Ці выкрые лазер падробку? або Фізіка на службе ў лірыкаў

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

Для Алены КЛЯЧКОЎСКАЙ, маладога фізіка, аспіранткі, супрацоўніцы Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прапанова заняцца прафесійнай дзейнасцю ў дапамогу сферы культуры не сталася нечаканасцю. Яна з дзяцінства цікавілася мастацтвам. І калі на трэцім курсе будучаму прафесіяналу трэба было выбіраць тэму курсавой работы, у Інстытуце малекулярнай фізікі НАНБ ёй параілі заняцца такой праблемай, як выцвітанне фарбаў на мастацкіх палотнах. Не раздумваючы, яна пагадзілася. У далейшым яе даследаваннямі зацікавіліся ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і запрасілі да сябе. І цяпер малады навуковец сумяшчае працу ў Інстытуце фізікі і мастацкім музеі, дапамагаючы мастацтвазнаўцам НММ РБ.

 /i/content/pi/cult/134/763/Nauka.jpg
— Калі прайсціся па музейнай экспазіцыі, — распавядае Алена Клячкоўская, — можна заўважыць, што асобныя карціны маюць цёмны налёт, некаторыя вылінялі. Так уздзейнічае на
жывапісныя творы час. Кіраўнік маёй дыпломнай працы Сяргей Гапоненка, тагачасны дырэктар Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі, паказаў мне артыкул аднаго амстэрдамскага навукоўца, які па нейкіх старажытных рэцэптах ствараў новыя “старыя” фарбы. І пасля даследаванняў адной знакамітай карціны высветліў: сіні колер на ёй быў значна ярчэйшы, чым цяперашні. Гапоненка прапанаваў мне заняцца дадзенай тэматыкай.
Увогуле, карціна — гэта паслойная сістэма: палатно, потым ідуць грунт, малюнак, фарбавыя слаі. І ў той жа час, усе дадзеныя матэрыялы змяшаныя паміж сабой.
— Ці выкарыстоўваеце вы для вывучэння мастацкага твора лазерныя тэхналогіі?Так. Дзякуючы ім можна абысціся без адбору пробы (проба — гэта невялікая колькасць фарбаванага слоя разам з грунтам). Нам цікавая інфармацыя аб хімічным складзе кожнага слоя паасобку. Лазернае выпраменьванне, трапляючы на паверхню твора, выпарвае матэрыял. Плазма рэгіструецца дэтэктарам, і атрымліваецца эмісійны спектр. І так робіцца да тае пары, пакуль лазернае выпраменьванне не дойдзе да самога палатна. Атрымліваецца цэлы набор спектраў. Такім чынам, мы ведаем хімічны склад кожнага слоя, а значыць, можам зразумець, якія фарбы выкарыстоўваў мастак.
Цяпер я займаюся вывучэннем таго, як рабіліся пігменты, яшчэ больш глыбока, чым раней. Бо разумею, што разгадка гэтай таямніцы дазволіць у будучым лепей захоўваць мастацкія творы. Я і мае калегі спрабуем адаптаваць і іншыя метады даследавання рэчыва для атрыбуцыі жывапісу. Сумесна з супрацоўнікамі Цэнтра аўтаматызаваных спектральных вымярэнняў пад кіраўніцтвам Міхаіла Бялькова адаптавалі метад атамна-эмісійнай спектраскапіі з індуктыўна звязанай плазмай, метад інфрачырвонай спектраскапіі і камбінацыйнага рассейвання.
— А ці магчыма вызначыць з дапамогай вашых даследаванняў дату вырабу фарбаў, а значыць, і напісання карціны?
Тут складаней. Як вядома, да ХVІІІ ст. фарбы ствараліся мастакамі ўласнаручна, потым іх стала вырабляцьпрамысловасць. Свінцовыя бялілы выкарыстоўваліся да пачатку ХІХ стагоддзя. Пасля прыйшлі цынкавыя бялілы. Але быў пэўны часавы прамежак, калі выкарыстоўваліся і першыя і другія. Таму кожную карціну трэба вывучаць комплексна. Лазерны аналіз фарбавага слоя не можа замяніць іншыя метады.
