Дызайн у стылі "стужкі часу"

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Поспех музея залежыць не толькі ад цікавых экспанатаў, дасведчаных экскурсаводаў. Шмат у чым адметную атмасферу стварае інтэр’ер, распрацаваны дызайнерам з улікам спецыфікі калекцый. На жаль, часцей за ўсё якраз дызайнер інтэр’ераў знаходзіцца па-за ўвагай грамадскасці.

/i/content/pi/cult/384/7608/1-4.jpeg

Таму будзе дарэчы згадаць пра мастака, сябра Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага саюза архітэктараў Ігара Куржалава. Яго талент найбольш шырока праявіўся ў стварэнні музейных экспазіцый. У якіх толькі гарадах ён ні працаваў! Талент, розум, рукі, арганізацыйныя здольнасці Ігара Куржалава спатрэбіліся пры стварэнні экспазіцый Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў Мінску, Музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, Музея гісторыі і культуры Наваполацка, экспазіцыі "Абарончае дойлідства ВКЛ" у Мірскім замку.

Шмат зрабіў гэты мастак і для старажытнага Полацка, дзе цяпер жыве і працуе. У прыватнасці, ягоныя творчыя ідэі ды планы рэалізаваліся ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага, Музеі беларускага кнігадрукавання, экспазіцыі якіх з'явіліся пры непасрэдным удзеле майстра. Ён жа працаваў і над праектам Музея гісторыі Полацка. Цягам некалькіх гадоў І.Куржалаў з'яўляўся галоўным мастаком горада і прыкладаў шмат намаганняў, каб зрабіць Полацк прыгожым ды сучасным, захаваўшы яго гісторыю і традыцыі. У 2003-м мастак ажыццявіў сваю ідэю, стварыўшы ў горадзе памятны знак-помнік нашай беларускай літары "У нескладовае", які выконвае функцыю сонечнага гадзінніка.

Ігар Куржалаў і сёння працягвае плённа працаваць. Здзяйсненні апошняга часу - гэта праекты Музея Ігната Буйніцкага ў вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна і Музея Тызенгауза ў Паставах.

Калектыў нашага Музея гісторыі і культуры Наваполацка асабліва ўдзячны мастаку, якому нядаўна споўнілася 55 гадоў, за цікавае мастацкае рашэнне экспазіцыі. "Настройвае" на яе ўспрыманне вулічная "стужка часу", матэрыялізацыя гісторыі праз стылізаваныя будаўнічыя пляцоўкі, узноўлены інтэрнацкі пакой, двухузроўневая арганізацыя прасторы ў экспазіцыі, інтэрактыўныя куточкі, выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў. А наколькі ўражвае панарама сённяшняга горада, прадстаўленая ў макеце, дзе можна пабачыць увесь горад з вышыні птушынага палёту!..

Жанна МАТВЕЕНКА, навуковы супрацоўнік Музея гісторыі і культуры Наваполацка