Новая традыцыя Ашмяншчыны

№ 43 (809) 27.10.2007 - 02.11.2007 г

У Ашмянскім раёне складваецца добрая традыцыя ладзіць навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя гісторыі краю і яе сувязям з сучаснасцю. 8 — 10 верасня мінулага года прайшлі Першыя міжнародныя навуковыя Гальшанскія чытанні, прысвечаныя дынастыі, эпосе і спадчыне Ягелонаў. А сёлета 5 — 6 кастрычніка адбылася канферэнцыя “Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі”, арганізаваная таксама Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Ашмянскім райвыканкамам.

 /i/content/pi/cult/134/760/Galshany.jpg
У фае Ашмянскага Дома Саветаў, дзе мусіла адбыцца пленарнае пасяджэнне, удзельнікаў чакаў сюрпрыз: выстаўка фотамастачкі Наталлі Ракіцкай-Жамар “Самюр — вякі традыцыі і сучаснасць”. Ураджэнка Гродна, Наталля зараз жыве і працуе ў Францыі, а землякам яна прывезла фотарэпартаж са 158-ай каруселі— паказальных выступленняў французскай Нацыянальнай школы коннай язды, заснаванай яшчэ каралём Генрыхам IV у пачатку XVII ст. У Самюры практыкуюць менавіта тую сістэму выездкі, якую ў XVI стагоддзі спасцігаў у Неапалі юнаком К.М. Дарагастайскі, будучы аўтар “Гіпікі, альбо Кнігі пра коней”.
Адкрываў канферэнцыю старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык. Ён адзначыў, што раён рыхтаваўся да новай канферэнцыі ўвесь год. Раённы музей імя Ф.Багушэвіча правёў краязнаўчыя чытанні. Быў абвешчаны творчы конкурс “Ашмяншчына — вачыма маладых” (і яго пераможцы падчас адкрыцця канферэнцыі атрымалі прызы і памятныя падарункі). Добраўпарадкавана тэрыторыя вакол замка Сапегаў.У раёне стала больш краязнаўчых гурткоў… “Падзеі, якія адбываюцца на такіх канферэнцыях, маюць не толькі навуковае, але і выхаваўчае значэнне”,— падкрэсліў Ю.Адамчык.
Далей слова ўзяў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Каваленя.
— Мы хочам, каб вынікі нашай працы адразу сталі набыткам жыхароў Ашмяншчыны, — сказаў ён. — Правядзенне канферэнцыі дазваляе ўключыць у навукова-даследчы працэс не толькі акадэмічных навукоўцаў, але і мясцовых краязнаўцаў, маладых даследчыкаў мінулага — будучых прафесійных гісторыкаў. Лічу неабходным назваць тэмы і накірункі, якія найменш вывучаны і таму павінны стаць прыярытэтнымі. У першую чаргу гэта гісторыя населеных пунктаў, а таксама людзей, родаў, сем’яў, якія жылі тут,— як знакамітых, так і простых. Актуальнымі з’яўляюцца дэмаграфічныя і генеалагічныя даследаванні, вывучэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця асобных вёсак і прадпрыемстваў, што дапаможа стварыць там свае музеі і будзе вельмі карысным у справе захавання памяці аб нашых продках і папярэдніках, якія абаранялі і ўмацоўвалі Бацькаўшчыну.
У канферэнцыі браў удзел старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКО Уладзімір Шчасны. Ён выказаў захапленне выглядам Ашмян у апошні час і заўважыў, што ЮНЕСКО падтрымлівае тэндэнцыю звяртаць усё больш увагі на тыя багацці, якія раней недаацэньваліся: “Мы павінны адрадзіць забыты пласт сядзібнай культуры, музычнай культуры”. У.Шчасны ўрачыста перадаў Ашмянскаму раёну CD-дыск “Музыка Беларусі ХІХ стагоддзя”, выпушчаны пры падтрымцы ЮНЕСКО.
Рэдактар аддзела газеты “Культура”, перакладчык “Гіпікі” Святлана Ішчанка выступіла з дакладам “Крыштаф Монвід Дарагастайскі: лёс, творчасць, вяртанне спадчыны”. Кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Анастасія Скеп’ян падзялілася высновамі аб стаўленні шляхты да коней і аб гандлі конямі, да якіх яна прыйшла падчас вывучэння перапіскі вялікалітоўскай магнатэрыі, пра ахову коней як прыватнай маёмасці Статутам ВКЛ. Доктар гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Святлана Марозава зрабіла агляд гісторыі Барунскага базыльянскага кляштара, які ў XVIIIXIX стст. быў асяродкам развіцця сакральнага мастацтва і асветы.
