Ад 700 рублёў да 30 тысяч

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

ТОП-10 найцікавых платных паслуг ва ўстановах культуры рэгіёнаў

/i/content/pi/cult/384/7601/1-1.gifПад час камандзіровачных выездаў у раёны Беларусі заўсёды хочацца пабачыць нешта новае, тое, што патэнцыйна здольнае прыцягваць увагу не толькі мясцовых жыхароў, але падасца цікавым і ў іншых кутках краіны. Зразумела, гэта не звычайныя ды традыцыйныя ксеракопіі ў бібліятэцы або канцэрты ў СДК... На шчасце, многія начальнікі аддзелаў культуры на запыт аб новых і крэатыўных формах работы адразу і без лішніх слоў вязуць карэспандэнтаў "К" на раён або запрашаюць у музей, цэнтральную раённую бібліятэку ці ГДК... Падборку з дзесяці цікавых відаў платных паслуг мы і вырашылі прадставіць на суд чытачоў. Магчыма, некалькі адметных формаў работы створана і ў вашым раёне? Тады запрашаем вас, шаноўныя чытачы, прадоўжыць дадзеную падборку і павялічыць яе ў разы.

Рэгіёны: майстар-клас КРЭАТЫВУ

Гасцяванне ў аграсядзібе

Пакуль гэты від паслуг работнікі сферы асвоілі, на жаль, толькі ў некалькіх рэгіёнах Беларусі: напрыклад, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці (Бароўскі СДК) і ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці (Культурна-турыстычны цэнтр у вёсцы Івесь). Шкада, што ў некаторых, а не ва ўсіх. Бо не сакрэт: турпаслугі могуць прынесці мясцовым культработнікам неблагія дывідэнды. Ды і ўзняць імідж не толькі рэгіёна, але і краіны. Пагасцяваць суткі, скажам, у Івесі можна за 30 тысяч рублёў з чалавека.

Краязнаўчыя экскурсіі

Яны карыстаюцца попытам у горадзе Беразіно Мінскай вобласці. Справа ў тым, што ў гэтым райцэнтры пакуль не створаны гісторыка-краязнаўчы музей. Таму супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі занялі экскурсійную "нішу" і маюць з аказання названай паслугі пэўны прыбытак. 45 хвілін экскурсіі каштуюць прыкладна 23 тысячы рублёў.

Пенныя дыскатэкі ў СДК

Выкарыстоўваюцца ў раённых установах Лідчыны. Аддзел культуры бярэ ў арэнду ў прыватніка "пенную" ўстаноўку і прапануе ўсім ахвотным наведаць дыскатэчныя вечары ў, так бы мовіць, "мокрым" фармаце. Паслуга настолькі запатрабавана, што мясцовым культработнікам даводзіцца ладзіць падобныя мерапрыемствы ва ўсіх аграгарадках раёна па некалькі разоў запар. Білет на такую дыскатэку каштуе 15 - 20 тысяч рублёў.

Кава і зёлкі - да дыскатэкі

Як вядома, моладзь пад час дыскатэкі жадае не толькі танчыць "да ўпаду", але і мець магчымасць размаўляць ды адпачываць з сябрамі. Аксіёма? Але, на жаль, не ва ўсіх ГДК і РДК яе разумеюць. Як даводзілася неаднойчы бачыць, з усіх выгод цывілізацыі ў танцавальнай зале Дома культуры ў райцэнтры ці на сяле часцяком знаходзяцца хіба што некалькі крэслаў. А вось у Крупскім СДК Крупскага раёна і ў Доме культуры вёскі Камуна Любанскага раёна Мінскай вобласці культработнікі даюць магчымасць сваім наведвальнікам папіць зёлкавых напояў або пагутарыць з сябрамі за столікам за кубачкам чаю ці кавы. Паслуга ўваходзіць у кошт дыскатэчнага білета "вагою" ў 5 тысяч рублёў.

