Мяркуйце самі: калі ўвесь форум збярэ каля пяці тысяч удзельнікаў (а гэта не толькі артысты, але і больш як 460 прадстаўнікоў СМІ з 15 краін, а таксама супрацоўнікі адміністрацыйных і тэхнічных службаў), дык тых, хто выступіць на Дні моладзі, будзе прыблізна... тысяча - пятая частка ад агульнай колькасці.
"Памаладзее" і гала-канцэрт Дня культуры нашай краіны, названы сёлета "Зямля Беларуская". Працуе над ім малады рэжысёр Вераніка Янушэўская-Алтушэц, вядомая па падрыхтоўцы ўрачыстасцей Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". На сцэне віцебскага Амфітэатра выступяць не толькі "народныя і заслужаныя" (Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева) ды ўжо добра раскручаныя эстрадныя салісты (Пётр Ялфімаў, Саша Нэма, Вольга Плотнікава, Леся Кодуш і Слава Нагорны, Жанэт), але і сусветна вядомы акадэмічны баяніст, лаўрэат больш як 40 міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка, а таксама фіналісты разнастайных маладзёжных і дзіцячых тэлепраектаў.
Не забыты і гістарычны складнік: гэта не толькі спектакль "Пане Каханку" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, які перанясе гледачоў у часы Рэчы Паспалітай, але і прапанаваны мастаком-сцэнографам форуму Зіновіем Марголіным... беларускі арнамент, у малюнках якога "зашыфраваны" спрадвечныя коды-сімвалы нацыянальнага светаўяўлення. Сёлета такі арнамент, у які, дарэчы, уплецены лагатып "Славянскага базару ў Віцебску", будзе ўпрыгожваць галоўную фестывальную сцэну цягам усіх дзён форуму.