—Вядома, што ў музеі знаходзіцца адметная рэнтгенаўстаноўка, распрацаваная беларускімі спецыялістамі.
— Сапраўды, гэты апарат мае адметную канструкцыю. У нечым ён падобны да ўстановак, якія выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх клініках для флюараграфіі. Сутнасць тая ж. Толькі тут замест чалавека — карціна. Рэнтгенаграма робіцца ў лічбавым варыянце і захоўваецца ў памяці камп’ютэра, дапамагаючы пры гэтым ствараць зручную ў карыстанні бібліятэку. На рэнтгенаграме вельмі добра бачныя страты фарбавага слоя, змяненні ў кампазіцыі, надпісы, грунт, асаблівасці таго, як накладзены фарбавыя мазкі — ці, іншымі словамі, “почырку майстра”. Потым робіцца аналіз адлюстравання ва ультрафіялетавых промнях. Гэты метад дапамагае разабрацца ў тым, які лак прымяняўся. Стары лак можа свяціцца жоўта-зялёным, зялёным, сінім. Сінтэзаваныя, сучасныя лакі свецяцца фіялетавым святлом. Калі лак паклалі адносна нядаўна, ён наогул не свеціцца.
— І на падставе такога доследу, пэўна, можна вызначыць век твору, хай сабе і прыблізна…
— Па свячэнні лаку можна адказаць, стары ён ці не. Калі на карціне стаіць подпіс, вельмі важна паглядзець: ці ён пад лакам, або з’явіўся пазней. Лазерны аналіз фарбавага слоя здатны даць толькі характарыстыку выкарыстаных мастацкіх матэрыялаў. Пры даследаванні твора важна таксама зрабіць яго фота ў інфрачырвоным святле. Дзякуючы гэтаму можна вызна-чыць, ці быў на карціне рысунак, ці ёсць змяненні ў кампазіцыі.
— Усё гэта ажыццяўляе ваша лабараторыя?
Так. І на падставе нашых даследаванняў мастацтвазнаўцы робяць высновы: у які перыяд, у якой краіне створаны твор, якое палатно ўжывалася, якія фарбы, да якой школы прыналежыць карціна.
— Методыка, распрацаваная вамі, была ўпершыню выкарыстана менавіта ў Нацыянальным мастацкім музеі?
— Так. Але казаць, што яна распрацавана толькі мной, будзе не зусім дакладна. Ля яе вытокаў стаялі яшчэ дзве лабараторыі Інстытута фізікі. Насамрэч, без людзей, якія мне дапамагалі, без спецыялістаў нашага інстытута гэтая праца была б немагчымая.Калі я пазнаёміла спецыялістаў музея з маімі распрацоўкамі, мне параілі звярнуцца ў лабараторыю фізіка-хімічных даследаванняў, дзе працавала Наталля Кожух — фізік па адукацыі. На той момант яна займалася даследаваннямі жывапісу.Так з’явіўся ў мяне новы кіраўнік. І з тае пары пачалося супрацоўніцтва з Мастацкім музеем. Тады я прыйшла да той тэмы, якой займаюся зараз: тэхналагічныя даследаванні, вызначэнне хімічнага складу фарбаў, стратыграфічнай структуры твора. Сумесна з Наталляй Міхайлаўнай Кожух і са спецыялістамі лабараторыі аналітычнай спектраскапіі Інстытута фізікі пад кіраўніцтвам Яўгена Яршова-Паўлава мы сталі адпрацоўваць метад паслойна лазернага спектральнага даследавання фарбавага слоя жывапісных твораў. Паралельна дадзенай тэматыкай займаўся Сяргей Райкоў з лабараторыі лазернай дыягностыкі плазмы, у нас былі з iм сумесныя працы.
— Не так даўно патрапіў на вочы каталог мастацкіх падробак, якія раней, да навуковага вывучэння, лічыліся сапраўнымі. Ці можна навуковымі метадамі зменшыць колькасць “псеўдашэдэўраў”?
