класіка. З таго часу я палюбіў Янку Купалу! Бо гэта былі зусім іншыя творы: шчырыя, кранальныя, з багаццем мастацкіх асацыяцый, глыбіннымі сувязямі з самымі рознымі з'явамі сусветнай культуры. А якой прыцягальнай паўставала ў іх беларуская даўніна! Я так запаліўся, што не змог спыніцца і следам за музыкай да фільма напісаў вялізную араторыю-паэму "Памяці паэта" для чытальніка, двух салістаў, двух хароў і сімфанічнага аркестра.
- Я добра ведаю гэты твор, прычым не толькі звонку, але і "знутры": у складзе дзіцячага хору я ўдзельнічала і ў прэм'еры ў філармоніі, і ў запісе на радыё. Больш за ўсё нам, навучэнцам школы пры кансерваторыі (цяпер гэта Рэспубліканская гімназія-каледж пры БДАМ), спадабалася частка "Ваўкалак" з яркімі санорнымі эфектамі ды фінал, які дыхаў купальскімі туманамі таямнічых гучанняў...
- Ніколі не расказваў, але за гэты фінал (і за многае іншае ў тым творы) мяне адразу пасля прэм'еры выклікалі "наверх". І вось сядзяць насупраць мяне партыйныя кіраўнікі і "мякка" так даводзяць: маўляў, вы іншаземец (я ж і сапраўды прыехаў на Беларусь з Лацінскай Амерыкі толькі ў юнацкім узросце), многага не ведаеце, а Купала - паэт вельмі спрэчны, у яго былі памылковыя погляды. І запытваюць: "Адкуль вы ўзялі гэтыя вершы?" - "З шасцітомніка. Поўны збор твораў". Насамрэч, я выкарыстаў тыя ж вершы, што прапанаваў мне Раеўскі. Толькі зрабіў для іх зусім іншае музычнае начынне, чым было ў фільме: кожны жанр патрабуе свайго прачытання. Але, пэўна, за тэлефільм Раеўскі "трымаў іспыт", а ўжо за араторыю я аказаўся "адказны". І, тым больш, за яе фінал.
- Сапраўды, як вы маглі скончыць містыкай? Савецкая араторыя павінна была завяршацца гучна, жыццесцвярджальна, а не патроху "знікаць", зліваючыся з цішынёй...
- Сказалі зрабіць справаздачу: з выдання якога года я браў вершы, што з якога тома, на якіх старонках і г. д. Я тады не ведаў, што яшчэ "лёгка адчапіўся". Вось ужо калі мы з Барысам Луцэнкам працавалі над фільмам "Раскіданае гняздо", дык тую стужку зусім пакрамсалі.
- Пэўна, у тым фільме вы выкарысталі музыку, напісаную да спектакля таго ж Луцэнкі ў Купалаўскім тэатры? Спектакль з'явіўся акурат за араторыяй, я, на жаль, яго не бачыла. Але памятаю вашы іншыя спектаклі таго часу - паводле Караткевіча, Крапівы, Макаёнка, дзе звычайна вы звярталіся да музычнага авангарда...
- Я ў той час працаваў загадчыкам музычнай часткі тэатра, таму спектакляў было шмат. Але музыка ў двух "Раскіданых гнёздах" - абсалютна розная. У спектаклі былі і авангардныя інструментальныя фрагменты, і вакал: спяваў тэнар з народнага хору, вельмі адметны па тэмбры. У мяне ў самога тых запісаў не захавалася! А ў фільме - усё зусім інакш. Там спявалі "Песняры". І стылістыка - зусім іншая. Захаваўся хіба сам прынцып ужывання песенных нумароў: наўпрост яны быццам бы не звязаныя з сюжэтам, з пэўнымі героямі, але складаюць сваё паралельную лінію развіцця, свой асобны "песенны цыкл", пераводзячы сюжэтнае дзеянне на ўзровень філасофскага асэнсавання. Асабліва моцным быў апошні нумар - "А хто там ідзе?". Гэты сімвалізм, глыбокі філасофскі складнік ёсць і ў самой п'есе Купалы, але быццам бы прыхаваны. Спробы выцягнуць яго на паверхню, зрабіць у пастаноўцы галоўным не маглі па тых часах "прайсці". А вось неяк завуаліравана, праз музыку, іншыя мастацкія складнікі - штосьці спрабавалі. Але маскоўская цэнзура і так шмат чаго вымусіла перарабіць, былі выкінуты цікава знятыя фантастычныя сцэны: маўляў, няма чаго людзей пужаць... Можа, у Луцэнкі дзесьці застаўся той, першы, варыянт? Абавязкова яго запытаю!..
Фота Юрыя ІВАНОВА