Знаходкі, зробленыя гэтым летам падчас археалагічных раскопак на гарадзішчы і селішчы ў Гальшанах, прадэманстраваў аспірант Інстытута гісторыі Павел Кенька. (Дарэчы, дапамагалі яму вучні тамтэйшай гімназіі.) Некалькі раскопаў далі 50 індывідуальных знаходак, 60 фрагментаў посуду. Сярод найбольш цікавых рэчаў — медныя язычніцкія падвескі-амулеты, элементы пояса воіна Х ст., скандынаўскія ножык і крэсіва Х— ХІ стст., званочкі Х— ХІ стст. Гэтыя матэрыялы служаць доказам існавання Гальшанаў яшчэ да ХІІ ст.
Прывітанне і падзяку міністра культуры РБ Уладзіміра Матвейчука перадаў удзельнікам канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры РБ Ігар Чарняўскі. У сваім выступленні ён паведаміў, што сёлета на догляд рэшткаў Гальшанскага замка і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго з рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана 50 мільёнаў рублёў.
У наступным годзе плануецца працягнуць фінансаванне гэтых работ з улікам распрацоўкі праектнай дакументацыі на кансервацыю руін.
Наступным пунктам праграмы канферэнцыі стала ўрачыстае адкрыццё пункта Дугі Струвэ ў вёсцы Цюпішкі. Тут варта нагадаць, што Дуга Струвэ — трансгранічны аб’ект, чацвёрты па ліку на Беларусі, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО. Вядома, што пункт “Тупішкі” быў заснаваны ў 1823 г. пад кіраўніцтвам нямецкага геадэзіста Карла Тэнера. Валун з датай закладкі і подпісам Тэнера быў знойдзены падчас работ па ўстаноўцы сучаснага памятнага знака. Дарэчы, побач знаходзіцца дзейны геадэзічны пункт.
Потым удзельнікі канферэнцыі наведалі ў Гальшанскай гімназіі гісторыка-краязнаўчы музей, заснаваны настаўнікам-энтузіястам Эдуардам Корзунам, дзе яго справу працягваюць Яніна Корзун з вучнямі, а таксама агледзелі рэшткі замка. Завяршыўся першы дзень выступленнямі па выездцы ў коннаспартыўным цэнтры “Гіпіка”.
Назаўтра ў Гальшанах на базе Дома культуры, бібліятэкі і гімназіі вялася праца па секцыях. Прагучала шмат цікавых дакладаў і паведамленняў. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта Андрэй Самусік абазначыў месца Ашмянскага павета ў сістэме адукацыі Рэчы Паспалітай XVIII ст. Яго калега з гэтага ж універсітэта Уладзімір Падалінскі дадаў важныя звесткі да біяграфіі К.М. Дарагастайскага, акрэсліўшы яго пасольскую дзейнасць на соймах Рэчы Паспалітай у 1587 — 1596 гг.А скульптар з Мінска Валерый Калясінскі прапанаваў некалькі эскізных рашэнняў мемарыяльнай дошкі, прысвечанай вялікаму маршалку. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта Віталь Галубовіч прадоўжыў тэму ўдзелу ў соймах ашмянскай шляхты. Ажыўленне ў зале выклікалі судовыя справы аб чарадзействе і паганстве ў Ашмянскім павеце, якія знайшла кандыдат гістарычных навук, дацэнт Гродзенскага філіяла “БІП— Інстытут правазнаўства” Наталля Сліж. Прыемна было пачуць паведамленне вучаніцы 11 “В” класа Ашмянскай СШ № 2 Рэнаты Натуральнавай аб кнігадрукаванні ў Ашмянскім павеце ў ХVIXVII стст., у якім адчуваецца як сур’ёзны падыход да тэмы самой юнай даследчыцы, так і пільная падрыхтоўчая праца яе настаўнікаў.
Да канферэнцыі была прымеркавана яшчэ адна фотавыстаўка — “Мая Беларусь”, размешчаная ў Доме культуры. Яе аўтарка — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ, дырэктар ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” Тамара Філіповіч. Яна аддае перавагу жанру пейзажнай фатаграфіі.І вось — ад’езд. Удзельнікі канферэнцыі спяшаюцца сфатаграфавацца разам ля памятнага знака, прысвечанага Соф’і Гальшанскай, які быў адкрыты год таму. Цяпер імёны і яе, і Крыштафа Монвіда Дарагастайскага, і Паўла Сапегі, і іншых знакавых для раёна гістарычных асоб тут ва ўсіх на слыху: жыхары Ашмяншчыны пачынаюць па-сапраўднаму ганарыцца сваімі праслаўленымі землякамі, распавядаюць пра іх гасцям.
Гэта і ёсць, калі прыгадаць выступленне А.Кавалені, адзін з найбольш пажаданых вынікаў такіх мерапрыемстваў.А намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Валянціна Лузіна ўжо разважае над тэмай канферэнцыі 2008 года. Што ж, бывай да наступнай восені, Ашмяншчына гістарычная!

Андрэй КАШТАНАЎ
Мінск — Ашмянскі раён — Мінск
Фота Сяргея МАРОЗABA