Прэмія — на сумежжы з мадэрнам

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

Малады саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Канстанцін Геронік перамог на ІV Міжнародным пекінскім балетным конкурсе харэаграфічных школ: І прэмія!

/i/content/pi/cult/384/7596/1-4.gifПраўда, спачываць на лаўрах, вярнуўшыся дадому, танцоўшчыку не давялося. Конкурс завяршыўся 22 чэрвеня, наступным днём артыст рушыў у Мінск, а ўжо 24-га разам са сваімі калегамі паехаў у Нясвіж, дзе выходзіў з Кацярынай Алейнік у Па-дэ-дэ з "Дон Кіхота" на заключным гала-канцэрце "Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў". Думаеце, пасля той начной вандроўкі быў, нарэшце, адпачынак? Нясвіжская сцэна на адкрытым паветры стала для Косці, можна сказаць, "рэпетыцыйнай", бо акурат 25-га ён выконваў ужо не фрагмент з таго балета, а ўвесь спектакль цалкам - цэнтральную партыю Базіля, закаханага ў Кітры. Нарэшце, 27-га, адкінуўшы ўзнёслую рамантыку, пераўвасабляўся ў вострахарактарную партыю Мадэста! Проста "конкурсны" рэжым, да якога Героніку не прывыкаць! Тры гады запар ён паспяхова скарае найпрэстыжныя міжнародныя вяршыні, далучыўшы цяперашняе лаўрэацтва да нядаўніх перамог на конкурсах "Малады балет свету" ў Сочы і "Танцавальны Алімп" у Берліне.

- Конкурс у Пекіне, - распавёў Канстанцін, - быў адметны, найперш, выдатнай арганізацыяй і цудоўнымі ўмовамі, якія прадастаўляліся ўдзельнікам. Ён сабраў больш як 70 артыстаў з розных краін свету, і кожны, каго яны папярэдне адабралі, ехаў туды, жыў і харчаваўся бясплатна, за кошт прымаючага боку, бы гэта не конкурс, а фестываль. Да таго ж, за кожным замежнікам замацавалі валанцёра, які быў і перакладчыкам, і гідам. Але выбрацца на экскурсію так і не ўдалося, бо спаборніцтва было папраўдзе напружаным: 11 дзён, тры туры, у кожным - свая праграма. Намінацыя сольнага выканальніцтва, у якой я ўдзельнічаў, аказалася самай прадстаўнічай по колькасці ды якасці: узровень быў вельмі і вельмі высокім.

- Акрамя чатырох класічных варыяцый з балетаў "Сільфіда", "Карсар", "Дон Кіхот", "Полымя Парыжа", вы скарылі журы сучаснай мініяцюрай "Натхненне", якую ставіў для вас вядомы ўкраінскі харэограф Яўген Чарноў. Як вы з ім пазнаёміліся?

- Праз бацькоў. Яны ў свой час разам працавалі ў знакамітым ансамблі танца імя Паўла Вірскага. І яшчэ калі я заканчваў наш харэаграфічны каледж, дык на канікулах паехаў у Кіеў. Нумар быў пастаўлены літаральна за два дні, яшчэ тры - мы яго рэпеціравалі, штосьці ўдакладнялі, удасканальвалі, і цяпер ён у маім рэпертуары.

- Але ж Чарноў, я ведаю, працуе больш у эстрадным кірунку...

- "Натхненне" таксама вырашана на сумежжы мадэрна і эстрады, але тым і цікавае. Галоўнае - натхняе! І мяне, і гледачоў.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"