Некаторыя падробкі і самі можна назваць сапраўдным мастацкім творам — і не толькі таму, што прыпадабняцца да манеры вялікага мастака здольны далёка не кожны. Візуальна тая ці іншая карціна можа быць падобнай да працы вядомага майстра. Яе можна адмыслова “састарыць”, напрыклад, выкарыстаўшы старое палатно. Ёсць спецыяльныя пакрыцці, якія даюць фарбаваму слою эфект кракелюру, можна таксама пакрыць карціну цёмным лакам. І таму, каб даведацца — ці той гэта мастак, ці не той, — трэба праводзіць вельмі дбайныя навуковыя даследаванні.
— А ці ўдавалася выкрыць падробку вам асабіста?
У фізічную лабараторыю музея паступаюць рэчы не толькі з фондаў, творы прыносяць на экспертызу таксама і прыватныя асобы. Летась трапілі чатыры працы, падпісаныя рознымі аўтарамі. Пры першым позірку адразу было бачна, што ўсе карціны вельмі падобныя паміж сабой. Яны былі прыблізна аднаго фармату, мелі аднолькавы тон. Пасля даследавання фізічнымі метадамі аказалася, што ўсе чатыры творы малявала адна рука.
У 2005 годзе ў музеі вывучалі карціну французскага майстра Гюбэра Рабэра, які пісаў пейзажы ў ХVІІІ стагоддзі. У нашым музеі ёсць дзве яго працы. Тая, што была на даследаванні, складалася з дзвюх частак. І гэта было вызначана ў час вывучэння палатна. На ім лак меў надта жоўты колер. Мы яго хацелі пакрыць іншым лакам, і калі пачалі расчышчаць, дык убачылі паветранае ружовае неба, лёгкія воблачкі... Было бачна, што зверху палатно сшытае. Меркавалі, што гэта зрабіў сам аўтар. Але калі расчысцілі паверхню, адкрылі, што намаляванае там адрозніваецца ад усяго астатняга. Зрабілі хімічную экспертызу і вызначылі: тое, што зверху, — сучаснае адлюстраванне. Там знайшлі кадмій, фарбы на аснове кадмію з’явіліся ў другой палове ХІХ стагоддзя. А Гюбэр Рабэр ствараў свае творы значна раней. Мы вызначылі, што ніжняя частка твора — сапраўдная рэч.
— Наколькі вядома, вашым метадам зацікавіліся ў іншых краінах Еўропы...
— Я і Сяргей Райкоў былі запрошаны ў Германію на навуковую канферэнцыю, дзе абмяркоўваліся апошнія дасягненні ў галіне вывучэння мастацкіх твораў. Нашымі даследаваннямі сапраўды вельмі зацікавіліся. Спецыялісты з галандскіх, брытанскіх музеяў, нямецкіх галерэй зазначалі, што ў іх толькі пачынаюцца падобныя распрацоўкі, а беларускія навукоўцы ўжо зрабілі значны крок наперад у дадзеным накірунку. Наша праца была адзначана першай прэміяй.
— Ці атрымалі працяг вашы замежныя кантакты, вывучэнне сусветнага вопыту?
— Я і мае калегі пастаянна ўдзельнічаем у навуковых канферэнцыях, якія наладжваюцца ў іншых краінах, імкнемся не выпускаць з поля зроку тое, што адбываецца ў заходніх музеях, методыкі, якія ў іх укараняюцца. Я магу сказаць, што мы не адстаем. Канферэнцыі на тое і разлічаны, што мы вучымся ў калег, абменьваемся вопытам. Летась я была ў Трыесце, дзе прайшоў семінар на тэму “Навука дзеля культурнай спадчыны”.
Было вельмі цікава яшчэ і таму, што семінар праходзіў у Італіі — краіне з багатымі культурай, мастацтвам, дзе рэстаўрацыя дасягнула вельмі высокага ўзроўню. Было чаму павучыцца... У фондах нашага музея захоўваецца шмат твораўмастацтва, якія яшчэ ніколі не выстаўляліся і патрабуюць вывучэння. Дастаткова прыгадаць старажытнабеларускае мастацтва, творы віцебскай школы і іншыя. Так што працы наперадзе шмат.

Распытвала Наталля КІРПІЧЭНКАВА