Шыфр і маладосць у Віцебску

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што Дзень культуры Беларусі і Дзень моладзі на “Славянскім базары ў Віцебску” пройдуць адначасова. Калі першы цыкл мерапрыемстваў ужо трывала заняў сваё месца на гэтым Міжнародным фестывалі мастацтваў, дык другі, ініцыяваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, яшчэ толькі “ўзрастае”, але паводзіць сябе, як сапраўдны акселерат.

 

Мяркуйце самі: калі ўвесь форум збярэ каля пяці тысяч удзельнікаў (а гэта не толькі артысты, але і больш як 460 прадстаўнікоў СМІ з 15 краін, а таксама супрацоўнікі адміністрацыйных і тэхнічных службаў), дык тых, хто выступіць на Дні моладзі, будзе прыблізна... тысяча - пятая частка ад агульнай колькасці.

"Памаладзее" і гала-канцэрт Дня культуры нашай краіны, названы сёлета "Зямля Беларуская". Працуе над ім малады рэжысёр Вераніка Янушэўская-Алтушэц, вядомая па падрыхтоўцы ўрачыстасцей Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". На сцэне віцебскага Амфітэатра выступяць не толькі "народныя і заслужаныя" (Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева) ды ўжо добра раскручаныя эстрадныя салісты (Пётр Ялфімаў, Саша Нэма, Вольга Плотнікава, Леся Кодуш і Слава Нагорны, Жанэт), але і сусветна вядомы акадэмічны баяніст, лаўрэат больш як 40 міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, а таксама фіналісты разнастайных маладзёжных і дзіцячых тэлепраектаў.

Не забыты і гістарычны складнік: гэта не толькі спектакль "Пане Каханку" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, які перанясе гледачоў у часы Рэчы Паспалітай, але і прапанаваны мастаком-сцэнографам форуму Зіновіем Марголіным... беларускі арнамент, у малюнках якога "зашыфраваны" спрадвечныя коды-сімвалы нацыянальнага светаўяўлення. Сёлета такі арнамент, у які, дарэчы, уплецены лагатып "Славянскага базару ў Віцебску", будзе ўпрыгожваць галоўную фестывальную сцэну цягам усіх дзён форуму.