У Валева і Бялградзе

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

У сербскім Валева — выстаўка сучасных беларускіх мастакоў: Вікторыі Ільіной, Уладзіміра Кожуха, Ганны Ціханавай, Віктара Шылко і Віктара Ціханава. А цягам ліпеня з удзелам беларусаў пройдзе выстаўка ў горадзе Петровац.

 

Сведчаннем плённых стасункаў у сферы культуры паміж Беларуссю ды Сербіяй стала і прэзентацыя кнігі "Анталогія беларускай паэзіі" на сербскай мове, што адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Сербіі ў Бялградзе.

Складальнік "Анталогіі беларускай паэзіі", прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Чарота расказаў пра шчыльныя сувязі паміж беларускай і сербскай літаратурамі. Акрамя таго, перад удзельнікамі прэзентацыі таксама выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Сербіі Уладзімір Чушаў, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі Дэян Рысціч, перакладчык кнігі, сербскі прафесар Міадраг Сібінавіч і дырэктар выдавецтва "Сербская літаратура" Драган Лакічавіч. Яны падкрэслілі духоўную сувязь нашых краін, перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў кнігавыдавецтве.

Публікацыя "Анталогіі беларускай паэзіі" была арганізавана Пасольствам Беларусі ў Сербіі ў рамках святкавання 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа ды Года кнігі.