Гульня ў лістапад?

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

У прадчуванні “без пяці хвілін дванаццаць”

/i/content/pi/cult/384/7598/2-1.jpeg

Афіша Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы да прэм'еры "Лістапад. Андэрсен" нікога не магла пакінуць абыякавым: Зінаіда Зубкова ды Генадзь Гарбук у вобразах Балерыны і Стойкага алавянага салдаціка. Як тут не прыйсці? Тым больш, што ставіў "казкі для дарослых" знаны Мікалай Пінігін.

Спектакль атрымаўся папраўдзе "для дарослых". А вось наконт яго "казачнасці" можна і паспрачацца, хаця відовішча - гарантавана. Касцюмаў, менавіта казачных, - безліч (мастак - Алена Ігруша). На сцэне - два вялізныя экраны замест задніка, на іх - што толькі раз-пораз ні ўключаецца: тэлерэклама, фрагмент праграмы "Контуры" за 7 лістапада, кніжныя ілюстрацыі, камп'ютарная графіка ды анімацыя, фінальная песня Людмілы Гурчанка з "Карнавальнай ночы", часам проста - каляровы фончык. Праўда, "кліпы" змяняюцца не так хутка, як пры шчоўканні пультам дома ля тэлевізара... П'еса Алены Паповай. Сямёра старых збіраюцца ў парку, які хутка зруйнуюць, і каб супакоіць дзетсадаўскую групу ў выкананні купалаўскіх "акселератаў", пачынаюць расказваць казкі. Андэрсена. Як аказваецца - пра саміх сябе. Але ў стылістыцы "квазітэатра масак", асвоенага артыстамі ў раней пастаўленым Пінігіным "Тэатры Уршулі Радзівіл...", толькі без таго размаху і оперна-балетных выбрыкаў.

Акцёрская ігра? Акрамя згаданых "масак", ёсць яшчэ "гаворачыя галовы", калі кожны са шматлікіх артыстаў, у залежнасці ад ступені натхнення, імкнецца ўнесці хоць якую долю выразнасці ды разнастайнасці. Відаць, галоўнай знаходкай становіцца паўтор фіналу першай дзеі ў пачатку другой. А гэта - канец казкі "Новае ўбранне караля": пад здзекліва-ўрачыстыя фанфары (музыка Андрэя Зубрыча) Кароль выходзіць на авансцэну ў бліскуча-залатых лісціках-стрынгах паверх балетнага бандажа. І ў кароне.

Паўтор такой сцэны вымушае ўсур'ёз задумацца, ці не "Дзень сурка" надышоў? А якія суадносіны гэтай кульмінацыі з далейшай, вырашанай праз "Пяць хвілін" Л.Гурчанка? Няма ў спектаклі таго філасофскага складніка, які, відаць, задумваўся. Што ж ёсць? Мо проста - стомленасць? Гэткая стомленасць майстра, якая, адпаведна, выклікае стомленасць праглядам "у чаканні"... ну хаця б чаго-небудзь!

Ды ўсё ж... Няпраўда, майстра! Мы не стаміліся чакаць ад вас пастановак узроўню "Тутэйшых", "Ідыліі", нарэшце, той жа "Пінскай шляхты". Навошта вы гуляеце ў той творчы лістапад, калі прырода таленту замірае ў прадчуванні "без пяці хвілін дванаццаць" - і хутка замест "карэты", запрэжанай конямі, узнікне "гарбуз"? Праўда, гэта ўжо не Андэрсен, а Перро. Дык, можа, ёсць надзея і на тое, што Прыгажуня, насамрэч, усяго толькі заснула? І гаючым "пацалункам", які верне яе да жыцця, стане адкрыццё тэатра пасля рэканструкцыі? Хацелася б верыць...

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"