Выпечка каравая ў СДК

Названую паслугу ўжо доўгі час прадастаўляюць у СДК вёскі Прырэчча Слонімскага раёна. Вырабы мясцовых "кухараў" паспяхова канкурыруюць з прысмакамі раённай спажывецкай арганізацыі. А ўсё таму, што пры Доме культуры яшчэ колькі гадоў таму быў створаны гурток "Чараўніцы-каравайніцы", які па старадаўніх рэцэптах і тэхналогіях вырабляе месцічам пад заказ вясельныя караваі. Выпечка хлеба прыйшлася даспадобы як сельскім, так і гарадскім жыхарам. Гэтая паслуга хоць і не ўваходзіць у прайс установы культуры, але вырабы мясцовых бабуль пастаянна ўручаюцца ўсім гасцям Слонімшчыны, і ўзнімаюць прэстыж не толькі Прырэцкага СДК, але і ўсяго раёна.

Бібліятэчныя вагі

Для бібліятэкараў Ліёзненскай цэнтральнай раённай бібліятэкі дэвіз "За здаровы лад жыцця!" - не фармальны, а цалкам адпаведны іх працы. На абанеменце ЦРБ арганізавана выстаўка, якая прапагандуе здаровы лад жыцця, кнігі пра лекавыя зёлкі, на спартыўную тэматыку ды многія іншыя. Тут жа кожны наведвальнік можа ўзысці на кампактныя вагі і адразу ўбачыць, колькі кілаграмаў яму варта скінуць ці дабраць. Хоць паслуга платная, але ахвотных узважыцца хапае. Як, дарэчы, і тых, хто пасля наведання бібліятэкі пачаў інтэнсіўна займацца спортам. Узважыцца можна ўсяго за 700 рублёў.

Пракат у ЦБС

Калі жыхары Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці жадаюць паглядзець новы фільм, дык яны скіроўваюцца... у бібліятэку. Так, мясцовая ЦБС заключыла дамову з Брэсцкім абласным кінавідэапракатам, таму цяпер і ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы, і ў бібліятэках аграгарадкоў можна ўзяць ці замовіць упадабаны фільм. Навінкі, дарэчы, таксама можна займець літаральна праз некалькі дзён пасля заказу. Паслуга карыстаецца попытам, асабліва ў сельскай мясцовасці. А яшчэ мясцовыя бібліятэкары асвоілі такі від паслуг, як распрацоўка метадычных матэрыялаў для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ, і даюць магчымасць педагогам па кошце ксеракопіі набыць сцэнарый таго або іншага класнага мерапрыемства... За 1 дыск трэба аддаць 1 400 рублёў за суткі.

Відэадыскатэкі ў СДК

Іх ладзяць, да прыкладу, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, у Столінскім раёне Брэсцкай і ў некаторых іншых. Натуральна, гэткая дыскатэка не толькі дазваляе паспяхова выканаць план платных паслуг установы культуры, але і выкарыстоўваецца для іншых важных мэт. Напрыклад, акрамя музычных кліпаў на відэаэкране можна трансліраваць фільмы разнастайнай сацыяльнай тэматыкі... За білет трэба аддаць 3 - 4 тысячы рублёў.

Расада ў СДК

Падобны від платнай паслугі прадастаўляюць зноў-такі культработнікі Ліёзненшчыны. Памідорную ці кветкавую расаду ў некаторых СДК раёна прадаюць усім ахвотным, папаўняючы такім чынам скарбонку пазабюджэту. Праўда, мусім адзначыць, што такія не зусім клубныя, а, так бы мовіць, "клумбавыя" паслугі, мясцовыя культработнікі вымушаны прадастаўляць не з-за лёгкага жыцця: як вядома, план платных паслуг на Віцебшчыне - самы высокі сярод іншых абласцей Беларусі, таму і даводзіцца ліёзненцам зарабляць вось такім незвычайным чынам. Натуральна, падобны від паслугі не зусім адпавядае профілю і мэтам установы культуры. Расаду можна прыдбаць усяго за тысячу рублёў.

Сувеніры з пластмасы

Платны гурток "Чароўныя карункі" працуе пры Сялявіцкім СДК Слонімскага раёна. Чаго толькі тут ні робяць з пластмасы: ружовых "хрушак", конікаў, кветак ды жывёлін і нават пальм! Натуральна, усе гэтыя вырабы карыстаюцца попытам у мясцовага насельніцтва і дазваляюць установе культуры не хвалявацца за выкананне плана платных паслуг не толькі цяпер, але і ў будучым. Платны гурток каштуе для ўдзельніка 5 тысяч рублёў у месяц.

 

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"